Шакуючая страта года, таямнічыя знікненні, дыкпікі і дэпартацыі — асноўныя людзі і падзеі 2025 года
«Наша Ніва» згадвае, хто і што нас натхняла, шакавала, радавала, злавала, расчароўвала ў гэтым годзе.

Страта года — Мікіта Мелказёраў

Беларускі ютуб-блогер раптоўна памёр увечары 20 снежня. Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён быў самым папулярным беларускім інтэрв’юерам — на яго ютуб-канале «Жыццё-маліна» з амаль сотняй тысяч падпісчыкаў выходзілі гутаркі з беларускімі палітыкамі і селебрыці. Мікіта паказваў: у беларусаў хапае сваіх цікавых асоб. І гэта толькі адзін з яго праектаў. Мелказёраў у эміграцыі цалкам перайшоў на беларускую мову, паказваючы прыклад іншым.
Што здарылася з блогерам, пакуль невядома. Паведамлялася, што ўвечары 20 снежня Мікіту стала дрэнна. Ён адляжаўся, адчуў сябе лепш праз некаторы час. Затым устаў, пайшоў і страціў прытомнасць. 30 снежня ў Варшаве адбылося развітанне з Мелказёравым.
Справа года — справа Гаюна

У лютым сілавікі атрымалі доступ да бота «Беларускага Гаюна» — маніторынгавага канала, куды беларусы паведамлялі пра перамяшчэнне тэхнікі і прылёты дронаў. Спасылку на чат, куды перасылаліся паведамленні з бота, сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі. Невядома, колькі інфармацыі ім удалося выпампаваць і колькі інфарматараў «Гаюна» апазнаць. Праз пару дзён праект спыніў працу. ГУБАЗіК тады заяўляў, што такі крок нібыта змякчыць прысуды людзям.
Затрыманні па «справе Гаюна» прайшлі па ўсёй краіне. «Вясне» на дадзены момант вядома пра 127 чалавек, якіх узялі пад варту. Мінімум 78 чалавек ужо асудзілі па гэтай справе.
Працэс года — вызваленні і дэпартацыі палітвязняў

Сёлета ў выніку сустрэч амерыканскіх дыпламатаў з Лукашэнкам (у Мінску пабывалі пасланнікі Трампа Кіт Келаг і Джон Коўл) на волю выйшлі некалькі партый палітвязняў. Першую групу выпусцілі 21 чэрвеня — сярод іх былі Сяргей Ціханоўскі і Наталля Дуліна. Усіх вывезлі ў Літву. Гэтым жа маршрутам 11 верасня вывезлі 51 палітвязня (у гэтай групе былі Ігар Лосік, Зміцер Дашкевіч) — 52‑м павінен быў стаць Мікола Статкевіч, але ён выламаў дзверы аўтобуса і вярнуўся ў Беларусь.
Апошнюю на гэты момант групу (123 чалавекі) вызвалілі 13 снежня — большасць нечакана дэпартавалі ва Украіну (у тым ліку Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, Паўла Севярынца, Максіма Знака, Аляксандра Фядуту), яшчэ некалькі чалавек (разам з Алесем Бяляцкім) — у Літву.
На Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка згадаў, што амерыканцы прасілі яго дазволіць застацца людзям у краіне. Ён адмовіў.
Трагікамедыя года — знікла бульба

Вясной адбылася амаль немагчымае — у Беларусі здарыўся дэфіцыт бульбы. Людзі масава скардзіліся, што ў крамах немагчыма знайсці бульбу таварнага выгляду, а цэны падскочылі. Прапагандысты вінавацілі людзей у ныцці. «Ой, сем рублёў». — «Ды хоць па дваццаць, блін. Задзяўблі сваёй бульбай. Жэрці і жэрці абы, і толькі ныць з гэтай нагоды», — дзікім крыкам крычаў у эфіры Рыгор Азаронак.
Але ўлады праблему ў выніку прызналі. Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю разабрацца з сітуацыяй у гандлёвых сетках. У крамы адправілі насенную бульбу, каб справіцца з дэфіцытам. Пазней гандлёвыя сеткі, дзе бульбы не будзе, вырашылі штрафаваць.
Што ў Беларусі скончылася бульба, здзівіла і Пуціна — у Расіі сваю бульбу таксама з’елі і прадавалі імпартную.
Знікненні года — Анжаліка Мельнікава і Анатоль Котаў

Гэтыя таямніцы яшчэ трэба будзе раскрыць. Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку. З рахунка, на які прыходзілі грошы для КР і «Кіберпартызанаў» і да якога Мельнікава мела доступ, вывелі 150 тысяч еўра. Муж і дзеці жанчыны ў Беларусі, а дзе яна сама — невядома. След Анжалікі губляецца ў Дубаі. У некаторых пералётах Мельнікаву суправаджаў агент Аляксей Лабееў. Жанчына расказвала сяброўцы, што збіраецца з ім ажаніцца.

У жніўні знік Анатоль Котаў. Калісьці ён быў правай рукой Паўла Латушкі, але яны даўно разышліся. Апошнім часам Котаў працаваў у івэнт-агенцтве Terra Group. Ён прыляцеў у Стамбул, дабраўся да Трабзона і адплыў на прыватнай яхце ў Сочы. Больш пра Котава не чулі.
Дыкпік года — Андрэй Стрыжак

Скандал разгарэўся ў ліпені — некалькі актывістак абвінавацілі Андрэя Стрыжака, на той момант кіраўніка фонду «Байсол», у рассылцы дыкпікаў без згоды жанчын на тое. Андрэй прызнаў, што гэта было і неаднаразова, і сказаў, што мае сэксуальную залежнасць. У выніку Стрыжаку давялося пакінуць не толькі кіраўнічую пасаду ў «Байсоле», але і наогул працу ў фондзе.
Мем года — бухі Ігар

«Добры дзень. Мяне завуць Ігар, і я бухі іду дадому», — напісаў у Threads віцебчук і прачнуўся знакамітым. За лёсам Ігара Варахобава сачылі тысячы чалавек. Мужчыну спачувалі, за яго перажывалі, яго асуджалі і падтрымлівалі, і ўсё гэта з велізарным гумарам. Допіс цяпер мае 5 мільёнаў праглядаў.
Пазней розныя брэнды сталі прапаноўваць Ігару падарункі — і канапу, і боты, і піжаму. А ён звольніўся з завода і знайшоў працу ў сталіцы.
Салідарнасць года — Аляксей Хлястоў у таксі і экстранныя зборы на палітвязняў

Калі спявак Аляксей Хлястоў прызнаўся, што працуе ў таксі, беларусы ў сацсетках масава яго падтрымалі. І не толькі ў сацсетках — многія сталі пытацца, як замовіць таксі, каб за табой прыехаў менавіта Хлястоў. Спявак, які трапіў у «чорныя спісы» і не можа выступаць, правёў стрым для сваіх прыхільнікаў — 20 тысяч чалавек глядзела той эфір.

Калі ў верасні нечакана выйшла паўсотня палітвязняў, а ў снежні — больш за 100, беларусы таксама мабілізаваліся і сабралі ім дапамогу хутчэй чым за суткі. Для вераснёўскай групы ў выніку ўдалося сабраць 111 тысяч еўра, для снежаньскай ахвяравалі 250 тысяч еўра.
Вяртанне года — Сяргей Ціханоўскі

Вызваленне Сяргея Ціханоўскага стала для ўсіх вялікай нечаканасцю. Усе думалі, што прэтэндэнтаў у прэзідэнты, як сваіх галоўных ворагаў, Лукашэнка будзе трымаць у закладніках да апошняга. Але ў чэрвені Сяргей Ціханоўскі апынуўся на волі. Яго цяжка было пазнаць — блогер пры сваім высокім росце важыў усяго 79 кілаграмаў.
Яго вызваленне натхніла беларусаў. Ціханоўскі адразу вярнуўся ў медыяпрастору і заявіў, што рыхтуецца нанесці ўдар рэжыму. Ён падтрымаў Святлану і сказаў, што не будзе аспрэчваць яе лідарства.
Але скандалы, якія здарыліся пасля, прымусілі частку публікі расчаравацца. Напрыклад, Ціханоўскі быў незадаволены, што яму мала заданацілі. У Нью-Ёрку Ціханоўскі патрабаваў ад Святланы адмяніць інтэрв'ю CNN, каб застацца на сустрэчы з дыяспарай. Гучныя заявы пра ўдар таксама засталіся толькі на словах.
Канцэрт года — Макс Корж

Макс Корж даў вялікі канцэрт у Варшаве на 9 жніўня. На стадыёне сабралася каля 70 тысяч чалавек — квіткі раскупілі за тыдзень. Многія ехалі на канцэрт з Беларусі. Праўда, паводзіны фанатаў абмяркоўвала пасля ўся Варшава. На канцэрце затрымалі 109 чалавек, сярод іх было 13 грамадзян Беларусі. Беларусаў затрымлівалі за захоўванне наркотыкаў, спробу пранесці піратэхніку і падробку білетаў. Трох беларусаў дэпартавалі.
Супадзенне ці не, што канцэрт выпаў на гадавіну выбараў-2020, спявак не тлумачыў. Макс Корж цяпер жыве за мяжой — пасля публічных пагроз ГУБАЗіКа ён не вяртаецца ў Беларусь.
Прызямленне года — Вольга Бондарава

Прарасійская даносчыца аказалася не такой ужо недатыкальнай. У сакавіку Вольгу Бондараву пасадзілі на 13 сутак. Затрымалі яе па «экстрэмісцкім» артыкуле. «Нешта перапосціла ці што», — тлумачыў муж. Пасля сутак даносчыцу адлічылі з Педуніверсітэту.
Пазняк года — рэпер Пазнякс

Звычайны хлопец з Гродна запісаў песню пра гавайскую піцу і парваў інтэрнэт. Дзмітрыю Пазняку (псеўданім — pazniax) — 21 год. Яго трэкі нечакана сабралі мільён праслухоўванняў. Самы папулярны — «Гавайская піца». Дзмітрый любіць піцу з ананасамі — адсюль і назва. Сваю творчасць Дзмітрый успрымае як «камедыю назіранняў». Лічыць, што немалую ролю ў яго папулярнасць сыграў дысананс знешнасці і рэпу. Пазней Дзмітрый выпусціў з Мэйбі Бэйбі сумесны трэк «Жабінка-Гродна».
Таемнае вяселле года — Марына Васілеўская і Алег Навіцкі

Ні касманаўт, ні касмічная турыстка сваё вяселле не публічылі. Але ў СМІ інфармацыя пратачылася, а на руках Марыны Васілеўскай і Алега Навіцкага заўважылі парсцёнкі, падобныя да заручальных. Ёй 35, яму 54. Для абаіх гэта не першы шлюб. Навіцкі з былой жонкай быў у шлюбе амаль 30 гадоў. Але разышліся непалюбоўна — касманаўт выгнаў жонку зімой на вуліцу, забраў малую дачку.
Каментары
Даведаліся (хто не ведаў), што многія вядомыя беларусы - звычайныя людзі, са сваімі недахопамі і памылкамі. Гэта не змяніла сутнасць супрацьстаяння з тэрарыстычнай дзяржавай і разуменне, дзе праўда.
Свет, з дапамогай Трампа, стаў горш, бліжэй да дна, на якім дзяржава Беларусь.
Людзі горш не сталі. Мае суб'ектыўныя апытанкі не паказваюць такое пагаршэнне, як у апытанках сацыёлагаў. Захоўваюцца цёплыя адносіны да беларушчыны. Сапраўдная Беларусь жыве, пакуль ціха, ў сэрцах.