Вайна55

Баі ідуць ужо на Днепрапятроўшчыне. Якая сітуацыя каля Купянска, Пакроўска і Дабраполля

Расійская армія працягвае свой летні наступ ва Украіне, паступова захопліваючы невялікія населеныя пункты і звужаючы ўкраінскім войскам прастору для манеўру. Узброеным сілам Украіны дзякуючы пастаяннаму кантролю над полем бою з паветра і наяўнасці ў перадавых падраздзяленняў вялікай колькасці ўдарных дронаў да гэтага часу ўдавалася паспяхова стрымліваць націск буйных механізаваных злучэнняў. Аднак украінцам дагэтуль не ўдаецца адаптавацца да расійскай тактыкі нападаў малалікімі пяхотнымі і разведвальнымі групамі, якія часта прасочваюцца скрозь абарончыя пазіцыі, піша вайсковы аналітык Ілля Абішаў на Бі-бі-сі.

Украінскі вайсковец у Харкаўскай вобласці. Фота: Anatolii Lysianskyi/Ukraine's 127th Separate Brigade via AP

На многіх участках УСУ не могуць дазволіць сабе суцэльную лінію абароны, насычаную пяхотай, паколькі на адкрытай мясцовасці такія пазіцыі з'яўляюцца вельмі ўразлівымі. Гэтым карыстаюцца расійскія войскі, абыходзячы ўкраінскія баявыя пункты. Яны пранікаюць у тыл і назапашваюць сілы для новага ўдару.

Самая складаная сітуацыя для УСУ па-ранейшаму вакол Пакроўска, а таксама на Ліманскім кірунку і ў Харкаўскай вобласці ў раёне Купянска.

Але спачатку — пра сітуацыю на Паўднёваданецкім кірунку, дзе баі ўжо перакінуліся на тэрыторыю Днепрапятроўскай вобласці. У сераду ўкраінскі Генштаб пацвердзіў, што расійскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Днепрапятроўшчыны. Паводле яго інфармацыі, баі працягваюцца ў раёне вёсак Запарожскае і Новагеоргіеўка.

У паведамленні УСУ адзначаецца, што гэтыя населеныя пункты яшчэ не акупаваныя, а сілы абароны Украіны спынілі расійскае прасоўванне. На картах Амерыканскага інстытута вывучэння вайны і ўкраінскага аналітычнага партала DeepState пазначаны кантроль расійскай арміі над невялікім участкам поўдня Днепрапятроўскай вобласці — паміж Данецкам і Запарожжам.

Тут дзейнічае расійская групоўка войскаў «Усход», задачай якой з'яўляецца захоп рэшткаў тэрыторыі Данецкай вобласці на паўднёвы захад ад Пакроўска і стварэнне ўмоў для далейшага наступу ў кірунку Запарожжа ў абыход украінскіх умацаванняў па лініі Стэпнагорск — Арэхаў — Гуляйполе з поўначы.

У апошнія тыдні тэмпы расійскага прасоўвання на гэтым участку фронту былі вышэйшыя, чым на ўсіх астатніх. Расійскія войскі зрушылі вектар нападаў ад Новапаўлаўкі на поўдзень і працягваюць прасоўванне прыкладна на 30-кіламетровым адрэзку — ад Зялёнага гаю да Тэміраўкі, у кірунку Новаміхайлаўкі і Пакроўска. На асобных участках у іх атрымлівалася захопліваць да 5-7 квадратных кіламетраў у суткі — па мерках цяперашняй вайны гэта шмат.

Відавочна, што для УСУ небяспеку ўяўляе не столькі сам факт уваходу расійскіх падраздзяленняў у адміністрацыйныя межы Днепрапятроўскай вобласці — гэта хутчэй падстава для інфармацыйнага шуму, чым рэальная пагроза.

Куды больш надзённай для ўкраінскага камандавання з'яўляецца патрэба стабілізаваць усю лінію фронту на захад ад Данецка. Інакш узрастае нагрузка на злучэнні, якія абараняюцца на поўдзень, у раёне таго ж Гуляйполя. Узмацняецца ціск на іх лагістыку.

Расійская групоўка «Усход» атрымала сур'ёзныя падмацаванні і відавочна настроеная развіваць поспех, дзейнічаючы паводле прынцыпу «дзе тонка — там і рвецца». Для вайскоўцаў на полі бою адміністрацыйная прыналежнасць чарговага занятага імі сяла або лесапаласы не мае ніякага значэння.

Верагодна, даданне рэзерваў дазволіць УСУ адбіць чарговую расійскую атаку — па паведамленнях з месца падзей, на паўднёвым выступе Днепрапятроўскай вобласці расійскае прасоўванне ўдалося спыніць. Але развязанне лакальнай праблемы не здымае іншых выклікаў для ўкраінскага войска на Паўднёваданецкім і іншых кірунках.

Раён Купянска

УСУ так і не ўдалося ліквідаваць расійскі плацдарм на заходнім беразе ракі Аскол — ён пашырыўся настолькі, што расіяне ўжо ўшчыльную наблізіліся да Купянска з поўначы і пагражаюць перарэзаць асноўную трасу забеспячэння горада, якая вядзе на захад.

Паводле даных вайсковага аналітыка групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанціна Машаўца, перадавыя падраздзяленні расійскай 6-й агульнавайсковай арміі абыходзяць Купянск.

«Замацаваліся ў раёне гарадскіх могілак, запраўкі «Украўтагаз» і прасунуліся далей да Собалеўкі. Яны блізкія да выканання наступнай задачы — пераразанне дарогі на Чугуеў», — паведаміў Машавец.

На ягоную думку, неўзабаве баі прыйдзецца весці ўжо непасрэдна ў самім горадзе.

Карта абароны Купянска. Аўтар фота: Deepstate

Некаторыя расійскія блогеры ўжо сцвярджаюць, што баі ідуць непасрэдна ў Купянску. У Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны (ISW) не знайшлі гэтаму пацвярджэння; паводле іх інфармацыі, за мінулыя суткі расіянам не ўдалося прасунуцца.

«27 і 28 жніўня расійскія войскі атакавалі ў раёне самога Купянска; на захад ад Купянска — у раёне Сабалёўкі; на поўнач — у раёне Галубоўкі і ў кірунку Калодзезнага; і на паўночны ўсход — у раёне Каменкі», — піша ISW.

Сур'ёзнай перашкодай для наступлення расійскай арміі пад Купянскам з'яўляецца водная перашкода. Як вынікае з паведамленняў з месца падзей, праз удары УСУ расійскія войскі не могуць пераправіць цяжкую тэхніку і матацыклы праз раку Аскол, і ім даводзіцца перапраўляцца ўначы пешшу, па мелкаводдзі, групамі да 20 чалавек.

Ліман, Северск, Часаў Яр

Не слабее і расійскае наступленне на ўсход і поўнач ад Лімана — важнага апорнага пункта УСУ на Северскім кірунку. На геалакацыйных кадрах, апублікаваных 28 жніўня, двое расейскіх вайскоўцаў падымаюць сцяг у раёне Новаміхайлаўкі (на поўнач ад Лімана), што сведчыць пра тое, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся да паўночна-ўсходняй ускраіны населенага пункта.

Паводле звестак ISW, 27 і 28 жніўня расійскія войскі атакавалі раён Лімана з пяці кірункаў: з поўначы, паўночнага захаду, паўночнага ўсходу, усходу і паўднёвага ўсходу — у кірунку Ямпаля і ў раёне Северскага лесу. Расійскія вайсковыя крыніцы адзначаюць, што прасоўванню войскаў РФ у раёне Северскага лесу перашкаджаюць водныя перашкоды.

Расійскія войскі таксама наступаюць у кірунку самога Северска, спрабуючы абысці горад з флангаў, але за апошнія некалькі сутак ім не ўдалося прасунуцца.

Трывожная сітуацыя складваецца для УСУ і ў раёне Канстанцінаўкі — расійскія войскі наступаюць на горад з некалькіх кірункаў: з паўночнага ўсходу — з боку Часавага Яра, з паўднёвага ўсходу — з боку Тарэцка, з поўдня — з боку Шчарбінаўкі, і з паўднёвага захаду — з боку Яблынеўкі і Аляксандра-Калінавага.

За апошнія суткі пацверджанага прасоўвання расійскіх часцей не зафіксавана, але ў цэлым сітуацыя там для ўкраінскай арміі працягвае пагаршацца.

Расійская спроба прарвацца на поўнач ад Пакроўска ў кірунку горада Дабраполле захлынулася — зараз там працягваюцца жорсткія сустрэчныя баі. У той жа час расійская армія не адмаўляецца ад намераў цалкам акружыць Пакроўск і суседні Мірнаград, атакуючы з поўначы і паўднёвага захаду ў кірунку галоўнай трасы забеспячэння, якая злучае гэтыя гарады з Паўлаградам.

Таксама паведамляецца, што дыверсійна-разведвальныя групы 2-й агульнавайсковай арміі РФ занялі пасёлак Зверава на паўднёвы захад ад Пакроўска і пачалі паступова пранікаць у горад.

Цяпер перадавым расійскім падраздзяленням не ўдаецца назапасіць дастаткова сіл для паўнавартаснага штурму, паколькі яны вымушаныя весці баі за ўтрыманне ўжо захопленых раёнаў.

Зрэшты, няма і прыкмет таго, што УСУ атрымаецца неяк пераламаць сітуацыю — ім пастаянна даводзіцца адбіваць шматлікія расійскія атакі, перакідаючы рэзервы на самыя гарачыя ўчасткі фронту.

Каментары5

  • Миллион Ванек погибло, еще 2 - ранены
    30.08.2025
    Пытаннечка , Инфа 146%, Киев за три дня.
  • Здзiyлены
    31.08.2025
    Странно... На Хартии всу освобождают село за селом. А у Нашай Ниве наоборот...
  • Sinn Fein
    31.08.2025
    Ну потому что хартия уже не знает как глубже зермакам лизнуть . Для полноты картины на хартии разве что колонки Алексиевич не хватает, ах да , она ж бесплатно не пишет .

Цяпер чытаюць

Рэпрэсіі разганяюцца ці запавольваюцца? Давайце лічыць9

Рэпрэсіі разганяюцца ці запавольваюцца? Давайце лічыць

Усе навіны →
Усе навіны

«Гектар прыносіць каля $20 000». Буяковы фермер расказаў, як можна зарабіць на ягадах у Беларусі2

Трамп параўнаў Пуціна і Зяленскага з дзецьмі на пляцоўцы7

Начальнік расійскага Генштаба заявіў, што Расія будзе працягваць вайну17

У Фаніпалі 17-гадовая дзяўчына пайшла з дому і скончыла жыццё самагубствам7

Баксёр Аляксандр Усік гаварыў пра траўму спіны, а сам ліха вытанцоўваў на сцэне. Узнік скандал3

На амерыканскім фестывалі Burning Man упершыню зладзілі беларускі лагер4

Мерц: Мы ўжо знаходзімся ў канфлікце з Расіяй, Пуцін лезе ўсюды18

«Яе дзеянні інспіраваныя спецслужбамі». Павел Латушка даў жывы эфір і адказаў на абвінавачванні Вольгі Карпушонак у дамаганнях11

Баі ідуць ужо на Днепрапятроўшчыне. Якая сітуацыя каля Купянска, Пакроўска і Дабраполля5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэпрэсіі разганяюцца ці запавольваюцца? Давайце лічыць9

Рэпрэсіі разганяюцца ці запавольваюцца? Давайце лічыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць