Грамадства11

«Я хачу развеяць міф, што я вельмі моцны чалавек, проста танк, бо многія ведаюць мяне з 2020-га». Размова з Галінай Казіміроўскай аб перамозе над цяжкім дыягназам

Што адчувае чалавек, знаходзячыся ў эміграцыі, калі чуе ад доктара дыягназ: «У вас рак вельмі агрэсіўнай формы»? Радыё Свабода пагаварыла з стваральніцай легендарнага «Вольнага хору», дырыжорам Галінай Казіміроўскай, якая змагаецца з гэтай бязлітаснай хваробай.

Галіна Казіміроўская ведала, што мае спадчынную схільнасць да анкалагічнай хваробы і «зламаны» ген, яшчэ шмат гадоў таму, жывучы ў Беларусі. Але страшны дыягназ напаткаў яе ў вымушанай эміграцыі, пасля пяці цяжкіх гадоў выжывання.

«Насамрэч увесь час у эміграцыі — гэта змаганне. Нічога само не даецца ў рукі. Папулярны «Вольны хор» — гэта агромністыя высілкі, шмат душэўных і фізічных сіл. І, магчыма, менавіта тое, што я так цікава і няспынна жыла, зашмат на сябе ўзяла, і справакавала мой арганізм. Ёсць такі выраз у хоры — «галенастоп». Мае дзеці нават прыдумалі адмысловы «дарожны знак», калі я ўжо зусім «задыхаюся» ў працы.

Я не скарджуся, гэта мой выбар, але, напэўна, нельга было столькі ўзваліць на свае плечы: «Вольны хор», хор «Канкордыя», музычная школа і шмат іншых праектаў — без выходных. Я не ведала, што такое адпачынак», — прызнаецца Галіна. Яна дадае, што нават у найцяжэйшыя перыяды хваробы, калі ў яе былі «выпады» з актыўнага жыцця, старалася быць «на сувязі».

Галіна Казіміроўская — вядомая беларуская харавая дырыжорка, кампазітарка, даследчыца і педагог. Шмат гадоў займаецца адраджэннем і папулярызацыяй беларускай музычнай спадчыны. У 2004‑м скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Яшчэ падчас вучобы стала мастацкай кіраўніцай аматарскага хору Concordia. Гэты калектыў больш за 15 гадоў выконвае разнастайны рэпертуар — ад барочнай музыкі да сучасных беларускіх твораў, актыўна гастралюе і ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях. У 2020 годзе падчас мірных пратэстаў у Беларусі Галіна Казіміроўская стварыла «Вольны хор». Яго ўдзельнікі знянацку з'яўляліся ў гандлёвых цэнтрах, на прыступках філармоніі, у метро і на вуліцах, выконваючы духоўныя і патрыятычныя беларускія песні. Праз пагрозу крымінальнага пераследу разам з сям'ёй яна мусіла з'ехаць з Беларусі ў Польшчу. У Варшаве заснавала і ўзначаліла Беларускую школу мастацтваў імя Міколы Равенскага, дзе дае працу творцам-эмігрантам і далучае беларускіх дзяцей і дарослых да роднай культуры. У пачатку 2026 года ў Галіны Казіміроўскай было выяўлена анкалагічнае захворванне.

На пытанне, ці мог паўплываць на імклівае развіццё хваробы суцэльны стрэс, праблемы, з якімі чалавек сутыкаецца ў эміграцыі, Галіна адказала так:

«Я не люблю ва ўсім шукаць сэнсы. Дрэнныя рэчы здараюцца. Гэта генетычнае захворванне, у мяне ёсць сястра, якая вядзе больш роўны, стабільны і спакойны лад жыцця, і ўсё адно яна захварэла. А хвароба не настолькі вывучаная, каб дакладна казаць, што паўплывала. Мы разумеем, што наша цела вельмі залежыць ад настрою, стрэсу — і можа «паляцець» усё, што заўгодна. Магчыма, трыгерам стала вельмі стрэсавае эмігранцкае жыццё, хоць я тут ужо больш за 5 гадоў.

Праўда, вельмі складана ўсё даецца: дзеці, школы, выжыванне, аплата кватэры, праца, шмат праектаў, увогуле не звязаных з грашыма, але я не магу іх не рабіць… Для мяне была адна з найцяжэйшых рэчаў падчас хваробы — што я марную жыццё, бессэнсоўна пражываю дні, тыдні. Для мяне такое балючае было гэтае марнаванне!» — прызнаецца Галіна.

«Хвароба дзесьці побач»

Яна кажа, што тады зразумела — трэба збавіць тэмп. І хоць цяпер ужо няма таго страшэннага дыягназу — рак, Галіна не можа дазволіць сабе расслабіцца і трымае руку на пульсе.

«Дактары толькі праз 5 гадоў скажуць мне, што я здаровая. Так што гэтая хвароба дзесьці побач, і ты павінна пільнаваць, кантраляваць яе. Мяне яшчэ чакаюць аперацыі, зараз праходжу імунатэрапію, яшчэ не пачалася нармальная рэабілітацыя. У мяне яшчэ не хапае сіл.

Але я не магу адмовіцца ад ніводнага з трох праектаў, якія раблю: «Вольны хор», хор «Канкордыя» і школа. Ужо маўчу пра сваю даследчыцкую дзейнасць. Вельмі спадзявалася, што, пакуль хварэю, займуся кнігай пра Міколу Куліковіча, ужо гатовы ягоны архіў — дзякуй Богу, паспела ў снежні да хваробы.

(Мікола Шчаглоў-Куліковіч (1893—1969) — беларускі кампазітар, музыказнаўца, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху на эміграцыі. Перад Другой сусветнай вайной жыў у Менску, быў адным з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжорам яго сімфанічнага аркестра. Ад 1944 года на эміграцыі ў Германіі, з 1950 года — у ЗША. Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. — РС).

Але толькі зараз у мяне галава вяртаецца, я магу ўжо думаць, разважаць, аналізаваць. На жаль, час хваробы быў змарнаваны, быў суцэльны туман», — шкадуе Галіна.

Яна шчыра прызнаецца, што ніколі раней не звяртала ўвагі на сваё здароўе — ні ў Беларусі, ні ў эміграцыі.

«У Варшаве ў мяне не было нават нармальнай страхоўкі, я не звярталася нікуды. А сёлета 4 студзеня сама наткнулася ў сваім целе на штосьці іншароднае, гэта не зблытаеш ні з чым. Нібыта цвёрды камень унутры. Калі я знайшла гэтую пухліну, яна была памерам 3 сантыметры.

Так, трэба праводзіць кантроль, сачыць за здароўем. Але ў маім выпадку агрэсіўнасць гэтай халеры была на 100%. Гэта азначае, што пухліна сфармавалася за некалькі тыдняў. Умоўна кажучы, я магла б у верасні прайсці мамаграфію, нічога не заўважыць, а ў снежні пухліна пачала б расці. Каму як пашанцуе. А яшчэ каму як пашанцуе, дзе яна знаходзіцца, наколькі глыбока. У мяне яна была звонку, наткнуцца было лёгка», — апавядае Галіна.

У яе не было вялікага досведу і кантакту з дактарамі ў Беларусі, але ў Варшаве ўсё робіцца вельмі хутка. Калі ёсць падазрэнне на анкалогію, чалавек звяртаецца да свайго сямейнага лекара, і той дае чароўную паперку, дзе напісана лацінскае слова cito. Што азначае — «хутка».

«Без усялякіх накіраванняў ты можаш пайсці ў бліжэйшы анкалагічны шпіталь (іх некалькі ў Варшаве). І сапраўды ўсё робіцца вельмі хутка. Усё звязанае з гэтай хваробай знаходзіцца ў «дзяржаўных руках». Можна зрабіць ультрагукавое даследаванне, аналізы ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Але галоўны аналіз — біяпсію — толькі ў дзяржаўнай установе. Вядома, ёсць розныя падыходы, можна даведацца пра іх, раіцца, але нельга рабіць ніякіх самастойных рухаў. Ёсць пратакол паводзінаў. І раю не рабіць нічога, што падказаў чацік GPT. Ніякай самадзейнасці, бо ўсё вельмі індывідуальна», — расказвае Галіна.

12 сеансаў «белай хіміі», 4 «чырвонай»

Галіна Казіміроўская апавядае, што ў Польшчы яна не мусіла шукаць ніякага «медыцынскага блату». Вынікі аналізаў з'яўляліся хутка. Калі выявілі пухліну — праверылі ўвесь арганізм, зрабілі МРТ усіх органаў. Найдаўжэй давялося чакаць вынікаў біяпсіі: 2—3 тыдні, бо даследаванне вельмі складанае. На ўсе аналізы спатрэбіўся месяц.

«А потым быў кансіліум, калі 10 анколагаў агучваюць твой дыягназ і шляхі, якія яны прапануюць. Ты задаеш пытанні, размаўляеш. Першая думка была: нейкая кепская штука ўва мне, проста зрабіце аперацыю, дастаньце, выкіньце! Але ў мяне быў такі від пухліны, што трэба было адразу рабіць агрэсіўную хімію. Раз на тыдзень даюць моцную дозу… Дзень-два быў вельмі цяжкі стан, я ніколі ў жыцці гэтага не забуду. Ты знаходзішся як быццам па-за жыццём. Баліць усё: цябе нібыта выкручвае, але недакручвае, ванітуе і як бы недаванітоўвае. Гудзіць галава, яна цяжкая і туманная, баляць усе органы і нервы, то халодна, то горача. І так 4—5 дзён.

А потым на 1—2 дні як бы «ўключалася святло» — хтосьці адпусціў цябе на зямлю! Неба блакітнае, трава зялёная: ты адчуваеш такое шчасце дыхаць, нармальна хадзіць, глытаеш паветра. Сіл, энергіі мала, але няма гэтага кашмару», — узгадвае першыя «белыя хіміі» Галіна.

Яна ад пачатку была не згодная з тым, што польскія лекары пайшлі на «агрэсіўную хімію», а не на аперацыю. Раілася з беларускімі, ізраільскімі дактарамі, з беларусам-анколагам, які цяпер працуе ў Польшчы. Але нарэшце пагадзілася, што гэта быў адзіны шлях: спачатку 12 сеансаў так званай «белай хіміі», а потым яшчэ чатыры «чырвонай».

«Белыя» сеансы адразу падзейнічалі, пухліна стала змяншацца, але ў лекараў ёсць пратакол. Пасля 12 «белых» былі 4 «чырвоныя хіміі» — мацнейшыя. Я называла іх «апероль» — у прэпарату памаранчавы колер, як у кактэйлю. «Чырвоную хімію» даюць раз на тры тыдні, бо яна больш ядраная, проста цябе забівае — яна «паклала» мяне зусім. Гэтыя 4 «чырвоныя хіміі» забралі ў мяне ўсё лета — я была ў неадэкваце», — прызнаецца Галіна.

Умовы правядзення «хіміі» такія: на адзін дзень пацыента кладуць у шпіталь. Палата на 2—3 асобы, зручны ложак са столікам, ёсць прыбіральня, маленькая кухня. А ўвечары пацыент вяртаецца дадому. Галіне апавядалі, што ў Беларусі на адной кушэтцы могуць сядзець тры чалавекі, якім уводзяць прэпарат, а прыбіральня — у канцы калідора.

Цудоўная доктарка Марыя

У Польшчы прэпараты хворым уводзяць праз адмысловы порт, які ўсталёўваюць пад ключыцу, пад скуру, расказвае Галіна Казіміроўская.

«То-бок прэпарат уводзяць не праз вены, якія хаваюцца і псуюцца. Тут «хімія» ідзе да сваёй мэты максімальна кароткім шляхам. Гэты порт дагэтуль у маім арганізме, бо яшчэ працягваецца імунатэрапія. Ты ўваходзіш у кабінет, табе кажуць: «Выпрастай плечы», табе трэба не скурчыцца, вельмі балюча, калі ўводзяць. Я плакала ад болю, як дзіця.

Першы раз мне не пашанцавала: кепска ўсталявалі гэты порт, я месяц вельмі цярпела ад болю. Думала, што, можа, так і трэба… У мяне даволі нізкі парог болю, мне баліць, нават калі бяруць з пальца кроў. Мабыць, я не прызначаная для хваробы. Цэлы месяц не магла спаць, на рэпетыцыях не магла падняць руку», — узгадвае суразмоўца.

Порт Галіне пазней пераставілі. За выключэннем лекара, які спачатку няўдала яго ўсталяваў, ад усіх астатніх дактароў яна ў захапленні.

«Мне вельмі падабаецца жанчына-хірург, якая мяне вядзе. Ёсць яшчэ анколаг-тэрапеўт, мы называем яе Ірэнка, хоць яна ўжо ва ўзросце. Ірэнка ходзіць на беларускія імпрэзы, вельмі нас падтрымлівае. Ніхто ні разу не ўпікнуў мяне, што я не полька. Вельмі добрае стаўленне: і тлумачаць, і размаўляюць.

Дзякуй маім сябрам, якія пазнаёмілі мяне з тэрапеўткай з Беларусі, якая працуе ў звычайнай паліклініцы. Мы называем яе «доктар Марыя». Яна беларускамоўная, разумная, адказная, проста неверагодная! Калі пачынаецца «хімія», усе старыя хваробы актывізуюцца. У мяне некалі былі мігрэні, і падчас хіміі яны сталі проста валіць мяне з ног. Марыя прапісала мне таблеткі новага пакалення, пільнавала мой арганізм, прызначыла аналізы, якія рэдка робяць. Гэта такая гульня — як у маім дзяцінстве: воўк з кошыкамі ловіць яйкі. Так і тут: наладзіла адно — «ляціць» другое. Марыя паглыблялася, капалася… Я жадаю кожнаму знайсці такую цудоўную доктарку Марыю», — гаворыць Галіна.

Суразмоўца расказвае, што ў эміграцыі мае адну апору — дзяцей. Малодшай дачцэ хутка 15, сыну 17. Для яе самым страшным момантам у жыцці было расказаць пра хваробу дзецям.

«Я спачатку закрылася, нікому не хацела казаць. І калі ўжо зразумела, што не магу ні працаваць, ні аплачваць рахункі, мая найбліжэйшая сяброўка кажа: «Давай шукаць грошы. Як ты будзеш жыць?»

Але для гэтага трэба было ўсім расказаць сваю гісторыю. А я не хацела зваротнай сувязі! Пытанне «Як у цябе справы?» ставіла мяне проста ў ступар. Нават мае родныя даведаліся пра хваробу, калі я абвясціла, што мне патрэбная дапамога. Дзеці даволі хутка ўзялі сябе ў рукі — і раптам сталі такімі дарослымі! Мой сын — гэта і бацька, і муж, і ўсё на свеце! Ён браў на сябе самыя адказныя функцыі, я нават не ведала, што ён так умее», — Галіна не хавае эмоцый.

Усе побытавыя пытанні — схадзіць у краму, прыгатаваць ежу, прыбрацца ў доме — ляглі на дзяцей, расказвае яна.

«Яны проста малайчынкі, узялі функцыю бацькоў на сябе. Я спадзяюся, што маральна іх гэта не падкасіла, наадварот, яны сталі мацнейшыя. У нас з дзецьмі вельмі адкрытыя адносіны. Я ж і накрычаць магла, мяне раздражнялі дробязі, але яны не крыўдавалі», — кажа Казіміроўская.

Пустыя марныя выразы

Галіна прызнаецца, што за час хваробы стала ў добрым сэнсе эгаістычнай. Цяпер вучыцца скіроўваць увагу на сябе.

«Калі чалавек проста захварэў на тыдзень-два — гэта адно. Калі баліць бясконца і не хапае ні цярплівасці, ні сіл — табе ўсё да халеры, ты па-за жыццём, у нейкім дурдоме. Былі людзі, якія ад усяго сэрца хацелі дапамагчы, але мне гэта зараз не трэба. Гэта складана, і гэта трохі разбалансавала людзей вакол мяне, якія казалі: «Пішы мне ўдзень і ўначы»», — расказвае яна.

Галіна згадвае, як на першую «хімію» паехала на машыне. Пасля працэдуры зразумела, што «паплыла», сядаць за стырно проста небяспечна. Патэлефанавала сябру: «Ратуй!»

«А калі мне пішуць уначы, а я з ложка ўстаць не магу! Я крычу дзецям, і яны мяне ратуюць. За выраз «Усё будзе добра» я гатовая была забіць! Адкуль вы ведаеце? Я ўчора была на працэдуры, а жанчына, якая апынулася побач, сказала, што падчас хіміі ў яе вырасла новая пухліна. Дактары не даюць гарантыі. Усе анкалагічныя аддзяленні вельмі дэпрэсіўныя, хоць вонкава ўсё прыгожа. Але тут такі боль! Жанчына прыйшла сюды другі раз, кажа: «За што? Я была тут дзесяць гадоў таму!» Камусьці словы падтрымкі, пазітыўныя фразы, спачуванне былі патрэбныя. Мне асабіста — не», — кажа Галіна.

Яна прызнаецца, што пераацэньвала свае сілы падчас хваробы, але хацела хутчэй акрыяць. Прызначала рэпетыцыі, бо ёй здавалася, што ўжо здольная працаваць. А назаўтра рабілася горш.

«Але людзі ж прыйдуць на рэпетыцыю! Вядома, лепш было гэтага не рабіць. Гэта мая дурная натура — бегчы і ляцець. У чэрвені ў мяне была першая «чырвоная хімія». У Варшаву прыехаў хор з Лейпцыга, гэта быў праект з хорам «Канкордыя» з 2021 года. 65 чалавек на сцэне, я павінна была дырыгаваць. Не змагла адмовіцца. На двары +35, у Доме культуры зламаўся кандыцыянер. Мяне ніхто не можа замяніць. Гэта вельмі складана далося, пасля кожнай рэпетыцыі я валілася з ног. Вельмі добры атрымаўся канцэрт. Але не такім коштам! Цяпер згадваю: «Якая я дурная!» Нельга так рабіць. Трэба даць сабе магчымасць і час хварэць.

Азіраючыся назад, разумею: трэба з галавой папрацаваць, не лезці паўсюль, а навучыцца адмаўляць і казаць «Не». Канца свету не будзе!» — прызнаецца Казіміроўская.

Пакуль у Галіны, як яна кажа, вельмі нізкі «каэфіцыент карыснага дзеяння», нават схадзіць у краму — гэта справа. Спрабуе знізіць звыклыя нагрузкі, планаваць.

«Я знаёмлюся з сабой нанова, не ведаю, як я вярнуся да сябе той, якой была раней. Пакуль у галаве я ўсё магу, а цела можа толькі частку — такі дысананс, канфлікт паміж галавой і целам. Я вельмі спадзяюся, што нават калі і вернецца энергія, у мяне хопіць мазгоў не вярнуцца ў гэты «вентылятар», нельга так жыць! Спадзяюся, у мяне хопіць розуму размеркаваць сваё жыццё інакш, а не класці яго на алтар усяго!» — кажа суразмоўца.

Пераасэнсаванне прыйшло, калі зімой сталі вядомыя вынікі біяпсіі. Доктарка паведаміла пра дыягназ, і ў Галіны выступілі слёзы.

«Яна кажа, што людзі, якія праходзяць праз гэта, — асаблівыя, ім дадзены шанец пераасэнсаваць сваё жыццё, калі ты знаходзішся побач са смерцю, з болем… Я падумала: няўжо я буду пераасэнсоўваць сваё жыццё праз нейкую дурную хваробу? Вядома, доктарка мела рацыю. Я паціху вяртаюся да працы, пачала рэпетыцыі «Вольнага хору». Вяртаюся да сябе — нармальнай Галі, якую я ведаю. Але дзеці і дом становяцца пераважнымі. І я вучуся хацець! За гэтыя гады я забылася, што магу хацець. Мне крыху перашкаджае мой перфекцыянізм: я хуткая, не хачу марнаваць час. Але зараз пераасэнсоўваю: не будзе канца свету, калі ты гэтага не зробіш», — дзеліцца думкамі Галіна.

«Эміграцыя — гэта зло»

Галіна Казіміроўская расказала, як пасля вымушанай эміграцыі пяць з паловай гадоў здымала з дзецьмі кватэру ў варшаўскім раёне Макотаў.

«Там ёсць сучасны квартал, які называюць «Мордар» — бо шмат шкляных офісных будынкаў. Усе вуліцы названыя ў гонар герояў кніг Толкіна, ёсць вуліца Гэндальфа, напрыклад.

Там усё аднолькавага колеру, нават дэкаратыўныя расліны сінхронна растуць. Нам з дзецьмі там не падабалася. У мяне было дзіўнае апраўданне: мы ж у эміграцыі, а эміграцыя — гэта зло, і нам не павінна быць добра. Утульна мне дома, у Беларусі, дзе ў нас вялікі дом у Астрашыцкім Гарадку, 15 сотак зямлі, а таксама хутар на Нёмане. Мае дзеці ніколі не жылі ў кватэрах. І тое, што мы жылі ў такім сучасным раёне і ў такой суперасучаснай кватэры, было памылкай. Зноў жа — не трэба было трываць», — расказвае Галіна.

Так атрымалася, што летам знаёмыя палякі, з якімі Галіна сябруе больш за 20 гадоў, здавалі кватэру ў іншым, больш традыцыйным варшаўскім раёне Старая Ахота. І яна пераехала.

«Гэта цэнтр, але такі зялёны-зялёны. У нас вялікі балкон. У сучасных раёнах часам шмат дэкаратыўных раслін, нібыта прыгожа — гартэнзіі, магноліі. А тут высачэзныя ліпы, бярозы і здаравенны дуб, яму гадоў 200. Кватэра вельмі ўтульная, светлая, такія заходы сонца! І ў мяне, і ў дзяцей вырвалася адначасова: «Як тут здорава!» Усе сябры і знаёмыя ведаюць, што я ненавіджу Варшаву, я пастаянна пра гэта казала. А тут я палюбіла новую Варшаву. Гаспадыня пытаецца: «Якія шторы вам падабаюцца, якая мэбля?» Мы можам выбіраць! У нас з'явіліся паліцы для кніг! Гэта так класна!» — расказвае суразмоўца.

Галіна прызнаецца, што хвароба падштурхнула яе змяніць лад жыцця. Раней яна прыходзіла дадому пасля цяжкай працы толькі начаваць. Яе задавальняў эмігранцкі мінімалізм: ёсць дах над галавой — і добра.

«Трэба было захварэць на рак, каб зразумець, што мне не падабаецца маё ранейшае жыццё настолькі, што я хачу яго змяніць. Трэба пакідаць сабе выходныя дні, абмежаваць працоўны час, выстаўляць межы, аддзяляць працу ад сяброўства, сям'ю ад працы. У Беларусі я любіла быць гаспадыняй, любіла гатаваць, але не была «героем Беларусі» і ратавальнікам усёй беларускай культуры — была звычайным чалавекам. Я і ёсць звычайны чалавек. Я не збіраюся займацца толькі хатняй гаспадаркай. Але тут я баланс згубіла, цяпер вяртаю яго. У мяне новае знаёмства з сабой. Я яшчэ ў працэсе выхаду з гэтай хваробы, спадзяюся, што горшае ўжо за спінай», — гаворыць Галіна.

І самае галоўнае — Галіна вяртаецца да музыкі. Яна расказвае, што, калі захварэла, з'явіўся страх, што яна страціла форму, не спяваўшы столькі месяцаў.

«У мяне ніколі не было такога вялікага перапынку ў музыцы — у нашых адносінах з ёю з дзяцінства. Музыкай я пачала займацца рана, у 6 гадоў ужо пісала першыя песні. Калі хварэла, не хацела ствараць музыку, каб яна не была запэцканая ракам. Зараз я вяртаюся да жыцця і ўваходжу ў музыку зноў. Музыка — гэта мая рэлігія, Яе Вялікасць Музыка, і трэба быць чыстай, каб заслужыць яе.

Я толькі пачала дакранацца да клавішаў, нешта спяваць. Але страхі былі — што я ўжо ніколі не буду здольнай. Спадзяюся, што я не страціла з ёю сувязі.

І яшчэ я хачу развеяць міф, што Казіміроўская — вельмі моцны чалавек, проста танк, бо многія ведаюць мяне з 2020-га.Але я звычайны чалавек, магу ператварыцца нават у анучу. Былі моманты, калі я толькі плакала, але не прасіла ў сусвету дапамогі: толькі дайце роўненька пажыць. Крыўдавала: «За што на мяне звалілася гэтая хвароба?» Але трэба жыць!» — кажа Галіна Казіміроўская.

Каментары1

  • Ну
    28.10.2026
    Спадарыня Галіна, Вы ўжо так многа для нас і для краіны зрабілі! Сапраўды прыйшоў час пажыць для сябе! Сіл Вам! Беражыце сябе!

Цяпер чытаюць

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос21

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай упершыню пацвердзіў падрыхтоўку сустрэчы Сі, Трампа і Пуціна

Ціханоўская пра ліст часткі былых палітвязняў: Такія адкрытыя лісты трэба пісаць Лукашэнку37

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна50

Вынеслі прысуд былому рэктару віцебскага ВНУ, які прыдумляў студэнтаў — вельмі лагодны

На выбарах у ЗША прайграла кангрэсвумен-украінка, якая галасавала супраць падтрымкі Украіны11

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска5

НАТА рыхтуе стратэгію ўдараў у глыбіню Расіі на выпадак атакі Пуціна4

Венгрыя праз 36 гадоў адкрыла архівы інфарматараў камуністычнай эпохі15

«Ён можа актывізаваць свае кантакты з Пуціным». Эксперты ацанілі наступствы паразы Трампа для Украіны і Еўропы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос21

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць