Былы канцлер Германіі Герхард Шродэр прыехаў у Маскву ў дзень нараджэння Уладзіміра Пуціна
У дзень нараджэння Уладзіміра Пуціна былы канцлер Германіі Герхард Шродэр адправіўся ў Маскву на дзелавую сустрэчу ў якасці новага старшыні назіральнага савета нямецкай сеткі супермаркетаў «Глобус». І, магчыма, на сустрэчу са сваім даўнім сябрам Пуціным, піша BILD.

Нямецкая гандлёвая група «Глобус» кіруе дзясяткамі гіпермаркетаў і будаўнічых крам у Расіі. Многія заходнія кампаніі пакінулі краіну пасля пачатку вайны, але «Глобус» працягнуў працаваць. Шродэр, які ўвайшоў у назіральны савет кампаніі ў пачатку верасня, выступіў у Маскве з прывітальнай прамовай перад супрацоўнікамі, паведаміў ТАСС. Для яго таксама правялі экскурсію па адной з крам.
Ці браў Шродэр удзел у святкаванні дня нараджэння Пуціна, невядома. Ужо шмат гадоў яго лічаць найбліжэйшай нямецкай даверанай асобай крамлёўскага дыктатара.
Шродэр захаваў сяброўства з Пуціным і дзелавыя сувязі з Расіяй нават пасля нападу на Украіну, за што зазнае рэзкую крытыку ў Германіі, у тым ліку ў шэрагах сваёй партыі — Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі.
Каментары