Грамадства11

«Мы рэкамендуем не хлусіць». Дарадца Ціханоўскай расказаў пра пра поспехі і праблемы з легалізацыяй беларусаў у розных краінах

У ЗША не паляпшаецца сітуацыя з міграцыйным пераследам беларусаў, у Польшчы ўсё часцей чуваць пра выпадкі адмоў у міжнароднай абароне, але ёсць і краіны, дзе пагаджаюцца на паслабленні ў дачыненні грамадзянаў Беларусі. Пра праблемы, добрыя навіны і пытанні, над якімі вядзецца праца, у праграме тэлеканала «Белсат» «Наш дзень» расказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Акцыя пратэсту супраць скарачэння аб’ёмаў выдачы міжнароднай абароны беларусам. Варшава, Польшча. 26 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Акцыя пратэсту супраць скарачэння аб’ёмаў выдачы міжнароднай абароны беларусам. Варшава, 26 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Міграцыйная сітуацыя ў ЗША

За 8 месяцаў 2026 года ў Штатах затрымалі і змясцілі ў адмысловыя турмы каля 90 беларусаў, якія знаходзіліся ў звычайным міграцыйным працэсе і не парушалі заканадаўства.

Леанід Марозаў звязвае гэта з агульнай хваляй больш жорсткага падыходу ЗША да міграцыйнай палітыкі. Паводле яго, у складаных пытаннях, звязаных з палітычнымі пытаннямі, Офіс Святланы Ціханоўскай падключаецца да дапамогі суграмадзянам, перадае аналітыку па сітуацыі ў Беларусі. Марозаў адзначае, што ў некаторых справах далучаецца асабіста і выступае сведкам на судзе.

Таксама ёсць выпадкі, калі беларусы аказаліся ў міграцыйнай турме за крымінальнае злачынства. Некалькі чалавек ужо дэпартавалі ў Беларусь, ці прынамсі ў іх справах выдалі адпаведныя пастановы. Кожны з такіх выпадкаў прадстаўнікі дэмсілаў разглядаюць асобна, дадае юрыст.

Яшчэ адно пытанне — сітуацыі, калі людзі просяць палітычны прытулак ці міжнародную абарону, а падстаў на гэта не маюць. Такіх выпадкаў мала, адзначае Марозаў, але звычайна заяўнікі намагаюцца «хлусіць на першым этапе, не маючы доказаў ці сведкаў».

«Яны пачынаюць дасылаць дакументы нам і прасіць нешта ў дадатак. Мы, безумоўна, правяраем кожны кейс, наколькі гэта праўда, — расказвае дарадца Ціханоўскай. — Некаторыя беларусы несумленна сябе паводзілі і дасылалі, напрыклад, падробленыя праз АІ дакументы аб арышце ў Беларусі. Былі дакументы пра тое, што чалавек — валанцёр у той ці іншай НДА, праваабарончай арганізацыі, што таксама не з'яўлялася праўдай. Мы, канешне, рэкамендуем не хлусіць».

Беларускія дэмсілы выйшлі на сувязь з «некаторымі буйнымі юрыдычнымі фірмамі» ЗША, каб тыя дапамагалі Pro bono (бясплатна, «дзеля грамадскага дабра»). Паводле Марозава, адна з кампаніяў пагадзілася, цяпер Офіс рыхтуецца перадаць спецыялістам некаторыя выпадкі беларусаў.

«Дальнія» краіны Еўрасаюза

Больш простая, зразумелая і ўжо больш-менш уладкаваная сістэма з легалізацыяй беларусаў — у краінах Еўропы, адзначае Марозаў. Там найбольшыя беларускія дыяспары, знаходзяцца прадстаўнікі дэмсілаў, праваабаронцы, якія могуць дапамагчы, і ёсць больш магчымасцяў знайсці спецыялістаў, гатовых падтрымаць беларусаў і аказаць дапамогу бясплатна.

Літаральна некалькі дзён таму прыйшлі добрыя навіны з Чэхіі — краіна ўхваліла змены, якія дазволяць блізкім сваякам беларусаў, што легальна жывуць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы. Марозаў дадае, што Офіс Ціханоўскай працуе таксама над прызнаннем праязных дакументаў у Італіі.

«Мы размаўлялі з італьянскімі адвакатамі, апісвалі сітуацыю. Бо там няма ніякіх праблем атрымаць палітычны прытулак, але яны не зусім разумеюць, як працаваць з людзьмі ў такім «сярэднім статусе» — калі гэта не такі моцны палітычны кейс, але разам з тым людзі не могуць паехаць дамоў і памяняць пашпарт», — кажа Марозаў.

Па словах юрыста, раней такімі дзеяннямі атрымалася дамагчыся прызнання праязных дакументаў Іспаніяй і Швецыяй.

«Калі мы даведаліся, што ў міграцыйных службаў Швецыі вельмі старая інфармацыя па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, мы прывезлі дакументы і расказвалі, што ў нас кучы спраў і іх будзе яшчэ больш. Як вы разумееце, у Польшчы і Літве хутка скончацца гуманітарныя ДНЖ, і такіх людзей стане больш, трэвэлдокаў (праязных дакументаў) таксама стане больш у розных краінах. У гэтым месяцы будуць сустрэчы ў Эстоніі і Фінляндыі», — дадае Марозаў.

Польшча

Разам з тым у Польшчы — краіне, куды пасля 2020 года імігравала найбольш беларусаў, сітуацыя ўскладняецца, людзі працягваюць гадамі чакаць карты побыту, а мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбраць норму, якая дазваляе не прытрымлівацца тэрмінаў разгляду заявы на ДНЖ. Не пагадзіліся польскія службы таксама павялічыць колькасць супрацоўнікаў, якія разглядаюць справы мігрантаў, і рэгулярна публікаваць статыстыку назапашаных заяваў.

Ці ёсць верагоднасць, што беларусаў выдзеляць у асобную катэгорыю і праца для іх паскорыцца? Марозаў адзначае, што працягваюцца кантакты з кіраўніцтвам Упраўлення па справах замежнікаў, але пакуль нашыя грамадзяне застануцца ў агульнай чарзе.

«На жаль, сітуацыя такая, што зараз вялікая колькасць заяваў у польскія органы, і Беларусь стаіць побач з усімі. Яны тэхнічна не могуць [паскорыць час разгляду справаў] і фінансава — павялічыць колькасць супрацоўнікаў: проста няма сродкаў, — працягвае Марозаў. — Але я б не казаў пра ўсю Польшчу. Я ведаю сітуацыю ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве. Але ёсць гарады, умоўна Познань, дзе ўсё ідзе даволі стабільна і я не чуў пра выпадкі, каб людзі чакалі два гады».

Ёсць спадзяванне, што налета беларусы змогуць атрымліваць праязныя дакументы тэрмінам дзеяння на два гады, а не на год, дадаў дарадца Ціханоўскай. Таксама дэмсілы працуюць над тым, каб Польшча дазволіла атрымліваць гэтыя дакументы з пашпартамі, дзе скончыліся вольныя старонкі, што цяпер немагчыма.

«Гэта такое пастаяннае нагадванне праблем беларусаў. Трэба з усіх бакоў, з якіх толькі можна, размаўляць з уладамі Польшчы, казаць, што такая дапамога патрэбная. І мне падаецца, што нас чуюць», — кажа Марозаў.

Беларускі пашпарт і Польскія праязны дакумент. Варшава, Польшча. 30 траўня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Беларускі пашпарт і Польскі праязны дакумент. Варшава, 30 траўня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / «Белсат»

Пры гэтым польскія ўлады бачаць выпадкі, калі беларусы, якія атрымалі міжнародную абарону, перыядычна ездзяць на радзіму. Гэта, паводле суразмоўцы, дрэнна ўплывае на агульную сітуацыю — зараз ідзе хваля адмоваў у наданні такога статусу заяўнікам.

Пры гэтым Марозаў адзначае, што дэмсілы рыхтуюць для міжнародных партнёраў вялікую справаздачу па затрыманні беларусаў пасля вяртання ў краіну. Яе перадаюць міграцыйным службам, расказваючы, колькі асобаў было затрымана, і падкрэсліваючы, што беларусам дагэтуль небяспечна ехаць дамоў.

Каментары1

  • Пацьвярджэньне
    08.10.2026
    Ну так. Ну файна. Можна працаваць, плаціць падаткі, забязьпячэньні і інш. і сядзець сабе ціхенька, пішучы да ўправаў трызны-скаргі, маўляў, на якіх стадыях затрымалася мая справа і што трэба прывезьці яшчэ. І натуральна маеш адказ відавочны то бок мог бы і не пытаць.
    А потым бачыш у сацсетках: той артыст быў у Латвіі, неякі яшчэ ў Чэхіі. Туды ж і журналістаў. Ну. І табе застаецца радавацца, што маеш дах, не галадаеш, ні голы ні разуты ды на законнай падставе, пакуль справа спраўляецца, цябе не выганяюць прэч.

Цяпер чытаюць

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў1

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Усе засталіся ў лесе. Усе загінулі». Беларус пайшоў ваяваць за Расію, бо на заводзе не было працы, і трапіў у палон10

Казімір Малевіч, Алесь Адамовіч, Мірскі замак. Якія манеты Нацбанк выпусціць у 2027 годзе?1

Былога беларускага міліцыянера злавілі ў Бельгіі пры спробе рабавання крамы6

«Зняволеныя кажуць яму: Схадзі пачытай на Tut.by». Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў партал Tut.by2

Пракрамлёўскую актывістку ў Латвіі асудзілі на шэсць гадоў за данат 43 еўра расійскім вайскоўцам. Яго дапамагла зрабіць беларуска14

Дзяніс Кур’ян праз 27 гадоў адшукаў іспанскую сям’ю, у якой гасцяваў школьнікам. Цяпер прыязджае да іх са сваімі дзецьмі19

Восеньска-зімовы догляд гадаванцаў: як падрыхтаваць поўсць катоў і сабак да халадоў

Канье Уэст зарабіў на адмененых у Расіі канцэртах 20 мільёнаў даляраў2

Украіна ўпершыню ўдарыла па дата-цэнтры «Яндэкса». «Яндэкс.Дыск» працуе са збоямі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў1

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць