«Хапаюся за ўсе магчымасці». Як справы ў студэнтаў-айцішнікаў, якіх адлічылі, 5 гадоў пасля
Devby.io публікуе гісторыі студэнтаў, якіх адлічылі пасля пратэстаў-2020.

«Працадаўца не змог дапамагчы з працягам ВНЖ, хоць спачатку і казаў, што гэта не праблема»
Уладзіслаў, экс-студэнт БНТУ, вучыцца ў магістратуры Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне, працуе ў сапорце:
— У 2019 годзе я паступіў у БНТУ — а ўжо ў 2020 «вылецеў» адтуль.
Фармальна мяне адлічылі не за палітыку, а за тое, што не здаў экзамен. Вінаваты ковід — падчас сесіі мяне адправілі на ізаляцыю як кантакт першага ўзроўню. Зачынілі ў інтэрнаце і дазвалялі адлучацца толькі на 20 хвілін у краму ў масцы і ў пальчатках — і больш нікуды.
Неяк у 6:00 раніцы да нас нават міліцыя завітала — спраўдзіць, ці выконваем мы каранцін. Пагражалі немалымі штрафамі (да 50 базавых велічынь — гэта амаль 2000 рублёў), калі толькі ўбачаць нас у аўдыторыях універсітэта.
У выніку мяне перавялі на другі курс без адной адзнакі з абавязацельствам здаць іспыт у верасні. Але калі я прыйшоў на гэты экзамен, высветлілася, што ўжо падпісаны загад аб маім адлічэнні. Намеснік дэкана растлумачыў, што «мяне бачылі з іншымі студэнтамі на пратэстах» у галоўным дворыку БНТУ.
Праз нейкі час са мной звязаліся хлопцы з універсітэцкай ініцыятывы «ЧУ» і спыталі, ці хачу я вучыцца ў Еўропе. Я быў не супраць, але грошай на гэта не было. Яны расказалі, што Універсітэт Вітаўта Вялікага ў Коўне прымае беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі з-за пратэстаў, без аплаты.
Ва універсітэт мяне залічылі проста ў сярэдзіне семестра. Спачатку я быў вольным слухачом, у мяне было ўсяго два прадметы (але пры гэтым 5 разоў на тыдзень) — літоўская і англійская. Адміністрацыя ВНУ закрыла вочы на тое, што мой узровень англійскай ніжэй за B2 — і я ім вельмі за гэта ўдзячны.
Ужо летам я змог выбраць факультэт (я выбраў факультэт інфарматыкі — мне заўсёды гэта было цікава). Вядома ж, мяне залічылі без аплаты — нават за інтэрнат не трэба было плаціць. Але была ўмова: бясплатна можна скончыць толькі бакалаўрыят, а магістратура — ужо за грошы.
Далей я збіраўся знайсці працу — і атрымаць Blue card. Але, на жаль, мой працадаўца не змог дапамагчы мне з працягам ДНЖ (хоць спачатку і казаў, што «гэта не праблема»).
Шукаць іншую працу не было часу — мой дазвол на жыхарства заканчваўся ўжо ў верасні. Таму я прыняў рашэнне пайсці ў магістратуру. За год вучобы трэба было заплаціць 4500 еўра — адным плацяжом. Сума велізарная, я б не змог знайсці столькі, але бацькі маёй дзяўчыны прапанавалі выйсце: яны пазычылі мне грошы — а я аддаваў ім часткамі кожны месяц з заробку.
Зараз усё змянілася: мы расталіся з дзяўчынай. Мне трэба заплаціць за год навучання 5220 еўра. Універсітэт гатовы падзяліць плацеж на два: да лістапада я павінен унесці 2610 еўра — але ў мяне няма такіх грошай, на жаль. Я падаўся на стыпендыю, і яе хутчэй за ўсё ўхваляць, але яна выплачваецца невялікімі плацяжамі па 550 еўра ў месяц (і часта з затрымкамі), я не паспею сабраць патрэбную суму да лістапада.
Я спрабаваў аформіць крэдыт — але мне паўсюль адмовілі, маўляў, для гэтага трэба, каб у мяне быў ПМЖ (але калі б ён у мяне быў, мне не прыйшлося б вучыцца платна ў магістратуры). Грукаўся ў розныя ініцыятывы і фонды — яны толькі парэкамендавалі звярнуцца да чытачоў devby. Зараз ва ўсіх цяжка з грашыма.
Усе навокал кажуць: не хвалюйся, калі што паедзеш у Польшчу (у Беларусь, зразумела, мне нельга), знойдзеш там працу — на першы час хоць якую. Так, гэта варыянт. Але я пражыў у Літве 4 гады — засталося крыху, каб прэтэндаваць на ПМЖ. А ў Польшчы прыйдзецца пачынаць з нуля.
Мой заробак зараз — 925 еўра (і гэта нармальна, я ж джун), але 600 з іх ідзе на кватэру. Зараз я знайшоў іншую — танней. Спрабаваў знайсці падпрацоўку — але пакуль безвынікова. Калі хтосьці гатовы мне дапамагчы з працай або яшчэ як-небудзь, калі ласка, пішыце на [email protected].
«У Беларусі мне не далі атрымаць адну адукацыю, таму я вырашыла атрымаць дзве ў Еўропе»
Кася, сышла пасля 3,5 гадоў у БДЭУ, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, намагаецца ўвайсці ў ІТ як DA:
— У 2020 годзе я вучылася на 4 курсе БДЭУ на факультэце фондавых рынкаў. Абрала гэты напрамак, бо добра ведала матэматыку і хацела падвучыць ангельскую.
Перспектыва працаваць з акцыямі і аблігацыямі мне падабалася. Але ў 2020 годзе я далучылася да стачкама — таму прыйшлося тэрмiнова з’ехаць пасля таго, як я здала залікі (лiтаральна ў апошні дзень, калі наземныя межы былі адчынены. Потым іх зачынілі, бо кавід). Напісанне дыпломнай працы аддзяляла мяне ад статуса дыпламаванага спецыяліста ў эканоміцы.
Пасля пераезда паўстала пытанне, а што ж рабіць далей. Атрымалася паступіць у ЕГУ на Сусветную палітыку і эканоміку на 4 семестр на пастаянную сесійную форму навучання, бо я жыла ва Украіне.
На першы час, калi я толькi з’ехала, у мяне была «падушка», бо я працавала на выходных, калі яшчэ вучылася ва ўніверсітэце ў Беларусі. Мне пашанцавала, што ў нас было крутое кам’юніці студэнтаў, дзе ўсе адзін аднаго падтрымлівалі. Я прыехала «на ўсё гатовае». Адна дзяўчына ўжо здымала кватэру — i я заехала да яе і не плаціла залог за кватэру і пра ўсё, што трэба ў першую чаргу зрабіць, мне расказала яна.
Потым для мяне зладзiлi збор. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся і заданаціў. Гэта дапамагло выйграць час, каб зразумець, што рабіць.
Калі казаць пра ЕГУ, то мае навучанне там было бясплатным. Адзiн раз я нават атрымала сацыяльную стыпендыю — мо 150 еўра.
Хаця я больш страціла, чым атрымала. Бо на апошнім курсе ЕГУ на летніх канікулах днём даслалі паведамленне, што трэба запоўніць заяву, каб і далей бясплатна вучыцца, а раніцай наступнага дня выдалілі пошту. І пакуль я разбіралася, чаму я не магу ўвайсці ў сваю пошту, пачаўся навучальны год (яны мне не напісалі, што гэта ў іх збой, таму я думала, што забыла пароль). А потым я раптам атрымала паведамленне, што ў мяне ёсць тыдзень, каб заплаціць 1200 еўра.
Сваю памылку яны не прызналі і сказалі, што ў мяне ў верасні (а навучанне пачынаецца з кастрычніка, то бок, гэта былі канікулы) ад 15:00 да 8:00 быў час убачыць паведамленне і падаць заяву на атрыманне фінансавання на навучанне. У выніку мне далі месяц, каб знайсці грошы i аплаціць. Паўстала пытанне, ці працягваць там вучыцца. Другі раз сыходзіць з апошняга курса ўніверсітэта я не хацела. Таму мае накапленні пайшлі на аплату ЕГУ.
Потым я пераехала ў Польшчу, пачала вучыць мову і для падтрымання ўзроўня польскай мовы, а таксама ж для паляпшэння ангельскай і проста для душы паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт на беларускую філалогію з ангельскай мовай.
Шчыра кажучы, была яшчэ адна прычына — у Беларусі мне не далі атрымаць адну адукацыю, таму я вырашыла нагнаць час і атрымаць паралельна дзве ў Еўропе.
На гэты момант я ўжо маю бакалаўра ў ЕГУ і вось-вось атрымаю бакалаўра ў Варшаўскім ўніверсітэце.
Трэба зазначыць, што я вывучала польскую па праграме Калiноўскага i атрымлiвала там стыпендыю. Але, калі я жыла ў Варшаве, гэтых грошаў не хапала нават на аплату кватэры. Пасля пачатку паўнамасштабнай вайны я ўзяла сабе сабаку, якога вывезлі з-пад Кіева, — таму ў інтэрнаце жыць не магла.
Паралельна з навучаннем я займалася актывізмам і працавала ў грамадскай арганiзацыi, НДАшны сектар вельмі дапамог развіць софт скілы і там я змагла спалучыць усе свае адукацыі, бо мы працуем як раз з палітыкай, эканомікай і прасоўваем беларускую ідэнтычнасць.
Калі паўстала пытанне пошуку працы, мне трапіліся марафоны, дзе я цягам некалькіх дзён магла затэсціць розныя IT-прафесіі. І калі мы дайшлі да аналітыкі даных, я зразумела, што гэта маё.
Тыя прафесіі, дзе трэба багата камунікацыі, я адкінула адразу. Рэкруцёр, проджэкт менеджмент, бізнес аналітыка — гэта тое, дзе патрэбна багата камунікаваць з рознымі людзьмі, я разумею, што такой камунікацыіі мне хапае ў грамадскай арганiзацыi. Хацелася нечага спакойнага, дзе ёсць тое, што я люблю і тое, што можна яшчэ пракачаць. Я люблю лагічныя задачы, люблю сядзець і капацца ў інфармацыі, люблю працаваць сам-насам, але таксама ўмею выступаць перад аўдыторыяй і ўпэўнена, што змагу ў ДА палепшыць гэты скіл.
Цяпер я хапаюся за ўсе магчымасці паглыбіць веды ў DA. Бачу круты курс — сюды яго! Праходзім!
На гэты момант я ўжо месяц шукаю працу. Вельмі хачу працаваць у беларускай ці ўкраінскай кампаніі. Мяне ўжо запрашалі ва ўкраінскую кампанію, якая для мяне была на 10 з 10, бо ў іх хоць і афлайн-фармат (нічога не маю супраць, а толькі за; тым больш першы час, калі магчымасць падысці да кіраўніка і спытаць нешта — скарб), але ёсць офісы ў Варшаве і ў Кіеве і ты можаш працаваць у любым з іх. Гэта быў для мяне ідэальны варыянт, бо гэта гарады паміж якімі я часта езджу і магчымасць працаваць і бачыцца з сям’ёю для мяне важна.
Карацей, я адкрыта для прапаноў. Шкада, што няма нейкага буйнога спіса кампаній з беларускімі фаундэрамі. Я б з задаваленнем даслала б сваё рэзюмэ ім.
Ці ёсць нешта, пра што я шкадую зараз? Нядаўна злавіла сябе на думцы, што калі б пасля ад’езду з Беларусі пачала будаваць кар’еру, я была б ужо DA з 5 гадамі досведу, але пакуль што я junior DA з 2 «вышкамі», 5 мовамі, моцнымі софт скіламі і 3+ гадамі працы ў грамадзкай арганiзацыi.
А для большасці вакансій патрэбен досвед у аналітыцы даных. Упэўнена, як толькі я знайду сваю першую працу як DA, гэты сум знікне. Чакаю гэтага моманту.
Кожны дзень я правяраю LinkedIn і вакансіі, якія мне пасуюць (я маю свой спіс кампаній з беларускімі каранямі і праглядаю іх сайты ў пошуку вакансій). На жаль, маё рэзюмэ заўсёды адкідваюць, хаця я намагаюся падвучваць тое, што магло б дапамагчы падвысіць шанцы. Напрыклад EY набіралі трэйні DA і я падала CV + прайшла курс ад EY і Prometheus пра аўдыт і дадала сертыфікат. Але ўсё адно не прайшла далей.
Была на двух сумоўях. І на апошніх этапах не праходзіла далей. Хаця ў першы раз было групавое заданне і я паказала сябе лепей за ўсіх з маёй групы. Разумею, што ёсць багата прычын, па якіх кандыдатаў скіпаюць і было б вельмі каштоўна атрымліваць фідбэк на ТЗ ці размовы з рэкруцёрам/лідам, пакуль што такога не было і мае просьбы пра фідбэк застаюцца без увагі.
«Па позве ў ваенкамат я не прыйшоў. За дзень да пазначанага тэрміна я з’ехаў ва Украіну»
Вадзiм, былы студэнт БрДТУ, зараз працуе як Software Engineer у Польшчы:
— У Беларусі я вучыўся ў Берасці у БрДТУ па спецыяльнасьці Штучны інтэлект (так-так, гэта амаль тая ж спецыяльнасць што і ў БДУІР — па ўсёй краіне толькі ў дзвюх ВНУ на яе вучылі). На трэцiм курсе хадзіў на ўніверскія акцыі пратэсту, апошняй з якіх была забастоўка. Пасля забастоўкі ўдзельнікаў аператыўна пакаралі вымовамі, а неўзабаве і ўвогуле адлічылі.
Мне дзядзька ваенком прынёс позву ў ваенкамат. Яе трэба было абавязкова атрымаць перад тым, як мне бы далі азнаёміцца з загадам на адлічэнне. Сфатаграфаваць яго не дазволілі, сказалі да рэктара ісці па гэта. Але як вызначылася рэктар недзе таемным чынам знік і некаторы час нібы спецыяльна не з’яўляўся. Позва была раздрукавана з няправільным годам, прыйсці сказалі ўжо ў наступны панядзелак.
Як можна здагадацца, па позве ў ваенкамат я не прыйшоў. За дзень да пазначанага тэрміна я з’ехаў ва Украіну. Там атрымаў гуманітарную візу, залічыўся на праграму для рэпрэсаваных студэнтаў (iмя Кастуся Каліноўскага) пасля чаго пераехаў жыць і вучыцца ў Польшчу.
Польскай на пачатку я не ведаў, той узровень, што маю, атрымаў за некалькі месяцаў інтэнсіўных моўных курсаў. Тым не меньш гэта не перашкодзіла мне паступіць і скончыць універсітэт на польскай мове. Не скажу што адчуваў нейкі дыскамфорт датычна моўнага пытання па выніку, усё прайшло даволі добра.
Падчас майго навучання распачалася вайна ва Украіне. Прыкладна з таго моманту я канчаткова вырашыў перайсці на беларускую мову. Цяпер так сталася, што беларуская для мяне больш звычайная, чым расейская мова, і пасля доўгага перапынку мне было нават крыху складана на ёй размаўляць, прыходзілася падбіраць словы.
У гэтым годзе я скончыў польскі бакалаўрыят і атрымаў спецыяльнасць інжынера. Пасля ўнівера ўладкаваўся на пазіцыю Software Engineer у кампанiю, дзе працую і зараз (трэці месяц ужо пайшоў — мне падабаецца).
Наколькі складана было ўладкавацца, мне складана ацаніць — гэта быў мой першы вопыт пошуку менавіта фултайм-працы. 2 месяцы ў мяне прайшло ў рэжыме «дашлі рэзюмэ — атрымай адмову праз 2 тыдні» у лепшым выпадку, некаторыя ўвогуле так і не адпавялі. Але праца па выніку сама мяне знайшла. Мне напісала рэкруцёрка з месца, дзе я зараз і працую.
Ва Украіне я жыў разам з аднагрупнікам, якога таксама адлічылі. У нас быў нейкі запас грошаў, на які мы з ім першы час i жылі. Потым мы падаліся на збор для рэпрэсаваных студэнтаў, і да пераходу на стыпендыю жылі на тыя грошы. Ва Украіне здымалі кватэру, а ў Польшчы першы час ужо жылі ў інтэрнаце.
Час ад часу я перабіваўся праектамі рознымі, але потым ужо з’явілася патрэба ў паўнавартаснай працы — ну i, як вынiкае, я яе знайшоў. Што яшчэ: я шмат добрых знаёмстваў знайшоў у замежжы. Цудоўныя людзі!
-
Мабільны аператар абвясціў пра «маштабныя работы» па паляпшэнні сувязі ў дзвюх абласцях
-
Беларус у Польшчы спрабаваў стаць агентам КДБ. Ён гатовы быў рабіць дыверсіі ў Еўропе і даносіць на беларусаў замежжа
-
На канцэрце Каржа варшаўская паліцыя затрымала 109 чалавек. І правярае лозунгі, якія гучалі на стадыёне
Каментары