Архіў

Пісьменьнікі дадуць бой 9 сьнежня

Яны мяркуюць, што ўсьлед за стварэньнем СПБ улады паспрабуюць дэлегалізаваць саюз на чале з Алесем Пашкевічам і пазбавіць пісьменьнікаў базы на Фрунзэ, 5.

Пісьменьнікаў перапаўняюць зразумелыя эмоцыі. 22 лістапада сябры Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сабраліся на прэс-канфэрэнцыю, каб выказаць свае меркаваньні пра стварэньне праўладнага Саюзу Беларусі.

Старэйшына пісьменьніцкай арганізацыі Валянцін Тарас на Чаргінцовы закіды ў палітыканстве адрэагаваў рэзка: «Нас аб’ядналі Радзіма, мова, гісторыя — вось у чым было наша палітыканства!»

Уладзімер Арлоў у сваім выступе зазначыў пагрозу, якую нясе наваствораная пісьменьніцкая суполка: «У масавай сьвядомасьці адбудзецца прафанаваньне панятку «беларуская літаратура», калі яе прадстаўніком будзе выступаць Чаргінец».

На самую блізкую небясьпеку ўказваў паэт Уладзімер Някляеў: «Сёньня рабіць выгляд, што нічога не адбылося, што гэтыя людзі могуць быць і ў той арганізацыі, і ў нас — дык мы так невядома да чаго дагуляемся. Нам і так перакрыюць усе каналы сувязі з чытачамі. І дзе ты там у краіне каму дакажаш, што ты ня маеш нічога супольнага з гэтай арганізацыяй?» Першая «ластаўка» ўжо прыляцела: у Саюз беларускіх пісьменьнікаў прыйшло запрашэньне на Караткевіцкае сьвята ў Воршу, адрасаванае… М.Чаргінцу.

Задумацца пра вечнае заклікаў калег Генадзь Бураўкін, прапанаваўшы ацэньваць літаратуру па творах, а не па саюзах. Аднак і ён не ўстрымаўся ад рэзкіх словаў: «Але гэта для чытачоў і будучых пакаленьняў няма розьніцы, хто ў якім саюзе, а для палітыкаў і сучасьнікаў — ёсьць. Нам кажуць, што за апошнія 10 гадоў не было створана ніводнай выдатнай кнігі. А быкаўская «Доўгая дарога дадому»? А дзьве выдатныя някляеўскія паэмы — «Палянэз» і фінская? А выдатная кніга вершаў Барадуліна «Ксты»? А раманы Віктара Казька? Дык якое права вы маеце выкідаць гэтыя гады? Ці вы проста ня ведаеце гэтыя творы, бо літаратуру не чытаеце?»

Падсумаваньнем прагучалі словы Сяргея Законьнікава: «Хай ствараюць сабе арганізацыю. Прыйдзе час — усё само рассыплецца».

Такім чынам, арганізатараў вернага Лукашэнку СПБ з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ня выключылі. Праўда, гэта можа адбыцца на зьезьдзе. Прапанова склікаць яго для абмеркаваньня сытуацыі прагучала. «Мы можам на сходзе Беллітфонду 9 сьнежня абвясьціць правядзеньне нечарговага зьезду Саюзу», — адзначыў Алесь Пашкевіч.

Пакуль няясна таксама, ці ўзьнімуцца незалежныя пісьменьнікі на фізычнае змаганьне за сваю ўласнасьць, у прыватнасьці, за мэмарыяльны кабінэт Максіма Танка.

Не падставім шыяў пад ашыйнікі

Гэткай брутальнай зачысткі перад выбарамі абсалютна ніхто не чакаў. Паліттэхнолягі ад улады вырашылі пакуль не чапаць партыі, а запалохаць само грамадзтва, каб пазбавіць апазыцыйных палітыкаў якой бы там ні было падтрымкі зьнізу. Ужо добра праглядаецца лягічны лянцуг: праваабарончавыя арганізацыі, затым Саюз палякаў і пратэстанты. І вось цяпер Саюз пісьменьнікаў — інтэлігенцыя, мозг, нацыянальны агмень.

Трэба не паддавацца на запалохваньні, мацаваць еднасьць і салідарнасьць. Таму выказваю падтрымку легітымнаму кіраўніцтву СПБ. Не здавайцеся. Не пускайце ў сваё сэрца адчай. Ніхто ня здольны зьмяніць гісторыю або павярнуць яе шлях у адваротным кірунку. Перажывём. Беларусь была і будзе. Будзе і беларуская літаратура. А каб мы ў ёй засталіся — мусім не падстаўляць свае шыі пад ашыйнікі.

Алесь Аркуш, лідэр Таварыства вольных літаратараў

Старшыня ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў: «Я нiколi нiкога не папракаў за працу ў холдынгу «ЛiМ». Я разумею, што людзям трэба выжываць. Але ў дадзеным выпадку новы саюз арганiзуецца не таму, што кармiцца трэба. Яны выконваюць заданьне: супрацьстаяць Саюзу беларускіх пiсьменьнiкаў, зь якiм улада не змагла справiцца самастойна...»

Народны паэт Рыгор Барадулін: у стварэньні СПБ бачыць спробу «данішчыць Саюз пісьменьнікаў як апору беларускасьці». «Сьпярша ім штосьці дадуць, але ўсё гэта — толькі да чарговае хвалі. Яны думаюць, што ім аддадуць Дом літаратара — не аддадуць: гэта дужа дарагі кавалак. Ну, а што яны абвясьцілі там сябе геніямі, дык Брэжнеў некалі атрымаў прэмію за літаратурныя творы. Жадаю ім посьпехаў Брэжнева!»

Раманіст Віктар Казько: «У нас цяпер ёсьць міліцэйска-пракурорскае выдавецтва, створаны міліцэйска-паліцэйскі саюз пісьменьнікаў. Засталося толькі чакаць прыліву міліцыянтаў у літаратуру».

Каментары

Цяпер чытаюць

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро10

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі рыбак паказаў, як злавіў рыбіну памерам з дзесяцігадовае дзіця ВІДЭА6

Ці чыстае паветра ў беларускіх гарадах? 

Пентагон здабыў таямнічую прыладу з расійскімі кампанентамі. Ёй маглі апраменьваць амерыканскіх дыпламатаў

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»35

Бяляцкі заклікаў свет умяшацца ў сітуацыю ў Іране11

Цікавыя дэталі пра фінал серыяла «Вельмі дзіўныя справы»2

У Расіі коміка Аляксандра Гудкова аштрафавалі за пародыю на песню Шамана «Я — вузкі»2

У Бабруйскім раёне казуля нечакана выйшла да людзей ФОТАФАКТ

Чаму зніклых людзей шукаюць так доўга пры вялікай колькасці камер відэаназірання па ўсёй краіне?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро10

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць