Зяленскі заявіў, што Трамп падштурхоўвае Украіну да капітуляцыі перад Расіяй
«Я не кажу, што гэта мэта нашых партнёраў. Я не хачу думаць, што нашы амерыканскія партнёры вераць, што вайну можна скончыць хутчэй за кошт Украіны. Але гэта так выглядае».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Bloomberg закрануў адносіны з амерыканскай адміністрацыяй.
Зяленскі расказаў, што ў адказ на патрабаванне Трампа спыніць удары па расійскіх НПЗ выказаў сустрэчную прапанову.
«Мая апошняя мадэль была такой: мы не чапаем расійскае дызпаліва, вы даяце нам ракеты для сістэм Patriot для абароны нашых аб'ектаў. Але яны хочуць, каб мы проста спынілі атакі на дызпаліва. І калі мы ўдарым, яны нам што-небудзь адключаць».
«Я лічу, што былі зроблены крокі, каб прымусіць Украіну да капітуляцыі, — сказаў Зяленскі. — Я не кажу, што гэта мэта нашых партнёраў. Я не хачу думаць, што нашы амерыканскія партнёры вераць, што вайну можна скончыць хутчэй за кошт Украіны. Але гэта так выглядае».
Зяленскі таксама заявіў, што ЗША затрымліваюць пастаўкі ракет-перахопнікаў для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння расійскіх балістычных ракет, што наносяць найбольшую шкоду інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў.
Цяпер ЗША пастаўляюць ва Украіну толькі 12 ракет-перахопнікаў Patriot на месяц, што складае прыкладна чвэрць ад тэмпаў пры адміністрацыі Джо Байдэна. Пры Трампе ЗША прадаюць гэтыя ракеты Украіне, тады як Байдэн прадастаўляў іх бясплатна ў якасці ваеннай дапамогі.
Зяленскі выказаўся таксама пра Пуціна.
«Я думаю, што ў прэзідэнта ЗША сапраўды добрыя адносіны з Пуціным, — сказаў Зяленскі. — Але тут штосьці не працуе. На гэты момант Трамп не можа прымусіць Пуціна спыніць вайну».
Каментары