Эканоміка11

Кітай абваліў сусветны рынак раскошы на 250 мільярдаў еўра. Louis Vuitton, Gucci і Hermès перажываюць цяжкія часы

Больш за дзесяць гадоў кітайцы былі адной з галоўных крыніц даходаў для брэндаў. Але сітуацыя змянілася.

Крама патрыманых рэчаў дарагіх брэндаў у Шанхаі. Фота: WANG GANG / Feature China / Future Publishing via Getty Images

Як піша Financial Times, шэсць найбуйнейшых еўрапейскіх люксавых груп — LVMH, Hermès, Kering, Richemont, Prada і Moncler — з пачатку 2026 года страцілі ў сукупнасці 251 мільярд еўра рынкавай вартасці. Найбольшыя страты панеслі LVMH, якой належаць Louis Vuitton і Dior, і Hermès. Іх капіталізацыя скарацілася на 131,6 мільярда еўра і 93,3 мільярда еўра адпаведна.

Кастрычніцкія фінансавыя справаздачы LVMH, Hermès і Kering аказаліся горшымі за чаканні аналітыкаў, хоць тыя ўжо раней панізілі свае прагнозы.

Адна з галоўных прычын — праблемы кітайскай эканомікі. Зацяжны крызіс на рынку нерухомасці і падзенне фондавых індэксаў прымушаюць нават заможных людзей асцярожней ставіцца да выдаткаў.

У трэцім квартале продажы адзення і вырабаў са скуры кітайскім кліентам LVMH па ўсім свеце скараціліся прыкладна на 15%. У Kering, якая валодае Gucci, Saint Laurent і Bottega Veneta, падзенне продажаў на кітайскім рынку склала 15—20%.

Цяжкасці адчувае нават брэнд Hermès, які традыцыйна лепш за канкурэнтаў перажываў эканамічныя спады. Сусветныя продажы яго гатовага адзення і аксесуараў знізіліся на 2%.

Сітуацыю ў Кітаі пагаршае і ўзмацненне падатковага кантролю над заможнымі грамадзянамі. Улады пачалі спаганяць 20‑працэнтны падатак з дывідэндаў і працэнтаў, атрыманых праз замежныя трасты. Адначасова кітайскі фондавы індэкс CSI 300 за чатыры месяцы страціў 19%.

Не ўсё добра і на амерыканскім рынку, які яшчэ ў пачатку года дапамагаў люксавым брэндам падтрымліваць продажы. На фоне падзення акцый і росту цэн на бензін амерыканцы таксама сталі менш траціць на дарагія рэчы. У ліпені, жніўні і верасні выдаткі на прадметы раскошы ў ЗША штомесяц былі як мінімум на 4% ніжэйшыя, чым годам раней.

Праўда, спад закрануў не ўсе катэгорыі дарагіх тавараў. Продажы знакамітых сумак Birkin і іншых найбольш дарагіх мадэляў Hermès выраслі на 10,8%. Добра прадаюцца і ювелірныя ўпрыгажэнні: Tiffany і Boucheron паведамілі пра двухзначныя тэмпы росту продажаў.

Гэта паказвае, што найбольш заможныя кліенты па-ранейшаму гатовыя траціць вялікія сумы, тады як кліенты з меншымі фінансавымі магчымасцямі сталі ашчаднымі.

Пакуль жа аналітыкі не бачаць прыкмет хуткага аднаўлення попыту на галоўных рынках. Таму вытворцам раскошы, якія яшчэ нядаўна актыўна пашыралі бізнэс у разліку на кітайскіх пакупнікоў, давядзецца засяродзіцца на скарачэнні выдаткаў і павышэнні эфектыўнасці, чакаючы вяртання кліентаў.

Каментары1

  • Ходас Фёдас
    27.10.2026
    [Рэд. Выдалена] русский понт дороже чем американский доллар

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»48

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

Усе навіны →
Усе навіны

«Першая думка — найлепшая». Экзаменатар — пра нюансы дзяржаўнага экзамену па польскай мове1

Джорджа Мелоні раскрытыкавала ЕС за хаос у перамовах па Украіне3

У Бабруйску запрашаюць на працу тыкток-стрымераў для вечаровых эфіраў. Колькі абяцаюць плаціць?4

Віталь Пінчук закінуў дэбютную шайбу ў НХЛ2

Кушнер раскрыў, пра што ЗША хочуць дамовіцца з Украінай і Расіяй у Абу-Дабі

Перамога дэмакратаў у ЗША напалохала інвестараў у ШІ. Фірмы на біржы Nasdaq страцілі 2,5 трыльёна, кампаніі Маска — 300 мільярдаў9

Доўгачаканае аднаўленне сядзібы паплечніка Касцюшкі ў Відзах-Лаўчынскіх абярнулася заменай драўляных сцен на керамзітабетон2

Трамп анансаваў маштабнае пагадненне, якое закране ўсю Еўропу8

Забарона на цукеркі можа прывесці да пераядання ў дзяцей. Што рабіць бацькам?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»48

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць