Грамадства1313

«Ён, напэўна, у паралельным сусвеце жыве». Парады міністра Іванца выклікалі буру рэакцый

Мала па якіх тэмах рэакцыі настолькі адназначна негатыўныя. «Гэта ўжо не сістэма адукацыі, а рэжым. Дзеці школу ненавідзяць».

Ілюстрацыйнае фота: Заря

Нядаўняе інтэрв’ю міністра адукацыі Андрэя Іванца выклікала бурныя эмоцыі сярод беларускіх бацькоў і вучняў. Кіраўнік ведамства заявіў, што катэгарычна не прымае паслуг рэпетытараў, лічачы школьную праграму настолькі простай, што любыя тата ці маці здольныя самастойна дапамагчы свайму дзіцяці. Больш за тое, міністр падкрэсліў: яго ўласныя дзеці дадатковых настаўнікаў не наведваюць, і гэта яго прынцыповая пазіцыя.

Відэаролік з гэтымі тэзісамі ў TikTok за суткі набраў амаль паўмільёна праглядаў, сабраўшы звыш 1600 каментароў.

Першае, што зацікавіла інтэрнэт-карыстальнікаў — гэта ўмовы, у якіх вучацца дзеці самога міністра.

Самай папулярнай стала заўвага, якая набрала звыш 8 тысяч лайкаў: «відаць, у яго дзеці ў прыватнай».

У адказ на гэта іншыя скептычна дадалі: «яго дзеці не плануюць вучыцца ў РБ».

Градус незадаволенасці працай міністэрства аказаўся настолькі высокім, што пытанне «Калі яго здымуць з пасады» апынулася на другім месцы па папулярнасці (амаль 6 тысяч упадабанняў).

Людзі таксама тонка падкалолі Іванца: «Як доўга міністр у свой час працаваў у школе?». Рэч у тым, што стаўленік Аляксандра Лукашэнкі не працаваў у школе ні дня.

Агульны настрой каментатараў можна апісаць адной фразай: «Ён, напэўна, у паралельным сусвеце жыве».

Беларусы перакананыя, што за адукацыйны працэс павінна адказваць школа, а не бацькі:

«А настаўнік тады што робіць на працоўным месцы?»;

«А можа, настаўнікі пачнуць выкладаць, а не на бацькоў усё скідваць».

«Нават песня такая ёсць: вучаць у школе, а не бацькі павінны дапамагаць».

«Мне здаецца, што з урокамі павінны дапамагаць настаўнікі, а калі дзеці не разумеюць, то ўжо пытанне да тых, хто іх вучыць».

Хто павінен карміць, а хто — вучыць?

Па меркаванні большасці, задача бацькоў — забяспечыць базавыя патрэбы дзіцяці і яго псіхічны стан, а не выконваць функцыі выкладчыкаў па ўсіх прадметах. 

«Бацькі жывуць на працы, каб утрымліваць сям'ю», — пішуць карыстальнікі. Гэтую думку развіваюць і іншыя:

«Так, пачакайце, задача настаўніка — навучыць, мая задача — апрануць, накарміць, выхаваць эмацыйна стабільным і псіхічна ўраўнаважаным чалавекам, падказаць у жыцці, як паступаць, але ВУЧЫЦЬ ёсць ШКОЛА!»;

«Бацька павінен зрабіць так, каб дзіця было бадзёрым, ветлівым, сытым і ахайна апранутым. НАВУЧАННЕ — ГЭТА ВОТЧЫНА ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ».

Не абышлося і без іроніі ў бок самога міністра: 

«А міністры, напэўна, замест бацькоў на працу хадзіць будуць, а таксама бытавымі момантамі займацца».

Карытальнікі звяртаюць увагу і на кампетэнцыю бацькоў у тых галінах, якія яны самі не вывучалі або даўно забыліся.

«Так-так, бацькі дапамогуць з замежнай мовай, якой яны не вучылі, і не толькі».

Да абмеркавання далучыліся і самі вучні:

«Не думаю, што ў бацькоў ёсць жаданне дапамагаць нам з урокамі пасля працы».

«У мяне бацькі працуюць па 12 гадзін, у іх часу і сіл хапае толькі на тое, каб спытаць, як у мяне прайшоў дзень».

«Мазгі закіпаюць»

Калі для міністра праграма «простая», то тыя, хто сутыкаецца з сучаснымі падручнікамі штодня, ставяць пад сумнеў адэкватнасць навучальных матэрыялаў:

«А ён падручнікі ў рукі браў?».

«Міністр такі ж, як школьная праграма».

«Выпуск 2005 г. Цяпер 2026 г., дачка ў 9 клас ідзе. Пытанне. Ці памятаю я, што было ў школьнай праграме, калі яна кожны год мяняецца?»

Каментатары дзеляцца ўласным досведам:

«Мая ўнучка прачытала ўслых гісторыю… я вытрымала толькі адзін абзац!!!! Мазгі закіпаюць, закруцілі, завярцелі так… Раней даты мы вучылі і гісторыю, а цяпер там……»

«Вам яшчэ матэматыку не чыталі. Вось дзе выбух усяго. А я наіўна меркавала, што ведаю матэматыку», — заўважае яшчэ адзін каментатар.

Сістэмны крызіс

Некаторыя каментатары глядзяць на праблему глыбей, звязваючы стан адукацыі з агульнай палітычнай сітуацыяй у краіне. Для іх словы міністра — толькі вяршыня айсберга:

«Беларуская адукацыя — дно. Патрэбна рэформа, і найсур'ёзнейшая. Ператварылі ў нейкае знясільваючае катаванне для дзіцяці і для бацькоў. Забіваюць індывідуальнасць, творчасць, гэта ўжо не сістэма адукацыі, а рэжым. Дзеці школу ненавідзяць».

Пры гэтым людзі спачуваюць і самім настаўнікам, якія сталі закладнікамі сістэмы:

«Вы сабе ўявіць не можаце, як пакутуюць настаўнікі і адміністрацыя школ ад міністэрства і такіх міністраў!»;

«Як і паўсюль у такіх арганізацыях Беларусі, загад на загадзе, праверка на праверцы. Працаваць няма калі, настаўнікі таксама закладнікі гэтага рэжыму».

Ці ёсць тыя, хто згодны?

Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што знайшліся і тыя, хто падтрымаў меркаванне міністра. Аднак такія галасы засталіся ў відавочнай меншасці:

«Ну ў нечым ён мае рацыю, ну не такая складаная адукацыя, вядома, ёсць складаныя тэмы, але калі ты не можаш нешта зразумець, то можна проста і без рэпетытараў, якраз з тымі ж бацькамі, або хопіць нават аднаго відэа на тым жа ютубе».

Каментары13

  • глядзіце не пераблытайце
    20.08.2026
    политзек, школа - выхоўвае грамадзяніна, сям’я з рэпетытарамі - вучыць
  • Неба блакітнае трава зялёная
    20.08.2026
    Напхаць у галаву нейкія веды аб усім - гэта другаснае. А вось сфарміраваць методыку навучання - гэта першаснае. Пайшоў у ВНУ, а там зусім інакш. Бацькоў побач няма і змагайся, як хочаш. Нармальная такая падрыхтоўка першакурсніка за 11 гадоў.
  • Бубубу
    20.08.2026
    Нравіцца, ня нравіцца - цярпі, мая хатаскрайніца...

Цяпер чытаюць

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў10

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Панама названа найлепшай краінай для жыцця і працы для экспатаў5

Паляўнічыя на Алтаі забілі 12 мядзведзяў пасля нападу аднаго на турыстку10

Украіна ўвяла санкцыі супраць стваральнікаў «Машы і Мядзведзя»3

У Вільні выпрабоўвалі электробус даўжынёй 25 метраў2

Сабаленка захавала першы радок у сусветным тэнісе1

Рэкорднае абмяленне Дуная агаліла падмуркі моста імператара Канстанціна Вялікага — найдаўжэйшага моста антычнасці1

Стала вядома, чые парэшткі знайшлі беларускія турысты ў гарах Казахстана1

Мост праз Свіслач каля плошчы Перамогі адкрыюць пасля рамонту да канца жніўня

Кіеў рыхтаваў другое «Павуцінне» супраць аэрапортаў Масквы, але план спынілі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў10

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць