Свет2323

Як вайна Трампа з Іранам наблізіла канец нафты і газу і адкрыла дарогу электрычнасці

Дональд Трамп не любіць электрамабілі і ненавідзіць ветракі. Ён спрабуе забараніць «зялёную» энергетыку ў ЗША і ўсяляк падтрымлівае амерыканскіх нафтавікоў. Аднак менавіта яго намаганнямі «зялёная» будучыня можа атрымаць канчатковую перамогу над нафтагазавым мінулым ва ўсім свеце, піша Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Усё таму, што вайна Трампа з Іранам справакавала новы энергетычны крызіс, які можа зацямніць усе папярэднія. І пакуль што найлепш гэты крызіс перажываюць краіны, якія зрабілі высновы з папярэдняга, выкліканага ўварваннем Расіі ва Украіну, і ўклаліся ў электрамабілі і сонечную энергію.

Лідары «зялёнай рэвалюцыі» — Кітай і Еўрасаюз.

Кітай — таму што ён з’яўляецца сусветнай фабрыкай, залежыць ад імпарту энергарэсурсаў і імкнецца да энергетычнай незалежнасці дзеля перамогі ў барацьбе за сусветнае эканамічнае панаванне над Злучанымі Штатамі — найбуйнейшым у свеце вытворцам нафты і газу.

Еўрасаюз — бо ён страціў найбуйнейшага пастаўшчыка энергарэсурсаў, Расію, як толькі яна вырашыла выкарыстаць нафтагазавыя пастаўкі для палітычнага і эканамічнага ціску на Еўропу дзеля заваявання Украіны.

Пасля нападу ЗША на Іран цэны на газ у Еўропе выраслі з 30 да 50 еўра за мегават-гадзіну, тады як пасля расійскага ўварвання ва Украіну яны дасягалі 300 еўра. А Кітай не толькі не пераплачвае за газ і нафту, але і дорага перапрадае расійскія партыі звадкаванага газу ў Японію — таму што ў яго дастаткова энергіі, нягледзячы на сусветны крызіс.

Усё дзякуючы аднаўляльным крыніцам — сонечным панэлям, ветракам і гідраэлектрастанцыям. І рэвалюцыі ў аўтатранспарце.

Колькі нафты эканомяць электрамабілі

Кітай дружна перасеў на электрамабілі і стаў іх галоўным экспарцёрам на планеце. У мінулым годзе продаж электрычных машын у Кітаі вырас у чатыры разы ў параўнанні з 2021 годам і перавысіў продажы ва ўсім свеце.

Электрыфікацыя транспарту мае прамое дачыненне да нафтавага крызісу. Толькі за кошт пераходу на электрамабілі свет у цэлым у мінулым годзе ашчадзіў 2,7 мільёна бараляў нафты ў дзень, падлічылі аналітыкі BloombergNEF. Агулам праз чатыры гады эканомія падвоіцца, прагназуюць яны.

Для параўнання: з-за блакады Армузскага праліва Іранам свет недалічыўся 10—12 мільёнаў са 105 мільёнаў бараляў нафты, якія ён спажываў да вайны. Іншымі словамі, калі б вайна з Іранам адбылася адначасова з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, дэфіцыт быў бы яшчэ больш істотным, а цэны выраслі б яшчэ мацней.

Можна паглядзець на гэтую статыстыку з іншага боку: краіны Захаду для кампенсацыі нафтавага шоку вырашылі пайсці на беспрэцэдэнтны ў сучаснай гісторыі распродаж нафты са стратэгічных запасаў. Заяўлены аб’ём інтэрвенцый — каля 3 мільёнаў бараляў у суткі на працягу 4—5 месяцаў.

Калі б не электрамабілі, прыйшлося б прадаваць роўна ўдвая больш, а гэта немагчыма чыста фізічна з-за абмежаванняў экспартнай інфраструктуры. А значыць, нафта зараз каштавала б яшчэ даражэй.

Развітанне з газам

Кітай перасаджваўся на электрамабілі і ўсцілаў пустыню Гобі сонечнымі панэлямі з меркаванняў энергетычнай бяспекі, каб менш залежаць ад імпарту нафты з Блізкага Усходу, а таксама з Расіі, Аўстраліі і ЗША. Еўропа рабіла тое ж самае, каб пазбавіцца ад расійскай нафтагазавай залежнасці.

Аднак паступова геапалітычныя меркаванні саступілі месца чыста эканамічным: аднаўляльныя крыніцы энергіі сталі таннейшымі і больш даступнымі. Нават без датацый і субсідый ветракі, батарэі і электрамабілі аказаліся больш прывабнымі.

Ад моманту справакаванага Расіяй энергетычнага крызісу 2021—2022 гадоў сонечныя батарэі і ветракі патаннелі больш чым на 20%, а іх эфектыўнасць вырасла. Зараз будаваць і ўводзіць іх у эксплуатацыю лягчэй, хутчэй і танней, чым вугальныя, газавыя, гідра– і тым больш атамныя электрастанцыі.

Паколькі першапачаткова ветракі і сонечныя батарэі былі сімвалам барацьбы са змяненнем клімату, большасць краін не спяшалася з дарагім пераходам на аднаўляльныя крыніцы. Яны планавалі выкарыстаць прыродны газ — больш экалагічны, чым вугаль — як «пераходнае» паліва.

Новая вайна на Блізкім Усходзе паставіла гэтую стратэгію пад пытанне. Іран перакрыў Армузскі праліў, праз які Катар пастаўляў прыкладна 20% усяго прыроднага газу на сусветны рынак. Цяпер былыя спажыўцы катарскага газу зноў паляць вугаль, бо гэта адзінае, чаго дастаткова дома і што не трэба імпартаваць.

Аднак агульная стратэгія пераходу да аднаўляльных крыніц не змянілася. Змянілася толькі тактыка.

«У мінулы крызіс пацярпела ў асноўным Еўропа, а гэтым разам — усе. Не выключана, што цяпер многія краіны вырашаць прапусціць пераходны газавы перыяд і адразу пераскочыць да аднаўляльных крыніц энергіі, захаваўшы пры гэтым вугаль у энергетычным балансе», — адзначае Эн-Сафі Карбаз з Калумбійскага ўніверсітэта.

Хто заплаціць: усе разам ці кожны паасобку

«Выснова відавочная: краіны, якія замянілі газавую генерацыю аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, цяпер менш уразлівыя да росту цэн на нафту і газ», — пішуць эксперты еўрапейскага даследчага цэнтра Bruegel.

Аднак як толькі «зялёныя» тэхналогіі сталі эканамічна прывабнымі, улады згарнулі датацыі, і пераход да аднаўляльных крыніц энергіі запаволіўся.

«Пакуль рост цэн на газ апярэджваў цэны на электраэнергію ў 2022 і 2023 гадах, продаж цеплавых помпаў па ўсёй Еўропе рос, пасля чаго ў 2024 і 2025 гадах тэмпы росту запаволіліся. І Еўракамісія згарнула план па ўстаноўцы цеплапомпаў», — прыводзіць Bruegel прыклад таго, як субсідыі растаюць па меры змякчэння крызісу.

Але прыйшла новая бяда — вайна на Блізкім Усходзе. Яна вярнула пытанне пра дзяржпадтрымку ў парадак дня.

«Цяперашні энергетычны крызіс цалкам здольны зацьміць нафтавы шок 1970‑х гадоў, які стаў каталізатарам пераходу да альтэрнатыўных крыніц энергіі, — лічыць былы высокапастаўлены чыноўнік амерыканскага Белага дома Джэйсан Бардаф з Калумбійскага ўніверсітэта. — Але для гэтага патрэбныя рэформы».

Некаторыя краіны ўжо абвясцілі пра падобныя рэформы, каб нагнаць адставанне ў «зялёнай рэвалюцыі».

У Вялікабрытаніі, напрыклад, да гэтага часу былі забароненыя пераносныя сонечныя панэлі, якія свабодна прадаюцца ў Германіі, Непале і іншых краінах. Панэль вешаецца хоць на балконе, хоць на даху, уключаецца ў хатнюю разетку і выпрацоўвае электраэнергію, зніжаючы агульную нагрузку ў сетцы.

Толькі цяпер, калі Іран закрыў Армузскі праліў і нафта з газам рэзка падаражэлі, брытанскія ўлады заварушыліся, паабяцалі адмяніць забарону і дамовіліся з супермаркетамі, што тыя завязуць і будуць прадаваць пераносныя сонечныя панэлі.

Каментары23

  • Рыгор
    06.04.2026
    Поўная лухта, навошта перадрукоўваць гэтую левізну?
  • Джэк Блэк
    06.04.2026
    Китай, "покрывший пустыню солнечными панелями"- крупнейший покупатель газа и нефти, которые перерабатываются в электроэнергию, которой заряжают электромобили, которые Китай штампует потому, что разработать и производить хорошие ДВС- очень сложно и дорого.
  • Алесь.
    06.04.2026
    Так гэта аказваецца Трамп ваюе з Іранам? А я думаў, што там і Ізраіль ёсць, і ў ЗША не толькі Трамп ня хоча, каб аятолы шахнулі ядзернай бомбай па таму ж Ізраілю ды раскрылі б скрыню Пандоры.
    А па энергетыцы ў артыкуле, то суцэльныя маніпуляцыі. Напрыклад, датацыі на зялёную энергетыку, то цяпер проста дадатковая нагрузка на бюджэт краінаў ЕЗ (акрамя Нарвегіі), дзе і так усё больш і больш праблем (паглядзіце на бюджэт Францыі, які выклікае стабільны палітычны крызіс у краіне). І г.д. і т.п.
    "Весела была, як бацьку хавалі, музыка грала, цукеркі давалі.."

Цяпер чытаюць

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі8

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Апублікаваны новы генеральны план Гомеля. Што ў ім?3

На мяжы змяняюцца правілы электроннай чаргі для аўтамабіляў

Бундэсвер упершыню выпрабаваў балістычную ракету6

Турчын прызнаўся ў праблемах беларускага экспарту2

Назад да ручкі і забарона на смартфоны: універсітэты вымушаныя змяняць фармат заняткаў і кантрольных, інакш ШІ не дае ні вучыць, ні праверыць11

Адзін з падазраваных у атацы на аэрапорт Лейпцыга — мужчына з Беларусі27

Пяць тысяч амерыканскіх вайскоўцаў правялі 250 дзён у моры, а цяпер высадзяцца ў Тайландзе. Установы для дарослых рыхтуюцца8

Лоеўскі суд прызнаў «экстрэмісцкім» тыкток праўладнага блогера2

Рэдактарку дзяржаўнага выдавецтва асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі8

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць