Цеплаход «Белая Русь» перавёз за сезон 717 пасажыраў, абсалютная большасць — замежнікі
Першых турыстаў сёлета судна прыняло на борт 11 красавіка. Навігацыя працягвалася да 17 кастрычніка.

Круізны цеплаход «Белая Русь» у навігацыйны сезон 2026 года здзейсніў 27 рэйсаў. Пра гэта паведамілі на прадпрыемстве «Дняпроўска-Бугскі водны шлях», піша БелТА.
Першых турыстаў сёлета судна прыняло на борт 11 красавіка. Навігацыя працягвалася да 17 кастрычніка. Запаўняльнасць рэйсаў склала амаль 99%.
«Мы перавезлі 717 пасажыраў, з іх 653 — замежныя грамадзяне. Астатнія — беларусы. У пачатку навігацыі, калі ўзровень вады быў дастатковым, «Белая Русь» хадзіла па маршруце Брэст — Мазыр (праз Нароўлю). У межанны перыяд, калі ўзровень вады зніжаецца, маршрут змяняецца на Брэст — Стахава — Брэст», — расказалі на прадпрыемстве.
Круізны цеплаход праходзіць па Дняпроўска-Бугскім канале, рэках Мухавец, Піна і Прыпяць. Круіз доўжыцца восем дзён (сем начэй).
«Продажы на 2027 год ужо пачаліся. Мяркуецца, што «Белая Русь» пачне курсіраваць з сярэдзіны красавіка», — адзначылі ў «Дняпроўска-Бугскім водным шляху».
«Белую Русь» спусцілі на ваду ў 2017 годзе. Гэта адзіны ў Беларусі круізны цеплаход, які мае 16 кают чатырох класаў — ад люкса да эканомкласа. На судне прадугледжана 27 асноўных і пяць дадатковых пасажырскіх месцаў.
Каментары