Увосень вуліцы Мінска ўпрыгожаць больш за 40 тысяч хрызантэм. Пра гэта 21 верасня на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме паведаміў генеральны дырэктар «Мінскзеленбуда» Аляксандр Ермаловіч, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Кветкі высадзяць на клумбах, вертыкальных канструкцыях і раздзяляльных палосах дарог. Па словах Ермаловіча, у Мінску ўжо каля пяці гадоў з надыходам прахалоднага і вільготнага надвор’я, пасля заканчэння цвіцення ампельных раслін, высаджваюць хрызантэмы. Яны павінны цешыць гараджан да позняй восені.
Да канца года ў сталіцы таксама плануюць высадзіць больш за 10 тысяч дрэў і 130 тысяч кустоў. Усе гэтыя работы прадугледжаныя штогадовым планам азелянення, упарадкавання і кветкавага афармлення Мінска.
Паралельна ў горадзе рыхтуюцца да зімы. Каб абараніць дрэвы ўздоўж асноўных праспектаў і вуліц з інтэнсіўным рухам ад рэагентаў, іх плануюць абгарнуць чаротавымі матамі.
Яшчэ адна сезонная праца — абрэзка дрэў. На гэты момант яна праведзеная для 21 тысячы раслін, яшчэ каля чатырох тысяч дрэў трэба абрэзаць.
У Мінску таксама рэгулярна абследуюць зялёныя насаджэнні і выяўляюць дрэвы, якія знаходзяцца ў неналежным стане. Калі адпаведнае заключэнне пацвярджае неабходнасць іх выдалення, праводзяцца адпаведныя работы. З пачатку года да сярэдзіны верасня ў сталіцы ўжо прыбралі каля пяці тысяч такіх дрэў, і гэтая праца працягваецца.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў асобна звярнуў увагу на барацьбу з каштанавай моллю, якасць пасадачнага матэрыялу і выбар месцаў, найбольш прыдатных для высадкі дрэў.
Каментары