Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»
З супрацоўнікамі КДБ Надзейка сустракаўся ў Будапешце, дзе беларускія і расійскія спецслужбы пачуваліся ў бяспецы.

Падрабязнасці супрацоўніцтва з Камітэтам дзяржбяспекі грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Надзейкі паведаміў у рэпартажы «Nowa zimna wojna» («Новая халодная вайна») увечары 25 кастрычніка польскі тэлеканал TVP, піша «Позірк».
У рэпартажы расказалі, што Надзейка пераехаў у Польшчу з Гродна пасля падзей 2020 года. Пражываў у Беластоку, «шпіёнскую дзейнасць» ажыццяўляў, маскіруючыся пад кіроўцу таксі.
Знаёмая мужчыны на ўмовах ананімнасці паведаміла аўтарам рэпартажу, што пасля размоваў з Надзейкам да яе бацькі ў Беларусі прыходзілі супрацоўнікі КДБ. «Яны ведалі пра мяне ўсё. Што я была валанцёрам, што была ў палку (верагодна, гаворка пра Полк Каліноўскага. — «Позірк»)», — сказала яна.
«У яго была легенда, што ён такі бедны таксіст, у яго наогул няма грошай. Бачна было, як ён працуе — ён наогул не працуе», — адзначыла яна, падкрэсліўшы, што лад жыцця Надзейкі ўказваў на немалыя выдаткі: на арэнду аўтамабіля таксі, кватэры, «алкаголь кожны дзень, наркотыкі».
«Ён казаў, што раней займаўся кантрабандай цыгарэт. Казаў, што мае столькі грошай, што хопіць да канца жыцця», — паведаміла жанчына.
У сюжэце звяртаецца ўвага, што Надзейка пражываў у Беластоку ў «люксавых апартаментах у самым цэнтры горада», за арандаванае жыллё плаціў гатоўкай.
Будучы ўдзельнікам «Паспалітага рушэння» — спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, якая займалася ў Польшчы фізічнай і мілітарнай падрыхтоўкай беларусаў (спыніла дзейнасць у жніўні 2025-га) — мужчына перадаваў КДБ прозвішчы яе членаў, адзначаецца ў рэпартажы.
Паведамляецца, што з супрацоўнікамі КДБ Надзейка сустракаўся ў Будапешце, дзе ў часы праўлення прэм’ер-міністра Віктара Орбана беларускія і расійскія спецслужбы пачуваліся ў бяспецы.
Таксама ў сюжэце паведамляецца, што з КДБ супрацоўнічаў былы намеснік дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы Аляксандр Балан, затрыманы ў верасні 2025 у Румыніі. Месцам іх сустрэч таксама быў Будапешт, названыя супрацоўнікі беларускай спецслужбы, якія прыязджалі туды на аўтамабілі — Уладзімір Варажбітаў, Уладзімір Ярмак і Мікалай Дукшта.
Аб затрыманні Надзейкі і змяшчэнні яго пад варту на тры месяцы 10 верасня 2025 года паведаміла Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ). Адзначалася, што ён ажыццяўляў выведвальную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы і Венгрыі, а затрыманне беларуса стала вынікам «працяглай аперацыі, праведзенай АУБ сумесна з чэшскімі, венгерскімі, румынскімі і малдаўскімі спецслужбамі».
23 верасня 2025 года паведамлялася, што ва Уладзіслава Надзейкі знойдзены спіс суайчыннікаў, якія атрымалі ў Польшчы прытулак. Адзначалася, што на замову КДБ Беларусі мужчына сачыў за фігурантамі спісу, збіраў на іх дасье і перадаваў у Мінск.
Каментары