Belgee паказаў новы X50. Цяпер гэта бюджэтны красовер з атмасферным рухавіком і старым добрым аўтаматам
Навінка ўсяго на 700 рублёў даражэйшая за седан S50.

Coolray 3.0
Паўнавартаснай навінкай Belgee X50 назваць складана, бо фактычна гэта ўсё яшчэ даўно вядомы беларусам Geely Coolray, які пазней перайменавалі ў Belgee X50. Цягам двух гадоў гэты невялікі паркетнік быў самым прадаваным новым аўтамабілем у Беларусі.
Пазней у мадэлі выйшаў пераемнік Belgee X50+, а стары X50 у выніку перавыдалі ў спрошчанай версіі.
Галоўнае адрозненне тут у начынцы. Замест турбабензінавага рухавіка і рабатызаванай АКПП пад капотам у яго 1,5‑літровы атмасферны бензінавы рухавік з 4 цыліндрамі магутнасцю 122 к. с., які працуе ў пары з 6‑ступеньчатым класічным гідратрансфарматарным аўтаматам.
Такія самыя рухавікі і АКПП ставяць на седан S50. З прыемнага — рухавік прызначаны для працы на 92‑м бензіне. Вытворца абяцае сярэдні расход паліва ў змешаным рытме 7,2 літра на сотню.

Што яшчэ змянілася?
Але на гэтым эканомія не скончылася. Замест легкасплаўных дыскаў 17‑га дыяметру тут цяпер R16.
У машыны ўсяго дзве падушкі бяспекі, звычайныя галагенавыя фары, нават на падсветцы салона для задніх пасажыраў таксама сэканомілі. Абіўка багажніка цяпер пластыкавая.

Цана пытання
У выніку такая машына каштуе 58 900 рублёў (каля 19 500 даляраў), што ўсяго на 700 рублёў даражэй, чым каштуе седан S50 у базавай камплектацыі, які мае такі самы рухавік, але пры гэтым абсталяваны механічнай каробкай перадач. Belgee S50 у камплектацыі Comfort Plus каштуе ўжо ад 62 400 рублёў (каля 20 700 даляраў). Праўда, і камплектацыя там будзе багацейшая.
Што да X50, то аўтамабіль будзе даступны толькі ў камплектацыі Standard.
Але сціплая камплектацыя — гэта, бадай, не асноўны кампраміс, з якім трэба будзе змірыцца пры куплі гэтага аўто. Галоўны мінус — гэта дынаміка разгону і магутнасць рухавіка як такога.
Каментары