Схуднелы, у турэмнай робе, седзячы на мяжы Беларусі і Літвы, Мікола Статкевіч не мог дазволіць, каб у яго адабралі яшчэ і радзіму.

Два гады таму ЗША прыслалі самалёт і забралі ў дыктатара Нікарагуа 222 палітвязняў. Сёлета ў выніку перамоў з амерыканцамі аўтобусы МАЗ вывезлі з Беларусі 189 палітвязняў, якіх трымаў іншы дыктатар. Ніхто з іх не ведаў, куды іх грузяць. У адным з такіх аўтобусаў з чорным мехам на галаве ехаў і 69‑гадовы палітык і былы вайсковец Мікола Статкевіч. Яго, як і іншых, Лукашэнка планаваў абмяняць на запчасткі для свайго самалёта і некалькі ін'екцый лекаў для пахудзення. Але Статкевіч вызначыў інакш.
Мікола Статкевіч быў у групе палітвязняў, якую вывозілі ў Літву 11 верасня. Іншыя вязні, якія за дзень да гэтага сядзелі са Статкевічам у адной камеры, пасля раскажуць: рашэнне любой цаной застацца ў Беларусі ён прыняў яшчэ тады. Таму калі аўтобус праязджаў пункт пропуску «Каменны Лог», Статкевіч выбіў у ім дзверы і выйшаў.

Ён застаўся ў нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Некаторыя спрабавалі ўгаварыць яго вярнуцца, але Статкевіч быў непахісны. Ён сказаў, што выйсці збіраецца толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад улады Лукашэнкі, а цяпер хоча знаходзіцца са сваім народам у любых умовах. Палітык паспеў пазваніць сваёй жонцы, пазней яго забралі людзі ў масках. Цяпер Статкевіч зноў у зняволенні.
«Статкевіч — гэта не рамантык, а прагматычны, мудры палітык. Ён разважыў, што самае моцнае ўздзеянне будзе ў тым выпадку, калі ён зробіць так, як і зрабіў пазней. Па-першае, гэта вельмі вялікі міжнародны скандал. А па-другое, і гэта важней, такім чынам у Беларусі застанецца маральны лідар», — расказваў Сяргей Спарыш, які быў з ім у камеры за дзень да гэтага.
Учынак Статкевіча ўзрушыў многіх беларусаў. Адмовіцца ад выхаду на свабоду, ведаючы, якія катавальныя ўмовы цябе чакаюць за кратамі, заставацца верным сваім прынцыпам — гэта сапраўдны гераізм. Гэты ўчынак не быў спантанным парывам — на шосты год рэпрэсій відавочна, што чакае за такі дзёрзкі дэмарш.
Не ўсе могуць зразумець гэтую ахвярнасць — у наш час чалавечае жыццё і здароўе цэняцца высока, часам, магчыма, вышэй за абстрактныя ідэалы волі і годнасці. І захаваць сябе ў гэтыя змрочныя часы сапраўды надзвычай важна. Не ўсе гатовы быць героямі, ніхто і не павінен. Але менавіта такую адданасць, мужнасць, змаганне за лепшую будучыню сваёй радзімы людзі ўслаўлялі стагоддзямі, гэтыя ідэалы натхнялі і давалі надзею.
Сваім учынкам Мікола Статкевіч паказаў і яшчэ адну важную рэч — рэжым не гатовы дараваць іншадумства, не гатовы праявіць міласэрнасць. І выбар для нязгодных з палітыкай у сучаснай Беларусі, якія вырашаюць праявіць сваю пазіцыю, толькі такі — або за мяжу, або за краты. Без аглядкі на ўзрост і былыя заслугі.
Гэта не першы тэрмін за палітыку, які адбывае Мікола Статкевіч — яго саджалі і ў 2005, і ў 2010-м. У 2020‑м Статкевіча затрымалі 31 мая, калі ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай. Тады Статкевіч і Севярынец заклікалі ў сацыяльных сетках абараніць затрыманага напярэдадні Сяргея Ціханоўскага і далучацца да легальных пікетаў ва ўсіх абласных цэнтрах.
У снежні 2021 года Статкевіча асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пакаранне ён адбываў у Глыбоцкай калоніі. Туды ж яго і вярнулі пасля адмовы ад дэпартацыі.
Чацвёрты год запар людзьмі года «Нашай Нівы» становяцца палітзняволеныя. Сумны напамін, што рэпрэсіі трываюць і годныя і смелыя людзі вымушаныя праходзіць цяжкія выпрабаванні.
***
Хто быў чалавекам года «Нашай Нівы» ў папярэднія гады:
2024 — Андрэй Пачобут
2023 — гурт Tor Band
2022 — рэйкавыя партызаны Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў і Яўген Мінкевіч
2021 — Дар'я Лосік
2020 — Святлана Ціханоўская
2019 — Павел і Ганна Севярынцы
2018 — Марына Золатава
2017 — Павел Калаўр
2016 — Кацярына Сінюк
2015 — Святлана Алексіевіч
2014 — Франак Вячорка і іншыя папулярызатары вышыванкі
2013 — беларускамоўныя дзеці
2012 — Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў (за вяртанне ў краіну Статута Вялікага Княства Літоўскага)
2011 — Сяргей Міхалок
2010 — Мікалай Казлоў
2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы
2008 — Віктар Ганчарэнка
2007 — «маладафронтавец»
2006 — чалавек Плошчы
Каментары