Рубіа: Украіна не мае доступу да ваеннай спадарожнікавай сістэмы Starshield
«Яны прасілі доступу для яго, каб наносіць глыбокія ўдары ўнутр Расіі».

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Украіна пакуль не атрымала доступ да амерыканскай ваеннай спадарожнікавай сістэмы Starshield. Яе, як і Starlink, распрацоўвае кампанія Ілана Маска SpaceX.
«Starlink — гэта камерцыйны прадукт. І таму ён рэгулюецца і апрацоўваецца як камерцыйны прадукт. Starshield — гэта абаронны прадукт, ваенны прадукт», — сказаў Рубіа прэсе.
«Я ведаю, што Украіна хоча атрымаць доступ да Starshield. Зараз у іх няма Starshield. Яны прасілі доступу для яго, каб наносіць глыбокія ўдары ўнутр Расіі», — дадаў ён.
Што да Starlink, Рубіа адзначыў, што Штаты не абмяжоўвалі яго хуткасць для Украіны.
«Я не ведаю, якая ў іх [ва Украіны] версія, але Белы дом да гэтага не мае ніякага дачынення. (…) Ніхто ў Белым доме не загадваў нікому запавольваць інтэрнэт або зніжаць хуткасць, каб пэўныя дроны не маглі ім карыстацца. Але, наколькі я разумею, ён зноў працуе і функцыянуе».
Раней дарадца прэзідэнта Украіны па абаронных тэхналогіях Сяргей Бяскрэстнаў паведамляў пра абмежаванні, якія SpaceX увяла ў ноч на 14 кастрычніка. Сувязь знікала пры руху з хуткасцю звыш 160 км/г. З-за гэтага сарваўся шэраг аперацый. Пасля праца Starlink пачала аднаўляцца. Reuters са спасылкай на свае крыніцы пісала, што загад абмежаваць працу спадарожнікавай сістэмы паступаў з Белага дома. Дональд Трамп у сваю чаргу заявіў, што Starlink Украіне адключаў не ён і наўрад ці Маск.
Каментары