ФСБ Расіі затрымала 35‑гадовага грамадзяніна Швецыі Фрэдзі Мікаэля Столькранца Ліндхольма, які раней служыў ва ўкраінскай арміі. Расійскія спецслужбы сцвярджаюць, што ён незаконна перасёк мяжу Расіі, каб учыніць дыверсіі на вайсковых аб’ектах, паведамляе Руская служба «Радыё Свабода».

Паводле версіі ФСБ, са студзеня па чэрвень 2026 года затрыманы служыў па кантракце ў падраздзяленні беспілотных авіяцыйных комплексаў 24‑га асобнага штурмавога батальёна Узброеных сіл Украіны. У Расію ён нібыта прыехаў пад выглядам жадання ўступіць у расійскае войска, каб пасля здзейсніць дыверсіі.
На відэазапісе, апублікаваным ФСБ, затрыманы называе сябе Фрэдзі Мікаэлем Столькранцам Ліндхольмам.
Выданне «Агентство» знайшло відэаролік украінскага Цэнтра рэкрутынгу замежнікаў, апублікаваны ў лютым 2026 года. У ім чалавек, падобны да затрыманага, расказвае, што прыехаў са Стакгольма і вырашыў далучыцца да Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны.
Журналісты таксама знайшлі рашэнне ўкраінскага суда ад 22 чэрвеня. Паводле яго, поўны цёзка затрыманага быў аштрафаваны на 17 тысяч грыўняў (каля 380 даляраў) за з’яўленне ў вайсковай часці з прыкметамі алкагольнага ап’янення. З дакумента, паказанага ФСБ, вынікае, што за два дні да гэтага яго звольнілі з падраздзялення, бо ён не прайшоў выпрабавальны тэрмін.
Шведскі тэлеканал SVT звязаўся са сваякамі Ліндхольма. Яны пацвердзілі, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на баку Украіны і пэўны час знаходзіўся там. Адзін са сваякоў расказаў, што швед вярнуўся дадому пасля прыкладна шасці месяцаў службы, а нядаўна зноў выехаў ва Украіну. Чым ён займаўся пасля вяртання, сваяку невядома.
Прэм’ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан заявіў, што пакуль мае толькі інфармацыю са сродкаў масавай інфармацыі. Шведскія ўлады маюць намер высветліць абставіны затрымання.
У Расіі супраць Ліндхольма распачалі крымінальную справу за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. ФСБ таксама разглядае магчымасць выстаўлення яму абвінавачанняў у найміцтве і ўдзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.
9 кастрычніка намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў пасля затрымання ў Чарнагорыі заснавальніка праваеннага праекта «Рыбар» Міхаіла Звінчука заявіў, што Расіі, магчыма, давядзецца папаўняць «абменны фонд» за кошт грамадзян еўрапейскіх краін і ЗША. Пазней Звінчука, яго жонку і яшчэ трох супрацоўнікаў праекта выслалі з Чарнагорыі ў Расію.
Заснавальнік Z-канала «Рыбар» Міхаіл Звінчук вярнуўся ў Расію пасля затрымання ў Чарнагорыі
Заснавальніка «Рыбаря» выдвараць з Чарнагорыі. А заехаў ён туды праз Германію, нягледзячы на санкцыі ЕС
«Мы папярэджвалі»: Прэм'ер Чарнагорыі пракаментаваў затрыманне кіраўніка канала «Рыбар»
У Чарнагорыі затрымалі стваральніка Z-канала «Рыбар» Міхаіла Звінчука
Расійскіх агентаў з тэлеграм-канала «Рыбарь» заўважылі за правядзеннем здымак у Еўропе. Пасля выкрыцця яны ўцяклі
Цяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары