Мужчына зарабіў больш за $8 мільёнаў на ШI-музыцы, якую сам жа круціў мільярды разоў праз фэйкавыя акаўнты
Амерыканец Майкл Сміт стварыў сотні тысяч песень з дапамогай штучнага інтэлекту і арганізаваў для іх армію фальшывых слухачоў. Толькі ў красавіку 2023 года ягоныя бот-акаўнты згенеравалі на YouTube Music 80,9 мільёна праслухоўванняў праз сямейныя тарыфы. Увесь каталог Тэйлар Свіфт у той жа месяц і ў той жа катэгорыі набраў каля 9,3 мільёна.

Музычныя стрымінгі даўно змагаюцца з накруткай праслухоўванняў. Але схема 54‑гадовага Майкла Сміта з Паўночнай Караліны вылучалася маштабам: ён выкарыстаў штучны інтэлект для масавага стварэння песень, а ботаў — для накруткі іх праслухоўванняў.
Паводле матэрыялаў справы, на якія спасылаецца Music Business Worldwide, з 2017 па 2024 год Сміт кантраляваў тысячы фальшывых акаўнтаў на Spotify, Apple Music, Amazon Music і YouTube Music. Яны аўтаматычна прайгравалі музыку, за праслухоўванні якой ён атрымліваў роялці.
Аднак круціць некалькі адных і тых жа песень мільёны разоў было рызыкоўна: платформы маглі заўважыць ненатуральную актыўнасць і выявіць накрутку. Таму Сміт размяркоўваў фальшывыя праслухоўванні паміж вялікай колькасцю трэкаў.
Для гэтага яму спатрэбіўся велізарны каталог. Паводле пракуратуры, Сміт выкарыстаў штучны інтэлект, каб атрымаць сотні тысяч песень. У выніку тысячы яго бот-акаўнтаў праслухалі іх мільярды разоў. Чым больш было трэкаў, тым менш падазрона выглядала статыстыка кожнага з іх.
У кастрычніку 2018 года Сміт сам апісаў логіку схемы ў электронным лісце: каб не выклікаць падазрэнняў, патрэбна было «вельмі шмат кантэнту з невялікай колькасцю праслухоўванняў».
На раннім этапе ён адправіў самому сабе па электроннай пошце разлік, паводле якога 1040 бот-акаўнтаў маглі ствараць каля 661 тысячы праслухоўванняў у дзень. Пазней, паводле пракуратуры, у асобныя перыяды адначасова працавала ўжо да 10 тысяч такіх акаўнтаў.
Маштаб накруткі добра паказвае адзін з прыкладаў, які прыводзіць пракуратура. У красавіку 2023 года ўвесь каталог Тэйлар Свіфт атрымаў на YouTube Music каля 9,3 мільёна праслухоўванняў праз сямейныя тарыфы. За той жа месяц бот-акаўнты Сміта праз такія ж тарыфы праслухалі яго музыку 80,9 мільёна раза — амаль у дзевяць разоў больш.
Сміта арыштавалі ў верасні 2024 года. Паводле пракуратуры, за час працы схемы ён атрымаў ад арганізацый, якія выплачвалі роялці, больш за 14 мільёнаў даляраў. Але не ўсе гэтыя грошы палічылі шкодай: пры яе разліку аднялі выплаты за сапраўдныя праслухоўванні яго музыкі, а таксама грошы, якія ён сам плаціў за акаўнты, што выкарыстоўвалі боты. У выніку бакі пагадзіліся на суме крыху больш за 8,09 мільёна даляраў.
Абарона падкрэслівала, што само па сабе стварэнне музыкі з дапамогай штучнага інтэлекту і яе публікацыя на стрымінгавых платформах не з'яўляюцца незаконнымі. Справа тычылася таго, што Сміт выкарыстоўваў тысячы фальшывых акаўнтаў для накруткі праслухоўванняў і атрымліваў за іх рэальныя грошы.
У сакавіку 2026 года Сміт прызнаў сябе вінаватым у змове з мэтай махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі. Пракуратура прасіла прысудзіць яму не менш за 46 месяцаў турмы, а абарона — абысціся без зняволення.
6 кастрычніка суд прысудзіў Сміту 18 месяцаў турмы і яшчэ два гады нагляду пасля вызвалення. Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго раней вызначаную суму ў парадку канфіскацыі.
І абвінавачанне, і абарона называлі гэтую справу першым у ЗША крымінальным пераследам такога тыпу. У ёй злучыліся дзве часткі адной схемы: штучны інтэлект дазволіў атрымаць сотні тысяч песень, а боты — стварыць для іх мільярды фальшывых праслухоўванняў.
Боты OpenAI атакуюць Вікіпедыю і выпрабоўваюць яе сістэмы бяспекі. Распрацоўшчыкаў ШІ абвінавацілі ў тэхнічным шкодніцтве
McDonald’s вінавацяць у тым, што ён з дапамогаю ШІ трымае высокія цэны для тысяч рэстаранаў
Штучны інтэлект расшыфраваў ліст Напалеона, які заставаўся загадкай 217 гадоў
Скандал на фотаконкурсе мікравыяваў Nikon: пераможцу западозрылі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту
Каментары