Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць
Святлана Ціханоўская дапускае зняцце асобных санкцый дзеля вызвалення палітвязняў, але пры гэтым яна заклікае захаваць палітыку непрызнання Лукашэнкі і еўрапейскія санкцыі. Пра магчымасці і межы кантактаў з рэжымам Ціханоўская расказала ў інтэрв’ю PolskieRadio24.

Асобныя санкцыі могуць здымаць дзеля вызвалення людзей
Ціханоўскую спыталі пра «двухбаковы» характар дзеянняў Захаду ў дачыненні да Беларусі: у Мінск прыбываюць амерыканскія пасланцы, санкцыі ЗША здымаюцца, а з іншага боку, санкцыі Еўрапейскага Саюза застаюцца ў сіле.
Ціханоўская падзякавала ЗША за дыпламатычныя намаганні, дзякуючы якім палітвязні выходзяць на волю, і выказала надзею, што гэты працэс працягнецца. Пры гэтым, паводле яе, Лукашэнка разглядае вызваленні як здзелку, а людзей — як «тавар» і прадмет гандлю.
«Мы, вядома, разумеем, што Аляксандр Лукашэнка ўспрымае вызваленне палітычных зняволеных як форму гандлю. Ён ставіцца да людзей як да тавару і разменных манет. Аднак мы заклікаем нашых амерыканскіх партнёраў не ператвараць гэтую гуманітарную тэндэнцыю ў палітычную. Палітыка непрызнання і ізаляцыі павінна працягвацца. Я разумею, што ў абмен на вызваленне палітычных зняволеных некаторыя санкцыі, магчыма, прыйдзецца зняць, але гэта не павінна стаць нормай», — сказала яна.
Ціханоўская патлумачыла сваю засцярогу рызыкай новых арыштаў:
«Такімі дзеяннямі мы не павінны заахвочваць рэжым браць новых закладнікаў і ператвараць гэтую практыку ў бясконцы гандаль людзьмі».
Амерыканскія і еўрапейскія санкцыі маюць розныя задачы
Паводле Ціханоўскай, амерыканскія санкцыі могуць быць інструментам перамоў пра вызваленне людзей. Еўрапейскія яна прапануе захоўваць дзеля больш глыбокіх перамен.
«Мы выпрацавалі формулу, паводле якой амерыканскія санкцыі могуць выкарыстоўвацца для таго, каб дамагацца вызваленняў, аднак значна мацнейшыя і больш эфектыўныя еўрапейскія санкцыі павінны захоўвацца дзеля больш глыбокіх перамен — увядзення сістэмных змен у Беларусі. Тым больш што, пакуль некаторыя людзі выходзяць на волю, значна больш людзей трапляе пад арышт», — заявіла яна.
Яшчэ адна прычына захоўваць санкцыі, паводле Ціханоўскай, — падтрымка Лукашэнкам расійскай вайны і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для гібрыдных атак на ЕС.
Яна перасцерагла ад вяртання да «нармальных адносін» з Лукашэнкам:
«Дык як жа мы можам нават казаць пра зняцце санкцый, калі ўсе гэтыя пагрозы захоўваюцца? Калі ўзнікне спакуса вярнуцца да «нармальных адносін», варта падумаць пра наступствы. Лукашэнка вас падмане. Ён будзе толькі браць, нічога не даючы ўзамен. Таму мы заклікаем Еўропу захоўваць свой цвёрды, жорсткі і прынцыповы падыход да Лукашэнкі: палітыку непрызнання, ізаляцыі і санкцый», — тлумачыць яна.
Асобна Ціханоўскую спыталі пра сустрэчу кіраўніка польскага МЗС з Максімам Рыжанковым на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
«Я не разглядаю сустрэчу міністра Радаслава Сікорскага з прадстаўніком нелегальнага рэжыму як крок да яго прызнання ці нечага падобнага», — адказала яна.
«Я разумею, што такая камунікацыя можа быць карыснай з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, асабліва таму, што колькасць мігрантаў на мяжы з Польшчай зменшылася. Анджэй Пачобут быў вызвалены — ён паехаў у Беларусь і бяспечна вярнуўся. Аднак гэта не азначае, што Лукашэнка змяніў свой падыход. Польшча, вядома, дзейнічае ў сваіх нацыянальных інтарэсах, але мы таксама павінны ўлічваць пагрозы для ўсяго Еўрапейскага Саюза, бо напады з удзелам мігрантаў працягваюцца на мяжы з Літвой і Латвіяй. У такіх сітуацыях салідарнасць і падтрымка паміж суседнімі краінамі маюць важнае значэнне», — дадала яна.
На яе думку, польскі міністр даў рэжыму пэўны крэдыт даверу, каб праверыць, ці прывядзе сустрэча да канкрэтных вынікаў.
«Паглядзім, які будзе кірунак дзеянняў ці адказ з боку рэжыму. Ці вызваляць чарговых людзей? Ці спыняць правакацыі на межах?» — сказала Ціханоўская.
Ціханоўская адзначыла, што еўрапейскія краіны маюць магчымасць кантактаваць з Мінскам.
«Вядома, існуюць каналы сувязі паміж еўрапейскімі краінамі і нелегальным рэжымам Лукашэнкі.
Таму, калі рэжым чагосьці чакае, ён мае магчымасць паведаміць пра свае намеры. Рэжым выдатна ведае, што ён мусіць зрабіць, каб санкцыі былі знятыя: вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі і вывесці Беларусь з вайны. Гэта ўсё», — сказала яна.
Пытанне больш актыўнага ўдзелу Еўропы ў вызваленні палітвязняў узнялі 73 былыя зняволеныя ў адкрытым лісце еўрапейскім лідарам. Яны заклікалі выкарыстоўваць «дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу», а таксама дамагацца спынення рэпрэсій.
-
Венядзіктаў: «У адным з абменаў, пра які гучна не казалі», Украіна вызваліла некалькі дзясяткаў беларускіх наёмнікаў
-
Памёр былы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык
-
Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР
Каментары