Грамадства5757

Кучынскі — Кавалеўскаму: Адмаўляць заслугу Ціханоўскай, што пытанне палітвязняў у міжнародным парадку дня — ігнараваць відавочнае

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі раскрытываў Офіс Ціханоўскай за палітвязняў. «Фантазія і спроба прысабечыць вынікі, якія табе не належаць», — выказаўся ён пра іх удзел у вызваленні палітвязняў. Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі адказаў на гэтыя выпады.

«Мне здаецца, гэтыя выпады даўно перайшлі межы і канчаткова ператварыліся ў ad hominem. І гэта ўжо зусім не выглядае як спроба разабрацца ў сутнасці ці падыскутаваць, а як персанальная атака. Асабліва шкада, што гэта адбываецца з боку чалавека з дыпламатычным мінулым. Таму, на мой погляд, уступаць у дыскусіі такога кшталту — бессэнсоўна: яны сталі занадта асабістымі, — выказаўся Кучынскі. 

— Я пра гэта казаў Валеру неаднаразова — і публічна, і ў прыватных размовах пасля яго адыходу. Нават калі погляды ці тактыкі разыходзяцца, гэта не падстава апускацца да асабістых нападак».

Кучынскі адзначае, што добра разумее, як выбудаваны цяперашні гуманітарны працэс — якія існуюць правілы, якія выкарыстоўваюцца тактыкі і падыходы, дзе праходзяць чырвоныя лініі. «За апошнія 9 месяцаў я правёў значную колькасць часу і ў Белым доме (7 асобных сустрэч), і ў Дзярждэпартаменце, не кажучы пра тую камунікацыю і працу, якая вядзецца непублічна і дыстанцыйна».

«Ці з'яўляецца заслугай Ціханоўскай тое, што пытанне беларускіх палітвязняў знаходзіцца ў міжнародным парадку дня — у тым ліку амерыканскім? Адмаўляць гэта — значыць ігнараваць відавочнае. У многіх краінах ёсць палітвязні, але менавіта Беларусь атрымала такі ўзровень увагі. Гэта вынік сістэмнай працы цягам пяці гадоў — з лідарамі, урадамі, парламентамі і СМІ. Прымяншаць гэтую ролю — як мінімум некарэктна», — кажа Кучынскі.

Ён дадае, што перамовы пачаліся яшчэ пры адміністрацыі Байдэна, а Кавалеўскага ў камандзе на той момант ужо не было.

«Таму ягоныя ацэнкі — як саміх перамоў, так і ўнутраных настрояў — выглядаюць, мякка кажучы, неінфармаванымі. Ніякай «роспачы» ці «разгубленасці» не было, бо ў гэтым працэсе для нас не было нечаканасцяў — была канкрэтная праца, публічная і непублічная».

Кучынскі дадае: «Мы ніколі не сцвярджалі, што «кіруем», «дыктуем» ці «цалкам уплываем» на амерыканскі бок або іншых партнёраў — будзь то ЗША, Літва ці Іспанія. Мы знаходзімся ў сталай камунікацыі, кансультуемся, даносім свае пазіцыі і прапановы. І тое, што адбываецца пасля гэтых кансультацый і размоў, — гэта ўжо рашэнні партнёраў».

Кавалеўскі заявіў, што офіс прысабечвае сабе вынікі чужой працы.

«Гэтыя абвінавачанні не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю. Ніколі такой інтэнцыі не было, — кажа Кучынскі. — Вызваленне — гэта вынік складанай, шматузроўневай працы. І тут я яшчэ раз асобна хачу падкрэсліць ролю Злучаных Штатаў і асабіста спецпасланніка па Беларусі Джона Коўла, а таксама Крыса Сміта і Эндзі Бэйкера. Праца Джона Коўла — гэта шыкоўны прыклад высокапрафесійнай дыпламатыі. Менавіта дзякуючы яго намаганням гэты гуманітарны трэк атрымаў канкрэтнае ўвасабленне».

Кучынскі кажа, што не бачыў, каб Кавалеўскі ўдзельнічаў у дапамозе вызваленым палітвязням, калі іх вывозілі з краіны.

«Я прысутнічаў пры ўсіх шасці вызваленнях за апошнія 14 месяцаў. Пасля кожнага вызвалення дапамога арганізоўвалася і аказвалася праз ОСЦ, АПК, праваабарончыя арганізацыі і нашых міжнародных партнёраў. Кавалеўскага не было пры аніводным з гэтых вызваленняў. Ён не ўдзельнічаў ні ў лагістыцы, ні ў працэсах дапамогі з легалізацыяй.

Таксама я ніколі не чуў ад замежных партнёраў, каб ён адвакатаваў за далучэнне краін да Міжнароднага гуманітарнага фонду, створанага Ціханоўскай разам з Нарвегіяй. Сёння ў гэтым фондзе ўдзельнічаюць ужо 11 краін і туды ўнеслі пад 2 мільёны еўра дапамогі, і па сутнасці менавіта ён у значнай ступені забяспечвае крытычную падтрымку для аднаўлення жыццяў вызваленых палітвязняў за межамі Беларусі.

Пры гэтым я дапускаю, што Кавалеўскі мог асабіста рабіць данаты — і калі гэта так, то за гэта, безумоўна, дзякуй. Таксама магчыма, што людзі, якія побач з ім, заклікалі да падтрымкі і ўдзельнічалі ў зборах. Бо тых людзей, якіх я бачу разам з ім — Насту [Касцюгову], Волю [Гарбунову], Таню [Хоміч] — я ведаю і стаўлюся да іх з вялікай павагай. І не сумняваюся, што яны шукалі магчымасці дапамагчы палітвязням».

Кучынскі дадаў, што больш не хацеў бы вяртацца да гэтых дыскусій і выказаў тут асабістую пазіцыю, а не ўсяго Офіса.

«Пры ўсёй павазе да дзейнасці кожнага, няхай агенцтвы і іх агенты — будзь то агенцтва рэкламнае, турыстычнае ці эўраатлантычнае — робяць сваю справу, мы будзем рабіць сваю. Абы гэта сапраўды было на карысць дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі.

І няхай кожнага судзяць па іхніх учынках. Як казаў прэзідэнт Кенэдзі «У перамогі заўжды тысяча бацькоў, а параза заўжды сірата». Мы гатовыя адказваць як за перамогі, гэтак і за паразы».

Каментары57

  • .
    21.03.2026
    "агенцтва рэкламнае, турыстычнае ці эўраатлантычнае"...

    Не такі і просты той Кучынскі ;)
  • Алесь.
    21.03.2026
    Ці з'яўляецца заслугай Ціханоўскай тое, што пытанне беларускіх палітвязняў знаходзілася ў міжнародным парадку дня, у тым ліку амерыканскім, з 1996 па 2020 г.г.?
    Адмаўляць гэта — значыць ігнараваць відавочнае.
  • Где деньги, Зин
    21.03.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Марына Адамовіч апублікавала новыя ФОТЫ Міколы Статкевіча2

Марына Адамовіч апублікавала новыя ФОТЫ Міколы Статкевіча

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусь завезлі чырвоныя бананы. Што за яны?5

Трамп заявіў, што хоча браць удзел у кіраванні Іранам10

У Мінадукацыі патлумачылі, чаму ў медыцынскія ВНУ не будуць набіраць платнікаў3

Пасля Мінска кошт праезду ў грамадскім транспарце падаражэе і ў рэгіёнах

Расія збіраецца паставіць у Беларусі чатыры станцыі кіравання дальнабойнымі дронамі6

Ці могуць іранскія ракеты пагражаць Парыжу, Берліну і Лондану?

Беларуска хацела атрымаць у польскім банку іпатэку, а цяпер можа сесці на пяць гадоў7

Дрон, які заляцеў у Літву і там узарваўся, не быў зафіксаваны літоўскімі радарамі2

«Советская Белоруссия» адказала на прызнанне сябе экстрэмісцкай пакаянным лістом7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Марына Адамовіч апублікавала новыя ФОТЫ Міколы Статкевіча2

Марына Адамовіч апублікавала новыя ФОТЫ Міколы Статкевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць