Свет

Алжыр адправіць свае войскі ў суседні Нігер. Там цяпер кіруе прарасійская хунта

Парламент Алжыра амаль аднагалосна ўхваліў адпраўку войскаў у суседні Нігер. Гэта стане першым выпадкам размяшчэння алжырскіх узброеных сіл за мяжой з 1970‑х гадоў. Рашэнне прынялі ў нядзелю, 25 кастрычніка, на фоне ўмацавання супрацоўніцтва дзвюх краін пасля прадухіленай спробы дзяржаўнага перавароту ў Нігеры, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Fateh Guidoum, File

Паводле заявы алжырскага парламента, прапанову падтрымала амаль уся большасць дэпутатаў абедзвюх палат. Канстытуцыя Алжыра патрабуе, каб адпраўку войскаў за мяжу ўхвалілі не менш як дзве траціны дэпутатаў кожнай палаты.

Улады пакуль не паведамілі, колькі вайскоўцаў плануецца накіраваць у Нігер і калі пачнецца аперацыя. Паводле афіцыйных заяў, місія будзе мець абмежаваны характар і будзе накіраваная на абарону алжырскіх інвестыцый, найперш энергетычных аб’ектаў дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Sonatrach.

Адносіны паміж Алжырам і Нігерам заставаліся напружанымі на працягу некалькіх месяцаў пасля таго, як у мінулым годзе Алжыр збіў беспілотнік, які заляцеў з боку Малі. Інцыдэнт выклікаў дыпламатычны скандал. Нігер разам з саюзнікамі — Малі і Буркіна-Фасо, якімі таксама кіруюць вайскоўцы, — адклікаў свайго амбасадара з Алжыра.

Пасля гэтага суседнія краіны пачалі аднаўляць адносіны і дамаўляцца пра паглыбленне супрацоўніцтва ў барацьбе з джыхадысцкім гвалтам, трансгранічнай злачыннасцю і кантрабандай. Паміж Алжырам і Нігерам праходзіць пустынная мяжа працягласцю каля 960 кіламетраў.

Супрацоўніцтва ў сферы бяспекі актывізавалася ў жніўні пасля таго, як у Нігеры ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту. У пачатку кастрычніка прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун абвінаваціў неназваныя дзяржавы ў змове супраць суседняй краіны і заявіў пра гатоўнасць «абараняць Нігер любой цаной».

Міністр абароны Нігера двойчы наведваў Алжыр. Падчас гэтых візітаў быў падпісаны пратакол аб вайсковым супрацоўніцтве, падрабязнасці якога цалкам не раскрываюцца. Алжыр ужо аказваў суседняй краіне вайсковую дапамогу, у тым ліку перадаў верталёты і чатыры знішчальнікі Су-30.

Важную ролю ў збліжэнні дзвюх дзяржаў адыгрываюць эканамічныя інтарэсы Алжыра, асабліва ў нафтагазавай галіне.

Дзяржаўная кампанія Sonatrach праз сваю даччыную структуру SIPEX інвестуе значныя сродкі ў Нігер. SIPEX займаецца праектамі на нафтавым радовішчы Кафра, якое знаходзіцца прыкладна за 85 кіламетраў ад алжырскай мяжы. Паводле ацэнак, на якія спасылаецца турэцкае агенцтва Anadolu, запасы гэтага раёна перавышаюць 2,5 мільярда бараляў нафты. Гэта робіць яго адным з найважнейшых замежных актываў Sonatrach. 13 жніўня кампанія пачала бурэнне новай свідравіны ў гэтым раёне.

Акрамя таго, Нігер мае стратэгічнае значэнне для праекта транссахарскага газаправода працягласцю больш за 4000 кіламетраў. Ён павінен забяспечыць пастаўкі газу ў Еўропу праз тэрыторыю Алжыра.

У чэрвені Алжыр пачаў работы на ўчастку газаправода, які праходзіць па яго тэрыторыі. Таксама краіна ўвяла ў эксплуатацыю электрастанцыю магутнасцю 40 мегават, прызначаную для забеспячэння электраэнергіяй сталіцы Нігера Ніямея і навакольных раёнаў.

Назіральнікі лічаць, што рашэнне аб магчымым размяшчэнні войскаў сведчыць не толькі пра імкненне абараніць нафтавую інфраструктуру, але і пра змену падыходу Алжыра да рэгіянальнай палітыкі. На працягу дзесяцігоддзяў краіна аддавала перавагу дыпламатыі і дыялогу і вельмі асцярожна ставілася да ваеннага ўмяшання за межамі сваіх тэрыторый.

Аналітык кансультацыйнай групы North Africa Risk Consulting Джэф Портэр адзначыў, што цяперашні крок адлюстроўвае змену курсу алжырскай палітыкі. Паводле яго ацэнкі, традыцыйныя інструменты ўплыву краіны — дыялог і міжнароднае права — на фоне сусветных змен страчваюць эфектыўнасць, што падштурхоўвае Алжыр да непасрэднай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне.

У Нігеры з ліпеня 2023 года ўлада знаходзіцца ў руках вайсковай хунты на чале з генералам Абдурахманам Чыяні. Ён зрынуў абранага прэзідэнта Махамеда Базума, які дагэтуль застаецца пад вартай. У краіне захоўваецца нестабільнасць і працягваюцца ўзброеныя напады. Вялікі ўплыў у краіне мае расійскі «Афрыканскі корпус», пры дапамозе якога мясцовым уладам у жніўні ўдалося задушыць спробу вайсковага перавароту.

Каментары

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла23

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць9

«Мы чакалі цябе». Як венесуэльцы сустракалі Марыю Мачада ВІДЭА3

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў68

Маленькага сына забітай у Ізраілі беларускі хоча забраць сям’я Алі, падазраванага ў забойстве. Дзед ідзе ў шарыяцкі суд14

Севярынец расказаў, як на з’ездзе БХД лавілі агентаў33

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»5

На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава5

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны1

Варонеж атакавалі дроны. У горадзе пажары8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла23

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць