Кіеў гатовы пашырыць моўныя правы нацыянальных меншасцяў. Узамен Будапешт абяцае разблакаваць перамовы з ЕС. Гэта можа пакласці канец халоднаму перыяду іх адносін, які гадамі тармазіў еўраінтэграцыю Украіны.

Будапешт абяцае зняць блакаванне двух наступных этапаў перамоў пра ўступленне Украіны ў Еўрасаюз. Умова — пашырэнне адукацыйных і моўных правоў нацыянальных меншасцяў, перадусім венграў Закарпацця. Вярхоўная Рада мае разгледзець адпаведны законапраект 12 кастрычніка.
Як піша ВВС, галасаванне ў Вярхоўнай Радзе запланаванае на 12 кастрычніка. Законапраект зарэгістравалі 1 кастрычніка спікер Руслан Стэфанчук і дэпутаты розных фракцый, у тым ліку апазіцыйных. Профільны камітэт падтрымаў яго аднагалосна.
Дакумент некалькі месяцаў узгаднялі з Будапештам і венгерскай супольнасцю Закарпацця. Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр ужо станоўча адгукнуўся пра прапанаваныя змены.
Паводле ВВС, у абмен на іх прыняцце Венгрыя абяцае разблакаваць адкрыццё двух перамоўных кластараў — блокаў пытанняў, па якіх краіна ўзгадняе ўмовы ўступлення ў ЕС. Гаворка пра «Унутраны рынак» і «Канкурэнтаздольнасць і інклюзіўны рост». Іх адкрыццё чакаецца на наступным тыдні ў Бруселі.
Гэта будзе наступны крок пасля чэрвеньскай дамоўленасці: тады Венгрыя разблакавала першы кластар — «Асновы» — у абмен на абавязацельства Кіева змяніць заканадаўства аб нацыянальных меншасцях.
Галоўная навіна законапраекта — увядзенне спецыяльнага статусу школы нацыянальнай меншасці. Як удакладняе Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, яго змогуць атрымаць школы, дзе больш за палову вучняў навучаюцца на мове меншасці, якая з’яўляецца афіцыйнай мовай ЕС. Паводле разлікаў міністэрства, прэтэндаваць на статус змогуць 149 школ — каля 1,2% усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны.
Для захавання статусу доля вучняў, якія навучаюцца на мове меншасці, павінна складаць не менш за 20%. Прадугледжваецца таксама магчымасць дубляваць на мове меншасці шыльды, школьную дакументацыю і, на заяву бацькоў, дакументы аб адукацыі.
Дадатковыя правы будуць датычыцца афіцыйных моў ЕС і моў карэнных народаў Украіны. На рускую мову яны не распаўсюджваюцца.
Паводле ВВС, выпускнікі змогуць папрасіць пераклад заданняў уступных выпрабаванняў на родную мову. Выключэнне — заданні па ўкраінскай мове і літаратуры, а таксама замежных мовах.
Пры гэтым украінская мова застаецца абавязковай часткай адукацыі. Для пашырэння пераліку прадметаў, якія выкладаюцца на ёй у адпаведным класе, спатрэбіцца пісьмовая падтрымка не менш як дзвюх трацін бацькоў.
Спрэчка вакол мовы навучання венграў Закарпацця цягнецца з часоў прэм’ерства Віктара Орбана. У 2023 годзе Украіна ўжо пашырыла правы меншасцяў, дазволіўшы навучанне на іх мовах разам з дзяржаўнай. Але Будапешт палічыў гэтыя змены недастатковымі. Патрабаванні захаваліся і пасля прыходу да ўлады Мадзьяра.
Новы законапраект можа зняць галоўную прэтэнзію Венгрыі, аднак ва Украіне застаюцца асцярогі адносна моўнай палітыкі. Дэпутат ад «Еўрапейскай салідарнасці» Уладзімір Вятровіч прапануе адначасова падтрымаць у першым чытанні комплексны законапраект аб падтрымцы ўкраінскай мовы.
Паводле яго, Украіна павінна «не толькі спехам прымаць фрагментарныя рашэнні аб мовах меншасцяў пад знешнім ціскам, але і весці паслядоўную і сістэмную моўную палітыку».
Каментары