У кар’еры амерыканскага спевака 14 плацінавых сінглаў і сем мільярдаў праслухоўванняў.

35-гадовы Джэйсан Дэрула нарадзіўся ў горадзе Мірамар, штат Фларыда, ЗША. Яго бацькі — выхадцы з вострава Гаіці, і роднай мовай спевака была гаіцянская крэольская.
Джэйсан выхоўваўся разам з братам і сястрой і вучыўся ў мастацкіх школах. У пачатку сваёй кар’еры ён скараціў напісанне прозвішча (з Desrouleaux да Derulo), каб яго было прасцей вымаўляць.
Як стаў зоркай музыкі
Свой шлях у шоу-бізнэсе ён пачаў з напісання тэкстаў для іншых выканаўцаў, сярод якіх быў і «кароль хіп-хопу» P. Diddy, які цяпер знаходзіцца пад следствам па шэрагу абвінавачанняў у сэксуальным гвалце і гандлі людзьмі.
Прафесійная кар’ера Джэйсана пачалася пасля таго, як на яго звярнуў увагу прадзюсар Джонатан Ротэм, які падпісаў яго на лэйблы Beluga Heights Records і Warner Brothers Records.
Улетку 2009 года Дэрула выпусціў свой першы сінгл Whatcha Say, які напрыканцы жніўня дэбютаваў на 54-м месцы ў Billboard Hot 100, а ўжо ў лістападзе ўзначаліў чарт.
Яго дэбютны альбом Jason Derulo выйшаў вясной 2010 года. Другі студыйны альбом — Future History — восенню 2011-га. У падтрымку альбома артыст планаваў тур па Вялікабрытаніі ў лютым 2012 года, аднак у студзені падчас рэпетыцыі зламаў пазванок і быў вымушаны адмяніць канцэрты.
Найбольш вядомым хітом з трэцяга альбома Tattoos, які выйшаў у 2013 годзе, стаў сінгл Wiggle (feat. Snoop Dogg).
У 2014 годзе песня Want to Want Me, якая пазней увайшла ў чацвёрты студыйны альбом Everything Is 4, стала самым папулярным трэкам у гісторыі радыё Top-Top, заняла пятае месца ў Billboard Hot 100 і ўзначаліла брытанскі чарт.
Пасля выхаду пятага альбома ў 2015 годзе, Дэрула спатрэбілася амаль дзевяць гадоў, каб выпусціць шосты — Nu King. У яго ўвайшлі ўжо вядомыя сінглы, такія як Swalla і Take You Dancing.
У 2020 годзе артыст выдаў хіт Savage Love сумесна з новазеландскім прадзюсарам Jawsh 685. Песня ўзначаліла сусветныя чарты, а пасля выхаду рэмікса ў выканнанні паўднёвакарэйскага гурта BTS заняла першае месца ў Billboard Hot 100, стаўшы другім №1-хітом у кар’еры Дэрула.
Джэйсан Дэрула таксама мае вопыт здымак у кіно. У фільме Cats («Коткі»), які выйшаў у канцы 2019 года, ён сыграў ката Рам Тама Тагера.
За гэтую ролю Дэрула намінавалі на жартлівую анты-прэмію «Залатая маліна» ў катэгорыі «Найгоршы экранны дуэт» — разам з «яго адрэдагаванай камп’ютарам выпукласцю», што стала іранічнай адсылкай да фота з Instagram, дзе выразна праглядаўся сілуэт яго палавога органа.
На рахунку Джэйсана Дэрула 14 плацінавых сінглаў, 7 мільярдаў праслухованняў на YouTube, 66 мільёнаў падпісчыкаў у тыктоку і 39 мільёнаў — у Instagram.
Музыка Джэйсана Дэрула ў асноўным належыць да поп-жанру, але мае ўплывы R&B і хіп-хопу. Сярод галоўных крыніц натхнення ён часта называе Майкла Джэксана.
«Менавіта дзякуючы яму я стаў тым, хто я ёсць. Калі мне было чатыры гады, я ўпершыню яго ўбачыў. Я бачыў, як ён захапляе публіку, як моцна яго выступы краналі людзей», — адзначаў артыст.
Сярод іншых вядомых выканаўцаў, якія аказалі на яго ўплыў, Дэрула называе Элвіса Прэслі, Мадонну, Прынса, Ашэра і Джасціна Цімберлейка.
Асабістае жыццё
Джэйсан Дэрула меў некалькі сур’ёзных адносін. Найбольш працяглымі былі адносіны з дзяўчынай са школы, з якой ён сустракаўся тры гады да 2014 года.
У маі 2021 года мадэль Джэна Фрумс нарадзіла яму сына. Праз пяць месяцаў пасля нараджэння дзіцяці пара рассталася. Паводле Фрумс, сярод прычын былі непаважлівыя паводзіны і здрады з боку Дэрула.
Але, як відаць па відэа ў тыктоку, Джэйсан удзельнічае ў выхаванні сына і падтрымлівае адносіны з яго маці.
У жыцці спевака ёсць і гучныя абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях. Восенню 2023 года супраць яго пазоў падала спявачка Эмазан Гібсан. Паводле яе паказанняў, у 2021 годзе музыкант прапанаваў ёй кантракт, і яны пачалі сумесна працаваць над музыкай. Дэрула выступаў у ролі яе «настаўніка, кіраўніка і агента».
Паводле адваката Гібсан, Дэрула парушаў дамоўленасці, пагражаў і «бессаромна дамагаўся» да маладой калегі. Сама яна сцвярджала, што спявак праяўляў агрэсію і неаднаразова настойваў, каб яна ўжывала алкаголь і займалася з ім сэксам, нягледзячы на яе адмову.
У красавіку 2024 года суддзя ў Каліфорніі адхіліў справу, бо кантракты, падпісаныя з Дэрула і Atlantic Records, утрымлівалі пункт, што ўсе спрэчкі павінны разглядацца ў Нью-Ёрку. Прадстаўнікі Гібсан заявілі, што перапададуць пазоў у Нью-Ёрку.
Дэрула таксама гастралюе па постсавецкай прасторы. У лютым 2024 года ён выступаў у Алматы, а летам таго ж года наведаў цырымонію адкрыцця міжнароднага фестывалю Dream Fest на Каспійскім узбярэжжы ў Баку.
На верасень 2025 года запланаваныя канцэрты артыста ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Калі Расія нападзе на NATO, Калінінград будзе знішчаны ў першыя ж гадзіны. Але могуць прайсці два тыдні, перш чым дадатковыя сілы прыбудуць у Літву» — генерал Бэн Ходжэс

Каментары