Ці будзе Расія здымаць вяршкі з нафтавага крызісу праз вайну ў Іране? Выглядае, што так
Ваенныя дзеянні ў Іране і блакіроўка Армузскага праліву закранулі каля 20% сусветнага рынку нафты. Як гэта паўплывае на Расію і Беларусь?

Магчымыя два сцэнары развіцця падзей
Калі да пачатку баявых дзеянняў у Іране нафта Brent прадавалася па цэнах каля 70 даляраў за барэль, то па стане на 12 сакавіка яна каштуе каля 100 даляраў. Пры гэтым на піку цэны дасягалі 116 даляраў.
На думку спецыяліста дэпартамента энергетычнай бяспекі iSANS Яўгена Макарчука, зараз трэба трымаць у галаве два сцэнары: Армузскі праліў адкрываецца на працягу бліжэйшых 1—2 тыдняў або закрываецца надоўга. Другі сцэнар Макарчук называе вельмі малаімаверным. Калі ж рух па канале будзе адноўлены бліжэйшым часам, то цэны на нафту хутка пачнуць зніжацца.
«Пакуль выглядае, што пры спыненні вайны цэны на нафту апусцяцца нават ніжэй за тую, што была 27 лютага. Бо цана апошнім часам была завышанай праз чаканне вайны. Таму, калі вайна скончыцца, рынак вернецца хутчэй да сітуацыі студзеня (каля $60‑65 за барэль)», — лічыць Макарчук.
Расія ў плюсе
Але нават у выпадку хуткага завяршэння крызісу сітуацыя, якая склалася на рынку нафты, грае на руку Расіі, бо рост цэн на нафту выклікае значны рост нафтагазавых даходаў іх бюджэту.
«Акрамя непасрэднага росту цэн, Іран быў канкурэнтам Расіі па пастаўках санкцыйнай сыравіны, у першую чаргу ў Кітай. Цяпер у Расіі няма канкурэнта, які гатовы прапаноўваць значныя зніжкі, таму сітуацыя з цаной расійскай нафту ў Кітаі можа палепшыцца для Расіі і на больш працяглы перыяд».

З іншага боку, дадае эксперт, Іран быў значным саюзнікам Расіі ў іншых сферах, таму ў некаторых пытаннях яна можа страціць нават больш. Сярод такіх прыкладаў Макарчук называе спыненне будаўніцтва АЭС у Іране, якім займаўся «Расатам».
На карысць Расіі ў пытанні продажу нафты Кітаю таксама можа згуляць той факт, што ў Іране ёсць пэўныя пашкоджанні нафтавай інфраструктуры. Хоць прынамсі пакуль яны нязначныя, на іх аднаўленне ўсё адно спатрэбіцца час.
«Але глабальныя рынкі ад гэтага асаблівых змен не адчуюць, паколькі Іран экспартаваў не так шмат нафты — да 2 мільёнаў барэляў за суткі», — тлумачыць эксперт.
Працяглы крызіс яшчэ больш выгадны Маскве
Што да другога сцэнарыя, калі канфлікт будзе працяглым, праліў застанецца заблакаваным працяглы час і, адпаведна, цэны на нафту будуць доўга трымацца высокімі, то гэта ўжо можа вельмі значна паўплываць на даходы расійскага бюджэту.
Адпаведна, гэта пазітыўна паўплывае і на сітуацыю ў Беларусі, паколькі Расія з'яўляецца яе асноўным эканамічным партнёрам.
«Але пакуль большасць аналітыкаў схіляюцца да таго, што праліў будзе хутка адкрыты», — кажа эксперт.
Ёсць нюансы
Aсаблівую ўвагу Яўген Макарчук звяртае на той момант, што здабыча нафты ў Расіі падала на працягу апошніх трох месяцаў.
«У іх пагаршаецца рэсурсная база. Большасць радовішчаў старыя, новыя амаль не ўводзяцца, усё большая доля рэсурсаў кваліфікуецца як цяжказдабывальныя. То-бок рост цэн — гэта, безумоўна, рост даходаў для Расіі. Але вось ці зможа яна паставіць на рынак больш нафты, чым пастаўляла ў мінулыя месяцы — вялікае пытанне», — кажа Макарчук.

На ягоную думку, аб'ёмы здабычы нафты ў Расіі абмежаваныя фізічнымі магчымасцямі, а не попытам на знешнім рынку.
Апроч Кітая, яшчэ адным важным кірункам для расійскай нафты з'яўляецца Індыя. Амаль 15% нафты, якая праходзіць праз Армузскі праліў, накіроўваецца ў Індыю.
Злучаныя Штаты Амерыкі ўжо паведамілі партнёрам з Вялікай сямёркі, што могуць абмежаваць паслабленне нафтавых санкцый супраць Расіі пастаўкамі ў Індыю.
Каментары