Чаму востры капялюш стаў сімвалам ведзьмы ў Еўропе і Амерыцы?
Чорны востраканцовы капялюш, мятла і часам чорны кот. Так выглядае ведзьма ў фільмах, казках і на малюнках да Хэлаўіна. Але адкуль узяўся яе знакаміты галаўны ўбор?

У беларускіх народных павер'ях ведзьма магла выглядаць як звычайная вясковая жанчына, якую ад суседак нішто не адрознівала. А вось у заходняй масавай культуры яе цяжка ўявіць без высокага чорнага капелюша з вострым верхам.
Адзінага адказу на пытанне, адкуль узяўся гэты галаўны ўбор і чаму ён стаў сімвалам вядзьмарства, няма. Але гісторыя востраканцовага капелюша значна старэйшая за сам вобраз казачнай ведзьмы.
Калі востры капялюш быў знакам павагі
Як расказвае JSTOR Daily са спасылкай на даследаванне Наомі Любрых, у старажытнасці востраканцовыя галаўныя ўборы былі вядомыя на Блізкім Усходзе, дзе іх насілі жрацы. Падобныя каўпакі былі распаўсюджаныя і ў Фрыгіі, на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Старажытныя грэкі ўспрымалі іх як адметную рысу жыхароў усходніх земляў.

У Старажытным Рыме канічны каўпак пад назвай пілеус атрымалі права насіць вызваленыя рабы. Так ён стаў сімвалам вызвалення, а пазней і свабоды ўвогуле.
Падобныя галаўныя ўборы можна ўбачыць і на раннесярэднявечных хрысціянскіх выявах трох мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца немаўляці Ісусу. Так мастакі падкрэслівалі іх усходняе паходжанне і высокае становішча.

Да XII стагоддзя востраканцовыя галаўныя ўборы былі вядомыя і ў кантынентальнай Еўропе, і ў Англіі. Яны асацыяваліся з далёкімі ўсходнімі краінамі і не мелі нічога агульнага з вядзьмарствам.
Як капялюш стаў знакам чужынца
Але паступова значэнне гэтага галаўнога ўбору пачало змяняцца. Падчас Крыжовых паходаў у Еўропе ўзмацніліся антыяўрэйскія настроі. На хрысціянскіх малюнках XII стагоддзя яўрэяў усё часцей паказвалі ў востраканцовых капелюшах, у тым ліку ў сцэнах здзекаў з Хрыста. Так убор, які раней мог сведчыць пра паходжанне і статус чалавека, пачаў набываць негатыўнае значэнне.
У 1215 годзе Чацвёрты Латэранскі сабор пастанавіў, што яўрэі і мусульмане ў хрысціянскіх землях павінны адрознівацца ад хрысціян адзеннем. Сабор не вызначаў канкрэтнага галаўнога ўбору, але ў некаторых нямецкамоўных землях яўрэяў пазней абавязвалі насіць востраканцовы капялюш, вядомы як Judenhut — «яўрэйскі капялюш». Праўда, колер ён меў зусім не чорны.

З часам востраканцовыя капелюшы сталі выкарыстоўваць і для пазначэння іншых груп насельніцтва. У канцы XIV стагоддзя ў нямецкім горадзе Зелігенштаце іх абавязалі насіць ліхвяроў незалежна ад веравызнання, а таксама хрысціянак, якія мелі адносіны з яўрэямі.
У некаторых нямецкамоўных землях падобныя галаўныя ўборы выкарыстоўвалі і як знак пакарання за чарадзейства, язычніцкія абрады або крадзеж. Паводле National Geographic, у 1431 годзе ў Венгрыі людзей, упершыню асуджаных за чарадзейства, абавязвалі публічна насіць востраканцовыя «яўрэйскія каўпакі».
Пры чым тут квакеры?
Яшчэ адна гіпотэза вядзе ў Англію XVII стагоддзя. Тады высокія капелюшы з шырокімі палямі былі часткай звычайнай моды. Іх насілі і мужчыны, і жанчыны, у тым ліку квакеры — прадстаўнікі хрысціянскага руху, які ўзнік у сярэдзіне стагоддзя.
Квакеры верылі ў роўнасць усіх людзей перад Богам і адмаўляліся ад многіх грамадскіх умоўнасцяў. Напрыклад, яны не здымалі капелюшоў перад асобамі вышэйшага становішча, бо не лічылі патрэбным падкрэсліваць чужую перавагу такім чынам.

Яшчэ больш нязвыклым для тагачаснага грамадства было тое, што жанчынам у квакерскіх супольнасцях дазвалялі публічна прапаведаваць нароўні з мужчынамі. Такія паводзіны выклікалі абурэнне ў Англіі і яе амерыканскіх калоніях. Квакераў пераследавалі, а жанчын-прапаведніц высмейвалі і часам абвінавачвалі ў сувязях з д'яблам.
Паводле адной з версій, карыкатуры на квакерак у высокіх капелюшах маглі паўплываць на фарміраванне вобраза ведзьмы. Аднак гэтая сувязь таксама застаецца недаказанай.
Існуе і больш будзённая версія. Яна звязвае капялюш ведзьмы з жанчынамі, якія ў сярэднявечнай Англіі варылі і прадавалі піва. Паводле гэтай гіпотэзы, яны насілі высокія капелюшы, каб вылучацца сярод гандляроў на рынку. З імі звязваюць і мятлу, якую нібыта выстаўлялі каля дома як знак продажу піва. Аднак пераканаўчых гістарычных сведчанняў такога паходжання атрыбутаў няма.

Ад кніжных ілюстрацый да Галівуда
У пошуках вытокаў знакамітага ведзьмінага капелюша даследчыкі звяртаюцца таксама да старых гравюр і кніжных ілюстрацый. Па іх можна прасачыць, як з цягам часу змяняўся вобраз ведзьмы.
Так, на гравюры «Ведзьмы», створанай нямецкім мастаком Гансам Бальдунгам Грынам у 1510 годзе, жанчыны займаюцца чарадзействам каля катла. Але ў ніводнай з іх няма востраканцовага капелюша.

У пачатку XVIII стагоддзя ведзьмаў ужо малявалі ў знаёмых нам востраканцовых капелюшах. Напрыклад, у кнізе «Гісторыя ведзьмаў і чараўнікоў», выдадзенай у Лондане ў 1720 годзе, ёсць гравюра, на якой ведзьма ў высокім капелюшы з вострым верхам ляціць на мятле ў кампаніі дэмана.

У XIX стагоддзі ведзьмы сталі папулярнымі персанажамі казак, дзіцячых кніг і тэатральных пастановак. Ілюстратарам быў патрэбны вобраз, які чытач пазнаваў бы з першага погляду. Высокі востраканцовы капялюш добра пасаваў для гэтага і да канца стагоддзя стаў нязменным атрыбутам вобраза. Напрыклад, на ілюстрацыі Р. Э. Шэрвуда «Ведзьма і тоўсты школьнік», апублікаванай у 1888 годзе, у ведзьмы менавіта такі галаўны ўбор.

У XX стагоддзі вобраз папулярызаваў кінематограф. Асабліва вялікі ўплыў меў фільм «Чараўнік краіны Оз» 1939 года. Злая ведзьма Захаду ў выкананні Маргарэт Гамільтан з'явілася на экране ў чорным востраканцовым капелюшы, з зялёнай скурай і мятлой. Пасля такі выгляд неаднаразова паўтаралі ў фільмах, мультфільмах і касцюмах на Хэлаўін.

Так галаўны ўбор, які ў розныя эпохі мог быць сімвалам улады, свабоды, прыналежнасці да супольнасці або публічнай ганьбы, ператварыўся ў адзін з самых пазнавальных атрыбутаў казачнай ведзьмы.
Каментары