Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале пракаментаваў учорашнія ўдары Расіі па Украіне, якія забралі некалькі дзясяткаў жыццяў.

«Ужо завершылася пошукава-выратавальная аперацыя ў Прылуках пасля расійскага ракетнага ўдару па пяціпавярховіку. На жаль, колькасць загінулых вырасла да 22 чалавек. Сярод іх пяцёра дзяцей. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім. Пяцьдзясят чатыры чалавекі пацярпелі, сямёра з іх — дзеці. Больш за 500 спецыялістаў экстраных службаў было прыцягнута на месцы. Дзякую кожнаму і кожнай. З учорашняга дня выратавалі 15 чалавек, у тым ліку 5‑гадовае дзіця», — напісаў Уладзімір Зяленскі.
«І пасля такога жорсткага абстрэлу расіяне працягнулі біць па нашых рэгіёнах. Раніцай Расія ўдарыла авіябомбай па звычайным прыпынку грамадскага транспарту ў Краматорску. На гэты момант вядома пра 12 загінулых. Увечары ў Кіеве два чалавекі загінулі ў выніку ўдару па жылым доме. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім загінулых. Яшчэ чатыры чалавекі параненыя, двое з іх — дзеці. На Адэшчыне ў выніку расійскай атакі дронам пашкоджаны прытулак для жывёл. Зноў пад ударам была энергетыка. Усяго ў выніку расійскіх абстрэлаў ёсць разбурэнні ў 10 абласцях», — напісаў прэзідэнт Украіны.
Каментары