Грамадства55

«Мы абняліся і ўсю дарогу ехалі ў абдымку». Беларусцы вярнулі дачку, якую бацька таемна вывез у Эстонію

Былы муж вярнуў беларусцы Алене Ш. чатырохгадовую дачку Дашу, якую ён таемна вывез праз Расію ў Эстонію ў канцы чэрвеня. Перадача дзіцяці адбылася ў суботу на беларуска-літоўскай мяжы — у пункце пропуску «Меднікі — Каменны Лог». У каментары для Onliner Алена расказала падрабязнасці гэтага рэдкага вяртання.

«Патэлефанавалі з паліцыі Эстоніі і сказалі, што дачка знаходзіцца дома ў бацькі»

Улетку стала вядома гісторыя Алены з Мар'інай Горкі. Яе былы муж насуперак забароне суда вывез іх агульную маленькую дачку да сябе на радзіму. 27 чэрвеня мужчына ўзяў дзяўчынку на прагулку а 11‑й раніцы, але да вызначанай сёмай гадзіны вечара так і не вярнуў. Усхваляваная маці адразу западозрыла нешта нядобрае: адносіны з былым мужам былі складанымі.

«Ужо тады былы муж даваў мне зразумець, што можа забраць Дашу ў Эстонію. Я выдатна разумела, што вярнуць яе ў Беларусь будзе практычна немагчыма, таму катэгарычна выступала супраць любых паездак і праз суд дамаглася забароны на выезд дзіцяці за мяжу без маёй пісьмовай згоды», — расказвала Алена.

У дзень, калі стала зразумела, што бацька знік разам з дзіцем, жанчына падняла на ногі ўсе ведамствы, якія маглі дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Аднак мужчына ўсё ж паспеў вывезці Дашу ў Расію, а адтуль пераправіў яе ў Эстонію праз пункт пропуску «Івангорад — Нарва». Толькі праз двое сутак пасля знікнення дачкі Алене патэлефанавалі з эстонскай паліцыі і пацвердзілі: дзяўчынка знаходзіцца ў доме бацькі.

Маці змагла ўбачыць дачку толькі праз дзесяць дзён пасля знікнення: былы муж звязаўся з ёй па відэасувязі, паказаў Дашу і сказаў, што вяртаць яе не плануе.

Адразу пасля вывазу дачкі Алена звярнулася ў міністэрствы юстыцыі абедзвюх краін — Беларусі і Эстоніі. І вось праз амаль тры месяцы разлукі і няведання яна нарэшце змагла абняць сваё дзіця.

Вяртанне. «Не паверыла, калі ён напісаў, што прывязе дачку да мяжы»

11 верасня эстонскі суд вынес рашэнне аб вяртанні чатырохгадовай Дар'і яе маці ў Беларусь. Бацьку прапанавалі добраахвотна перадаць дзяўчынку на працягу 14 дзён пасля ўступлення рашэння ў законную сілу.

У суботу, 19 верасня, у пункце пропуску «Меднікі — Каменны Лог» адбылася доўгачаканая перадача дзяўчынкі. Пра гэта Алена паведаміла ў сябе ў Threads, дзе ўсе гэтыя месяцы падрабязна дзялілася развіццём падзей.

— Алена, раскажыце, што адбывалася ўсе гэтыя месяцы? Што менавіта дапамагло вярнуць дачку дадому? Бо ваш выпадак па-свойму ўнікальны.

— Адразу пасля знікнення дачкі я падрыхтавала і накіравала пакет дакументаў у Мінюст Беларусі, а таксама прадублявала яго па электроннай пошце ў Мінюст Эстоніі. Паралельна знайшла эстонскага адваката, які падаў ад майго імя пазоў у суд аб вяртанні дзіцяці на падставе Гаагскай канвенцыі (Гаагская канвенцыя, прынятая ў 1980 годзе, — гэта міжнароднае пагадненне, створанае для таго, каб хутка вяртаць дзяцей дадому, калі адзін з бацькоў таемна вывез іх у іншую краіну без згоды другога). 21 ліпеня эстонскі суд афіцыйна зарэгістраваў пазоў і прызначыў першае пасяджэнне на 10 жніўня.

Алена прысутнічала на пасяджэнні па відэасувязі і бачыла на экране толькі перакладчыка. Паводле яе слоў, ужо тады суддзя дала зразумець: дзіця трэба вярнуць у Беларусь. Аднак пасля гэтага працэс некалькі зацягнуўся.

— Дачцэ прызначылі дзіцячага адваката — там гэта стандартная практыка. Ён прапанаваў нам з былым мужам заключыць натарыяльнае пагадненне на тэрыторыі Беларусі, прапісаўшы ўмовы вяртання дзіцяці і парадак далейшых зносін з бацькам. Але эстонскі суд патлумачыў, што ўсе асноўныя пытанні наконт лёсу дачкі (у тым ліку вызначэнне месца жыхарства) мае права вырашаць толькі беларускі суд, бо да вывазу дзіця тры гады жыла ў Беларусі. Паўнамоцтвы ж замежнага суда абмяжоўваліся выключна вяртаннем дзіцяці ў рамках Гаагскай канвенцыі.

Ды і заключыць пагадненне мы не маглі па шэрагу пытанняў, у тым ліку таму, што былы муж баяўся ехаць у Мінск. Таму, чакаючы рашэння, я пастаянна пісала ў Мінюст Эстоніі пра зацягванне тэрмінаў і нават звярталася ў парламент гэтай краіны.

Вердыкт, кажа Алена, абяцалі вынесці 7 верасня — акурат за тры дні да пяцігоддзя Дашы. Але з-за таго, што былы муж Алены своечасова не падаў інфармацыю пра тое, хто менавіта прывязе дзіця да мяжы — ён сам ці ягоны дзядзька, — дату зноў перанеслі.

— Не ведаю, што менавіта спрацавала — мае звароты ў Мінюст ці публікацыі ў СМІ, але 11 верасня суд абавязаў вярнуць дачку ў Беларусь на працягу двух тыдняў. Шчыра кажучы, я баялася, што былы муж зноў паспрабуе зацягнуць працэс, і была ў шоку, калі 17 верасня каля дзесяці вечара ён напісаў: у суботу, 19-га, ягоны сваяк прывязе Дашу да мяжы.

На наступную раніцу я адразу звязалася з нашым Мінюстам, адправіла рашэнне суда і напісала заяву, каб памежнікі прапусцілі дачку.

Да 11‑й раніцы я ўжо стаяла на мяжы з яе беларускім пашпартам і вельмі хвалявалася. Праз 40 хвілін патэлефанавалі памежнікі і сказалі: «Дзіця на нашым баку» — і ў мяне літаральна ўсё адлягло ад сэрца. Мы абняліся і ўсю дарогу ехалі ў абдымку.

Дома Даша адразу пабегла разгортваць падарункі — бо нядаўна ў яе быў дзень нараджэння, — а пасля сказала: «Мамачка, гэта мой самы лепшы дзень нараджэння!»

Паводле слоў Алены, сёння Даша ўжо пайшла ў дзіцячы садок.

— У нядзелю мы ездзілі ў Мінск: гулялі па горадзе, хадзілі ў кафэ з вожыкамі. Я хацела ўзяць яшчэ некалькі дзён адпачынку, каб пабыць дома разам з дачкой, але яна сказала: «Хачу да дзяцей!».

Відаць, вельмі засумавала па жывых зносінах. У садку дзеткі адразу акружылі яе і пачалі абдымаць… Напэўна, далася ў знакі ізаляцыя. Наколькі я зразумела, усе два з паловай месяцы яна, акрамя бацькі і ягоных сваякоў, больш ні з кім не бачылася.

Мне здаецца, за час нашай разлукі Даша вельмі падрасла і пасталела. Ці паўплывае гэтае выкраданне на яе псіхіку — пакажа час, трэба назіраць. Калі спатрэбіцца, абавязкова звернемся па дапамогу да дзіцячага псіхолага.

Каментары5

  • Жвір
    21.09.2026
    А чаму б не застацца ў нармальных стасунках і пасьля скасаваньня шлюбу, каб дзіця бачылася з бацькам, бывала ў яго, любіла яго ? Навошта ёй тая боль ? Дзеці ж зусім інакш перажываюць такія сямейныя калізіі, дарослым і ўявіць цяжка.
    З артыкула бачна, што гэта матчына ініцыятыва, разарваць і забыць, а ўчынак бацькі толькі пацьвярджае, што яму балюча, яму не ўсё роўна.
  • Мдэ
    21.09.2026
    Калі б мяне вярнулі з Эстоніі ў Беларусь я быў бы максымальна злы
  • Латэетныя геі
    21.09.2026
    Пытаннечка, знайдзіьўжо сабе мужчыну і адчапіся ад кабет.

Цяпер чытаюць

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй5

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

«Маё сэрца разбіта». Эд Шыран выбачыўся пасля скандалу з адхіленнем рэпера Маклмора праз прапалесцінскія лозунгі8

Блінчыкі з шакаладам, пельмені і не толькі. Чым кормяць школьнікаў у новым навучальным годзе4

Двое дзяцей прапалі ў Браслаўскім раёне, іх у лесе знайшла жанчына-грыбніца3

У міліцыі расказалі падрабязнасці пошуку хлопчыкаў з Бараўлян5

Украінцы ўдарылі па Маскве рознымі ракетамі і дронамі24

Памятаеце беларускую супермадэль Марыну Лінчук? Цяпер яна ладзіць рэтрыты ў Коста-Рыцы ад $5250 за месца11

Кіраўнік БАТЭ прыцягнуў на матч з мінскім «Дынама» іконы10

У беларускі два гады былі жудасныя прыступы болю ў жываце. Прычына аказалася даволі рэдкая9

На Форуме Астрожскіх у Кіеве абмеркавалі праблемы беларусаў ва Украіне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй5

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць