Прэс-сакратарка Белага дома прызналася, што не здала экзамен на атрыманне ліцэнзіі адваката
Кэці Закарыя, якая прыступіла да працы ў Белым доме ў панядзелак, раней заяўляла, што займалася юрыдычнай практыкай да прыходу ў палітыку. Трамп таксама прадстаўляў яе як адвакатку.

Новая прэс-сакратарка Белага дома Кэці Закарыя прызнала, што не здала экзамен на атрыманне ліцэнзіі адваката. Яе юрыдычная кар’ера да прызначэння на пасаду галоўнай прадстаўніцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа стала прадметам пільнай увагі грамадскасці, піша Бі-бі-сі.
Закарыя, якая прыступіла да працы ў Белым доме ў панядзелак, раней заяўляла, што займалася юрыдычнай практыкай да прыходу ў палітыку. Трамп таксама прадстаўляў яе як адвакатку.
У ЗША выпускнікі юрыдычных факультэтаў не маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю, пакуль не атрымаюць допуск да практыкі ў адпаведным штаце.
Падчас свайго першага брыфінгу 13 кастрычніка ў адказ на пытанне журналіста пра тое, у якім штаце яна здала экзамен, неабходны для атрымання статусу адваката ў ЗША, Закарыя ў прысутнасці Трампа сказала: «Калі я пераехала ў Кітай».
У пазнейшай заяве для прэсы Закарыя паведаміла, што «займалася міжнародным транзакцыйным правам, маючы ўсе неабходныя кваліфікацыі».
У Белым доме не ўдакладнілі, ці здавала яна экзамен на атрыманне ліцэнзіі адваката ў якім-небудзь са штатаў ЗША або іншых юрысдыкцыях.
У чацвер Закарыя ў інтэрв’ю Fox News прызнала, што не здала экзамен.
«Вы не здалі экзамен на атрыманне ліцэнзіі адваката, так?» — спыталі яе ў інтэрв’ю, якое выйшла позна ўвечары ў чацвер у праграме Hannity на тэлеканале Fox News..
«Так», — адказала Закарыя вядучаму Шону Хэніці.
Калі Хэніці ўдакладніў, ці спрабавала яна здаць экзамен паўторна, яна адказала: «Не, не спрабавала».
У 2011 годзе Закарыя атрымала юрыдычную адукацыю ва Універсітэце Пепердайн.
Пасля заканчэння вучобы яна пераехала ў Кітай, дзе працавала юрыстам у кітайскай юрыдычнай фірме.
Паводле яе слоў, ёй дазволілі называць сябе юрыстам, але параілі не выкарыстоўваць слова «адвакат».
Свой першы брыфінг Закарыя правяла 13 кастрычніка. Паводле ацэнак многіх журналістаў, ён аказаўся няўдалым. Выступ доўжыўся каля 15 хвілін і складаўся пераважна з пералічэнняў дасягненняў Трампа.
Падчас уступнага слова яна амаль не адрывала вачэй ад загадзя падрыхтаванага тэксту на паперы і ў цэлым гучала непераканаўча.
Пасля гэтага яна дала магчымасць задаць пытанні толькі тром журналістам, а затым сышла. Трамп пасля выступу сказаў, што, на яго думку, «яна выступіла вельмі добра».
У інтэрв’ю Fox News Закарыя заявіла, што ў яе было вельмі мала часу на падрыхтоўку, але яна лічыць, што справілася з задачай.
Каментары