Упершыню за больш як паўстагоддзя людзі зноў паляцяць да Месяца
У лютым НАСА плануе запусціць місію «Артэміда-2», у рамках якой чацвёра астранаўтаў адправяцца ў вандроўку вакол Месяца. Гэта стане першым палётам чалавека за межы калязямной арбіты пасля завяршэння праграмы «Апалон» у 1972 годзе.

Місія з чатырма астранаўтамі праверыць карабель «Арыён» (Orion) ва ўмовах далёкага космасу і падрыхтуе высадку на паўднёвы полюс Месяца да канца дзесяцігоддзя, піша ixbt.com.
У склад экіпажа ўвайшлі Рыд Вайзман, Віктар Гловер і Крысціна Кох з NASA, а таксама Джэрэмі Хансен з Канадскага касмічнага агенцтва.
Місія «Артэміда-2» (Artemis II) прызначана для тэставання сістэм і кампанентаў касмічнага карабля «Арыён». Астранаўты здзейсняць аблёт Месяца па траекторыі, якая дазволіць вярнуць іх на Зямлю нават у выпадку адмовы рухальнай устаноўкі. У адрозненне ад місій «Апалон» (Apollo), «Артэміда-2» не будзе выходзіць на нізкую калямесяцовую арбіту, а здзейсніць шырокі аблёт вакол спадарожніка.
Палёт «Артэміда-2» таксама мае геапалітычнае значэнне, паколькі разглядаецца як адказ на хуткае развіццё касмічнай праграмы Кітая. Місія стане важным этапам на шляху да высадкі астранаўтаў у раёне паўднёвага полюса Месяца, запланаванай на канец гэтага дзесяцігоддзя.
Падчас 45‑хвіліннага перыяду максімальнага збліжэння з Месяцам карабель страціць сувязь з Зямлёй. «Я быў бы рады, калі б увесь свет — гэтыя 8 мільярдаў чалавек… маглі сабрацца разам і проста спадзявацца і маліцца пра тое, каб мы аднавілі сігнал», — сказаў Гловер.
Акрамя тэхнічных выпрабаванняў, «Артэміда-2» правядзе шэраг навуковых даследаванняў. Астранаўты будуць ацэньваць свой кагнітыўны стан, сон, узровень стрэсу, імунны адказ і сардэчна-сасудзістае здароўе. На борце таксама будуць размешчаныя чыпы з тканкамі чалавечых органаў для вывучэння ўплыву далёкага космасу на арганізм. Экіпаж будзе аналізаваць і фатаграфаваць геалагічныя асаблівасці месяцовай паверхні, такія як ударныя кратары і старажытныя лававыя патокі.
Місія будзе праходзіць на ракеце Space Launch System (SLS) з караблём «Арыён». Пасля выхаду на зададзеную траекторыю «Арыён» аддзеліцца ад верхняй ступені SLS і пачне самастойны палёт. «Арыён» пераадолее 385 400 кіламетраў паміж Зямлёй і Месяцам. На такой адлегласці астранаўты сутыкнуцца з больш высокім узроўнем радыяцыі, чым на МКС.
Асаблівая ўвага нададзена цеплаахоўнаму экрану карабля «Арыён», які засцерагае яго ад экстрэмальнага нагрэву пры вяртанні ў атмасферу Зямлі. Падчас выпрабавальнага палёту «Артэміды-1» (Artemis I) у 2022 годзе на экране былі выяўленыя пашкоджанні, і NASA правяло работы па ліквідацыі праблемы.
«Артэміда-2» стане важным крокам на шляху да стварэння пастаяннага месяцовага паселішча, дзе астранаўты змогуць працаваць і трэніравацца — рыхтавацца да яшчэ больш складаных місій, напрыклад, палёту на Марс.
Цяпер чытаюць
Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR, і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026
Каментары