«Да апошняга не ведала, што кватэрнае пытанне можа вырашыцца». Мама тройні расказала, як наважылася прасіць жыллё ў Лукашэнкі
28 жніўня 25‑гадовая беларуска Ангеліна Камінская ўвадначас стала шматдзетнай маці: нарадзіла трох дзяўчынак вагой 2130, 2050 і 1940 грамаў. Як пры гэтым адначасова ёй удалося вырашыць і кватэрнае пытанне, жанчына расказала выданню «Анлайнер».

Праз два тыдні пасля родаў, 10 верасня, Ангеліна запісала відэа са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Там яна прывяла выразку з ягонага выступлення са словамі «Дарагія жанчыны, радзіце трох малых — і патрабуйце ад мяне што заўгодна» — і папрасіла жытло ў Мінску.
Відэа стала вірусным у сацсетках. А 26 верасня Ангеліна запісала ўжо іншы ролік — са словамі падзякі за тое, што «жыллёвае пытанне так хутка і добра вырашылася».
У падпісчыкаў тут жа ўзніклі пытанні пра падрабязнасці: абмяркоўвалі, будзе кватэра належаць сям'і ці гэта арэнднае жытло. Цяпер дакладна вядома: кватэра ў шматдзетнай сям'і ва ўласнасці, дом ужо пабудаваны, знаходзіцца непадалёк ад цэнтра, побач вялікі прыгожы парк для прагулак.
Як расказвае Ангеліна, у кватэры ўжо ёсць ламінат і нацяжныя столі, сцены падрыхтаваныя пад шпалеры. Сям'і таксама выдзелілі кухню з халадзільнікам, выцяжкай і плітой. Застаецца ўладкаваць пакоі і прывезці мэблю. Рабіць гэта з трыма малымі адразу на новым месцы бацькі не плануюць: спачатку хочуць падрыхтаваць жытло да пераезду. Але Новы год разлічваюць сустрэць ужо там.
«Я да апошняга не ведала, што кватэрнае пытанне можа неяк вырашыцца. Зварот быў зняты хутчэй наўдачу. Улетку я ўбачыла той самы ролік са словамі кіраўніка дзяржавы, плюс цяпер ідзе Год беларускай жанчыны. Калі я даведалася пра трох дзяўчынак, зразумела: гэта дакладна мой год. Вось так і склалася два плюс два.
Страшна было толькі ў той момант, калі я выкладвала відэа. А потым за дзесяць хвілін ужо набралася 10—15 тысяч праглядаў, я ўбачыла станоўчыя каментары, што мяне пачынаюць падтрымліваць. Дарэчы, было шмат рэакцый з іншых краін: Расіі, Казахстана. І я зразумела, што зрабіла ўсё правільна.
А калі пачалі з'яўляцца відэа іншых жанчын, якія, магчыма, набраліся смеласці пасля мяне, адчула, што падняла нейкую важную тэму», — расказвае Ангеліна.
У каментарах пыталіся і пра тое, навошта нараджаць, калі ў сям'і няма ўласнага жылля. Ангеліна нагадвае: рашэнне завесці дзіця супругі прымалі з улікам сваіх магчымасцяў. Проста колькасць будучых дзяцей аказалася нечаканай. Да ідэі спачатку абавязкова купіць кватэру, а ўжо потым станавіцца бацькамі яна ставіцца скептычна.
«Мы планавалі адно малое і разумелі, што справімся. Калі дзеці нараджаюцца па чарзе, ты сам робіш выбар: нараджаць, не нараджаць, разумееш сваё фінансавае становішча. Але тут адразу трое. А калі будуць нараджаць толькі тыя, у каго ўжо з'явілася кватэра, гэта будзе ў 40+. Ну праўда, хто з моладзі цяпер наогул без дапамогі можа дазволіць сабе купіць кватэру? На жаль, я такіх людзей не ведаю».
Некаторыя каментары пераходзілі межы звычайнага абмеркавання. Ангеліна ўзгадвае прапановы пакінуць адно дзіця замест траіх. Такія словы яе злавалі. Але агулам сваю аўдыторыю яна па-ранейшаму лічыць добрай, якая падтрымлівае.
«Калі ты хочаш бачыць добрае, ты будзеш чытаць добрае. Бачу негатыўны каментар — прагартаю, бо на адзін негатыўны дзесяць станоўчых. Калі малыя нарадзіліся і я была з імі адна, у мяне нават не было часу чытаць і рэагаваць. Магла засмуціцца, падумаць: «Блін, якія ж злыя людзі». А потым адна з малых мне ўсміхалася, і я разумела, што ў мяне ёсць тое, чаго няма ў людзей, якія праяўляюць гэтыя злосць і жоўць. Ім магу толькі пажадаць гэтага шчасця, і ўсё».
Цяпер Ангеліну рэгулярна пазнаюць на вуліцы — часам нават не яе саму, а вазкі, якія засвяціліся ў навінах.
«Усе гавораць толькі станоўчыя і добрыя словы. Ніхто ў наш бок яшчэ не пляваў, — смяецца дзяўчына. — Спадзяюся, такога ніколі і не будзе».
Лукашэнка згадаў беларуску, якая нарадзіла тройню і атрымала кватэру
Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё
Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску
Беларуска нарадзіла тройню — усе дзяўчынкі. Цяпер просіць у Лукашэнкі кватэру ў Мінску, бо Год беларускай жанчыны
Каментары
дык - вя-дома - настолькі мяр3%тнае адценне зялёнага рэдка пабачыш
- мам, а гэта праўда, што ў беларусаў мата [расейскага прымітыўнага] не было?
- канечне праўда. беларусы кажуць - "а каб цябе воўк", "а каб цябе качкі затапталі" і да т.п. быццам бы добра? так?
але ведаеш што... гэта... каму-як сказаць...
можна так сказаць, што й качкі літаральна затопчуць