На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава
Ахвотнікаў забраць чужое жыллё было няшмат — усяго трое прэтэндэнтаў на дзве кватэры.

Як расказаў «Нашай Ніве» Аляксандр Азараў, улады прадалі з аўкцыёну яго арыштаваныя кватэры ў Мінску.
Адна з іх — аднапакаёўка плошчай 30,6 м² на вуліцы Карастаянавай, дзе прапісаны сам Азараў. Гэты аўкцыён па сутнасці не адбыўся. З'явіўся толькі адзін ахвотнік забраць сабе жыллё, забранае ў гаспадароў. У выніку ён заплаціў 151 тысячу рублёў ($54 тысяч па курсе на той дзень) і забраў ключы.


У другой кватэры, двухпакаеўцы плошчай 52,7 м² на вуліцы Скрыпнікава, былі зарэгістраваныя жонка Азарава і дзве яго непаўналетнія дочкі.
На гэта жыллё паклалі вока дзве асобы. У выніку яны разагналі цану з 220 тысяч рублёў да 231 тысяч рублёў. Гэта канчатковыя $82500.


Азараў расказвае, што абедзве кватэры набытыя падчас шлюбу, то-бок палова належала яго жонцы.
Таксама ў 2020‑м Азараў набыў на аўкцыёне ўчастак зямлі ў Беларусі, пра лёс якога ён цяпер нічога не ведае. Гэта 15 сотак пад Ракавам, дзе ён планаваў пабудаваць дом, ужо былі падведзеныя камунікацыі — вада, каналізацыя, святло. 7 жніўня 2020‑га на тым участку скончылі працу пад закладку фундамента.
У верасні таго ж года Азараў планаваў заліваць фундамент, а ў 2021‑м сям’я марыла засяліцца ў дом. Апошні раз ён чуў пра ўчастак якраз у 2021‑м — тады яму пісалі з сельсавета і патрабавалі пабудаваць дом да канца года, або зямля будзе канфіскаваная.
Навіну пра продаж кватэр Азараў прыняў без лішніх эмоцый: «Не шкадую ні аб чым. Бо жыву ў свабоднай дэмакратычнай краіне, дзе ў мяне і дзяцей ёсць вялікія магчымасці для жыцця і развіцця».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары