Свет44

Расійскіх агентаў з тэлеграм-канала «Рыбарь» заўважылі за правядзеннем здымак у Еўропе. Пасля выкрыцця яны ўцяклі

Супрацоўнікі канала «Рыбарь», які звязваюць з расійскімі спецслужбамі, праводзяць здымкі ў краінах Еўрасаюза, выкарыстоўваючы для гэтага розныя спосабы, каб не раскрываць сапраўдную мэту сваёй дзейнасці. Гэта раскрыла чэшскае выданне Seznam Zprávy.

Карэспандэнт Віталь Чашчухін (у шэрай куртцы) і аператар Ігар Далматаў непасрэдна перад тым, як уцякуць ад пытанняў чэшскіх журналістаў

Канал звязаны з былым супрацоўнікам прэс-службы Міністэрства абароны Расіі Міхаілам Звінчуком, вядомым пад псеўданімам «Рыбарь».

Чэшскія журналісты здолелі выкрыць людзей, якія працуюць са Звінчуком. Яны пераканалі іх, што могуць арганізаваць інтэрв’ю з экспертам па пытаннях медыяпісьменнасці і дэзынфармацыі Богумілам Картаўсам. Раней Картаўс атрымаў запрашэнне на такую размову. У ім гаварылася, што расійскі аналітычны цэнтр «Рыбарь» рыхтуе дакументальны серыял пра сучасную сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў Еўропе.

Матэрыял чэшскіх расследавальнікаў пераказвае расійскі незалежны тэлеграм-канал Astra.

Эксперту паведамілі, што здымкі праводзяцца не толькі ў Чэхіі, але таксама ў Францыі, Бельгіі, Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі, Сербіі, Босніі і Герцагавіне. Перад інтэрв’ю Картаўс атрымаў спіс пытанняў. У прыватнасці, яго збіраліся распытаць пра рост падтрымкі правых і еўраскептычных сіл у Чэхіі, а таксама пра магчымасць нармалізацыі адносін з Расіяй.

Паводле інфармацыі чэшскіх журналістаў, запыт на інтэрв’ю паходзіў ад расіяніна Барыса Дворкіна. Яго называюць рэжысёрам дакументальнага кіно, які супрацоўнічае з фондам «Гісторыя Айчыны». Гэтым фондам кіруе кіраўнік Службы замежнай разведкі Расіі Сяргей Нарышкін.

На сустрэчу з журналістамі прыехалі карэспандэнт Віталь Чашчухін і аператар Ігар Далматаў. Чэшскія журналісты здолелі іх ідэнтыфікаваць па відэазапісе сустрэчы. Паводле Seznam Zprávy, абодва маюць дакументы, якія дазваляюць жыць у Еўрасаюзе. Чашчухін раней працаваў з расійскімі тэлеканаламі «Известия», «Пятый канал» і РЕН ТВ.

Калі ўдзельнікі здымак зразумелі, што сустрэча была арганізаваная журналістамі, якія расследавалі іх дзейнасць, яны паспешліва пакінулі месца.

Паводле інфармацыі чэшскага выдання, прадстаўнікі расійскай прапаганды таксама спрабавалі атрымаць інтэрв’ю ў дэпутата Еўрапарламента Івана Давіда, чэшскага эксперта па пытаннях энергетыкі Уладзіміра Штэпана, былога кіраўніка вайсковай разведкі Чэхіі Андара Шандара і славацкага публіцыста Сама Марэца.

Пры гэтым за парушэнне санкцый, уведзеных супраць Міхаіла Звінчука і «Рыбаря», удзельнікам здымак у Чэхіі можа пагражаць да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Сёлета ў ліпені Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць кіраўніцтва і супрацоўнікаў Z-канала «Рыбарь», звязанага з Міністэрствам абароны Расіі. У лютым ChatGPT заблакаваў сетку, звязаную з гэтым каналам. Яе аўтары выкарыстоўвалі штучны інтэлект для распаўсюджвання крамлёўскіх наратываў на міжнародную аўдыторыю. Восенню 2024 года ўлады ЗША абвясцілі ўзнагароду да 10 мільёнаў даляраў за інфармацыю пра Telegram-канал «Рыбарь».

Каментары4

  • Крывадушша ЕС
    21.09.2026
    Пакуль простаму беларусу амаль немагчыма атрымаць шэнгенскую візу, крамлёўская ды лукашыская агентура свабодна швэндаецца па ЕС.
  • так
    21.09.2026
    Крывадушша ЕС, бо ў агентуры зусім іншыя магчымасці па-над законамі краін - і па вырабніцтву дакументаў, і прыкормленыя чыноўнікі ў кожнай краіне, і доступы да баз дакументаў. Таму ўсе гэтыя закручванні гаек б'юць па простым грамадзянам, а агентуры напляваць.
  • Спадар
    22.09.2026
    "-Чаму так у расіі жыць цяжка?
    - А вы на эўропы гэтыя паглядзіце?"
    😁 Мусіць, так трэба гэта разумець.

Цяпер чытаюць

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г3

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Усе навіны →
Усе навіны

Рыжанкоў: Беларусь гатовая аднавіць механізмы вайсковай сувязі з НАТА4

Літоўскі ўрад ухваліў забарону беларусам набываць жыллё каля стратэгічных аб'ектаў2

Швейцарскія ледавікі растаюць, за мінулы год страчаная рэкордная колькасць лёду. Чым гэта пагражае?3

Студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту81

Якія грыбы і ягады найбольш назапашваюць радыенукліды?3

Анжаліка Агурбаш расказала, чаму яе кінуў жаніх13

Ozon задумаў стварыць буйны лагістычны комплекс у Оршы8

Праз пагрозу дронаў перастаў хадзіць аўтобус з Навазыбкава ў Гомель1

БелАЗ выпрабоўвае самазвал з аўтаномным кіраваннем. Сам ён пад Лунінцам, а кіруюць ім з Мінска2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г3

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць