Эканоміка4242

Людзі ў шоку ад жыровак за кастрычнік. І яны не дармаеды

У Беларусі з 1 кастрычніка памяняўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы грамадзян. Ролік у тыктоку пра тое, што сем’і «дармаедаў» у шоку ад жыровак за кастрычнік, выклікаў бурнае абмеркаванне. Як вынікае з каментароў, у шоку ад сум не толькі «дармаеды».

На палітінфармацыі ў Чэрыкаве. Фота: Cherikov News

Камуналка істотна павысілася нават у тых, хто афіцыйна працаўладкаваны і не трапляе ў базы незанятых. Людзі параўноўваюць свае сумы з поўнымі тарыфамі і не бачаць вялікай розніцы.

«Я працую, а плачу як дармаед»

Многія каментатары падкрэсліваюць, што ўсе працаздольныя члены сям'і маюць афіцыйную працу, але лічбы ў квітанцыях усё роўна выраслі.

«Мне таксама прыйшла 292 рублі жыроўка, але я афіцыйна працую і жонка таксама, незразумела чаму».

«Я працую, і жонка працуе, а плачу за кватэру 330 рублёў, тое ж, што і дармаеды, невялікая розніца 365 ад 330 рублёў».

«У мяне 39 метраў і цана 250 рублёў, хоць працую».

«Тут і ў не дармаеда высокая жыроўка — 127 рублёў толькі па жыроўцы».

«У мяне кватэра 70 метраў, я ўладальніца, працую, жыроўка прыйшла 150 рублёў, прапісана тры чалавекі: я, муж, дзіця».

Ад 150 да 315 рублёў за кватэру

Карыстальнікі актыўна дзяліліся канкрэтнымі сумамі за кватэры, і гэтыя лічбы гавораць самі за сябе. Асабліва здзіўляюць рахункі за адна– і двухпакаёвыя кватэры.

«За аднапакаёвую 148 рублёў».

«Мне за ваду па 120 рублёў выстаўляюць, 3 чалавекі прапісана».

«Мы плацім за трохпакаёвую каля 310 рублёў з улікам, што маці-ўладальніца мае інваліднасць. Вось дзе 700 рублёў, гэта ўжо адчувальна, канечне».

«Аднапакаёвая кватэра — 315 рублёў прыйшло((( мама ўладальніца, жыве ў вёсцы і займаецца асабістай гаспадаркай для ўласных патрэб, яна не дармаед((, я працую ў Мінску і жыву ў мамінай кватэры, чаму я павінна плаціць такую суму. Дзе справядлівасць».

Асобная тэма — інтэрнаты

Як высветлілася, жыхары інтэрнатаў плацяць сумы, супастаўныя з платай за паўнавартасныя кватэры. Для многіх гэта выглядае абсалютна непрапарцыйна цэнам за невялікі пакой ці блок.

«Магу вас супакоіць: я жыву ў сямейным інтэрнаце, пакой 12 метраў, прапісаныя два чалавекі — за кастрычнік аплата 140 рублёў, у іншых інтэрнатах каля 200 рублёў за такі ж метраж».

«За блок у інтэрнаце, жывём я і двое дзяцей непаўналетніх, камуналка ў мінулым месяцы была 180 рублёў, а ў гэтым 250. І працую».

«Мы аплачваем інтэрнат на чатырох чалавек зімой 320 рублёў. Абое працуем на дзяржпрацы. Не ведаем, што чакаць гэтай зімой».

«160 рублёў за інтэрнат, тры чалавекі, у дэкрэце, месяц таму было 144 рублёў, шмат святла выйшла».

«Я ў інтэрнаце жыву, у мяне блок — гэта два пакоі, калідор, туалет, ванна і паўкухні, і плачу 340 рублёў беларускіх, не лічачы, што нас пяцёра чалавек: гэта трое дзяцей і мы двое».

«За што?»

Некаторыя карыстальнікі прыводзяць прыклады незразумелых налічэнняў:

«Мне налічылі 150 рублёў без святла, газу і вады. Хаця раней было 50 рублёў — гэта мая доля. Пры гэтым самі чыноўнікі па дамове не прыбіраюць фекалій».

«Пенсіянеру налічылі 194 рублёў, прапісаны адзін».

«Мне за месяц і 14 дзён прыйшло 600 рублёў».

«А ў мяне за 3‑пакаёвую атрымалася 172 рублі»

Сярод абурэнняў знайшоўся каментарый, які выклікаў не менш бурную, але ўжо іншую рэакцыю — недавер. Адна з карыстальніц напісала пра сваю нечакана нізкую жыроўку:

«Я не ведаю, у мяне кватэра трохпакаёвая, чатыры чалавекі прапісана. Квартплата 62 рублі + святло + вада + 40 рублёў сотавыя + тэлефон + тэлебачанне. Атрымалася 172 рублі».

Гэтая лічба падалася многім нерэалістычнай:

«Я таксама не ведаю — нас тры чалавекі, кватэра 43 метры, за кватэру прыйшло 103 рублі, гэта без усяго, толькі за кватэру. Незразумела, чаму вам так мала».

«Сапраўды, і мне незразумела, 43 квадраты, прапісаная адна — 72 рублі, на сетках Мінсккамунцепласеткі. У сына той жа метраж, прапісаны адзін — 53 рублі, але дом засілкаваны ад Мінскіх цеплавых сетак. Чаму такая розніца? Скажам так, перагрэву па ацяпленні няма, значыць, аўтаматыка спраўная, вада па лічыльніках, усё ў межах нормы. Дык адкуль розніца???»

Асобныя абвінавацілі яе ў хлусні, лічаць, што гэта напісаў прапагандыст або ідэолаг:

«Не слухайце гэтай хлусні. Кватэра 45,9 метра, тры чалавекі. 92,83 рубля за кастрычнік. Гэта яшчэ мала, проста вады толькі сем кубоў выйшла, а так было б больш».

«Думаю таксама, што хлусяць, або вадой практычна не карыстаюцца, эканомяць. Быць такога не можа».

«Лухты не пішы, у мяне 47 квадратаў, аднапакаёўка, за мінулы месяц заплаціла па жыроўцы 106 рублёў, гэта разам са святлом, яно ў нас уваходзіць у жыроўку, і 8 рублёў членскія ўзносы. Інтэрнэт 30 рублёў, мабільны 25 рублёў. Вось і лічы, абрыдла чытаць ужо лухту вашу».

«У мяне 47 квадратаў — 106 рублёў, каго вы чытаеце, зразумела ж, хто гэта піша».

Іншыя параўналі са сваімі значна вышэйшымі жыроўкамі:

«53 квадраты па жыроўцы — 82 рублёў».

«У мяне двушка, прапісана чатыры чалавекі, 128 рублёў толькі квітанцыя».

«Два чалавекі за трохпакаёўку прыйшло з ацяпленнем ужо 130 рублёў».

«У мяне гэтак жа, але 150 рублёў прыйшла жыроўка».

Каментары42

  • Indrid Cold
    18.11.2025
    Камуналка як у Польшчы, якасць паслуг як у Самалі. Затое няма вайны, пакуль што ;)
  • тттртрт
    18.11.2025
    У прыватных хатах таксама значна вырасла аплата. Найперш за ўсё газ. Відаць расейскаму "Газпрому" зусім дрэнна становіцца. І гэта яшчэ не канец...
  • Андрусь
    18.11.2025
    Зайздросны еўрык, сасуд.

Цяпер чытаюць

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!3

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША просяць Ізраіль спыніць удары па энергетычнай інфраструктуры Ірана. На гэта ёсць тры прычыны7

У Малайзіі мужчына мае ажно 42 зубы. Гэта сусветны рэкорд1

Пад Мінскам для адпачынку здаюць трохпавярховую вежу

«Пытанне ў выхаванні моладзі». Міністр гандлю патлумачыў, чаму беларуская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі на ўнутраным рынку11

Расійскія агуркі ў крамах каштуюць ужо танней за беларускія

Амерыканская разведка даведалася пра пачатак мінавання Армузскага праліва5

Ва Украіне паказалі, як ударылі па заводзе «Крэмній Эл» у Бранску ВІДЭА1

Патрыярх Кірыл назваў новага вярхоўнага лідара Ірана «дарагім братам»11

Беларусь увайшла ў топ-40 сусветных імпарцёраў зброі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!3

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць