Французскі гігант мабільных гульняў Voodoo абвінаваціў беларускую SayGames у капіяванні мабільнай гульні — і зноў прайграў
Апеляцыйны суд Парыжа адхіліў патрабаванні на больш як 3 мільёны еўра. Пры гэтым суд канстатаваў, што сама Voodoo скапіявала пяць рэкламных ролікаў SayGames.

7 кастрычніка 2026 года Апеляцыйны суд Парыжа цалкам пацвердзіў рашэнне суда першай інстанцыі ў спрэчцы паміж французскай кампаніяй Voodoo і групай SayGames, якую заснаваў беларус Ягор Вайханскі.
4 лістапада 2020 года Voodoo выпусціла ў App Store стратэгію City Takeover, у якой гулец захоплівае будынкі суперніка. У красавіку 2021 года французы зарэгістравалі ў ЕС шэраг дызайнаў, што ахоўваюць гульню.


У жніўні 2021 года выйшла гульня Tower War — Tactical Conquest. Яе распрацавала студыя Vaveda, а выключная ліцэнзія на яе належыць кіпрскай SayGames LTD. Voodoo палічыла яе копіяй City Takeover. Французы запатрабавалі зняць гульню з продажу па ўсім свеце, а таксама падалі ў суд — на кіпрскую SayGames LTD і на беларускую кампанію групы, зарэгістраваную ў Мінску.
Voodoo прасіла:
- спагнаць 3,16 мільёна еўра кампенсацыі за парушэнне правоў на дызайн і 100 тысяч еўра за маральную шкоду;
- як альтэрнатыва, 952 тысяч і 300 тысяч еўра за нядобрасумленную канкурэнцыю;
- забараніць Tower War у ЕС пад штрафам 10 тысяч еўра за кожны дзень;
- абавязаць SayGames выпусціць абнаўленне гульні, якое заблакуе магчымасць у яе гуляць, і паказаць у ім гульцам тэкст судовага рашэння.
Суд пагадзіўся, што ў абедзвюх гульнях ёсць аб'ёмныя будынкі з лічбамі на даху, каляровыя лініі паміж імі і маленькія чалавечкі, якія па гэтых лініях ходзяць. Але, на думку суддзяў, гэта агульныя рысы ўсяго жанру «злучы і захапі».
Дасведчаны гулец, напісаў суд, звяртае ўвагу нават на дробныя адрозненні. А яны ёсць: у Voodoo поле жоўтае, у SayGames зялёнае. Замест шэрых сценаў стаяць шэрагі дрэваў. Персанажы Voodoo маюць галовы плюшавых медзведзянят, а ў SayGames гэта салдаты ў сініх касках.
Суд таксама адзначыў, што колькасць спамповак City Takeover рэзка ўпала яшчэ да выхаду Tower War.
SayGames, у сваю чаргу, абвінаваціла Voodoo ў тым, што тая скапіявала пяць яе рэкламных ролікаў, і запатрабавала 340 тысяч еўра.
Суд канстатаваў, што Voodoo сапраўды ўзяла ролікі «ідэнтычна» і гэтага не аспрэчвала. Французская кампанія патлумачыла здарэнне памылкай рэкламнай пляцоўкі, якую хутка выправілі. Суд гэтае тлумачэнне прыняў, не ўбачыў наўмыснасці і сустрэчны іск таксама адхіліў.
Voodoo павінна заплаціць SayGames LTD 30 тысяч еўра судовых выдаткаў за апеляцыю, у дадатак да 15 тысяч еўра, прысуджаных у чэрвені 2024 года.
Што такое SayGames
SayGames заснавалі ў Мінску ў 2017 годзе Ягор Вайханскі і Андрэй Сокал. Вайханскі скончыў БДУ, некалькі гадоў працаваў дызайнерам у замежных кампаніях, а ў 2011 годзе стварыў школу англійскай мовы для айцішнікаў IT English. Цяпер ён генеральны дырэктар SayGames, а аперацыйным дырэктарам працуе Дзяніс Вайханскі.
Кампанія не распрацоўвае гульні сама. Яна знаходзіць незалежныя студыі, фінансуе іх і выдае іх праекты. Сярод хітоў SayGames — My Perfect Hotel, DOP (Draw One Part), My Little Universe і тая самая Tower War.
Паводле кампаніі, яе гульні сцягнулі больш як 8 мільярдаў разоў, а актыўных карыстальнікаў больш за 140 мільёнаў. SayGames стабільна ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых мабільных выдаўцоў свету паводле колькасці загрузак. Толькі за ліпень 2022 года яна зарабіла ў App Store і Google Play каля $3 мільёнаў.
Кіпрская SayGames LTD паўстала ў 2020 годзе. Цяпер на Кіпры знаходзіцца галоўны офіс, а асноўная каманда працуе ў Польшчы. Польская кампанія групы ў 2023 годзе мела каля $6,4 мільёнаў выручкі. Усяго ў SayGames каля 250 супрацоўнікаў, пра Беларусь на яе сайце больш не згадваецца.
Паводле французскага суда, беларуская кампанія групы, заснаваная ў 2018 годзе, спыніла дзейнасць 9 лістапада 2022 года пасля ліквідацыі. Яшчэ адна мінская структура, рэзідэнт ПВТ «Кажыгульні», у студзені 2023 года трапіла ў спіс кампаній з акцыянерамі з «непрыязных краін». У чэрвені 2024 года ўласнік пачаў яе ліквідацыю.
Каментары