Як вядома, з 1 верасня ў Беларусі ўносяцца пэўныя змены ў збор правілаў для аўтамабілістаў. Пры гэтым найбольш маштабныя навінкі тычацца розных відаў электратранспарту: самакаты, монаколы і іншыя.

Асноўнае — уводзіцца паняцце «сродку персанальнай мабільнасці» (СПМ). Таксама прапісваюцца пункты, якія будуць рэгуляваць выкарыстанне такіх сродкаў перамяшчэння ў краіне.
Найважнейшае — яны не павінны развіваць хуткасць больш за 25 км/г. Калі гэты паказчык перавышаны, то транспарт будзе прыраўноўвацца да мапедаў і самакатаў.
Адпаведна, спатрэбіцца рэгістрацыя СПМ у ДАІ. Дарэчы, спрошчаны парадак гэтай працэдуры будзе дзейнічаць да 1 верасня 2026 года.
У ДАІ распавялі, як плануюць адсочваць выкананне хуткаснага рэжыму для самакатчыкаў і іншых відаў электратранспарту. Як адзначаў начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ Віктар Ротчанкаў, ужо цяпер тэхнічныя сродкі дазваляюць кантраляваць хуткасць перамяшчэння не толькі аўтамабіляў, але і іншых удзельнікаў дарожнага руху.
З 1 верасня рух электратранспарту не павінен перавышаць 10 км/г на тратуары і 25 км/г на веладарожцы.
Як удакладняў Ротчанкаў, у ДАІ «ёсць новыя распрацоўкі», каб адсочваць хуткасць менавіта СПМ. Такім чынам, у бліжэйшай будучыні самакатчыкі пачнуць атрымліваць штрафы за перавышэнне хуткасці, у народзе вядомыя як «лісты шчасця».
З другога боку, пакуль дакладныя тэрміны ўвядзення падобнай сістэмы невядомыя. Аднак прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі ўпэўнены: «калі-небудзь усё роўна мы да гэтага прыйдзем».
У Мінску таксама з’явіўся спецыяльны чат-бот, які дапаможа адсочваць бяспеку выкарыстання шэрынгавых самакатаў.
Як паведамлялі ў ДАІ, бот «Самакаты: грамадскі кантроль» працуе ў Telegram.
Яго распрацавалі для аператыўнага вырашэння пытанняў, звязаных з эксплуатацыяй і паркоўкай сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ), а таксама для ўзаемадзеяння з шэрынгавымі арганізацыямі. Напісаць туды можа кожны ахвотны.
А прадстаўнікі дарожных і камунальных службаў могуць паведамляць інфармацыю пра небяспечнае кіраванне карыстальнікамі СПМ, а таксама пра няспраўны стан самакатаў.
Напрыклад, пра самакаты, што ляжаць на зямлі, стаяць на праезнай частцы ці перашкаджаюць праходу пешаходаў або праезду камунальнай тэхнікі.
Каментары
То бок паспрабуюць зрабіць алгарытмы, калі не атрымаецца, то будуць прымушаць рэгістрыраваць электрасродкі. Была ж за савецкім часам рэгістрацыя равароў. А савецкі вопыт гэта самае цэннае ў гэтых халуёў.