Грамадства7878

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна

Французы сабралі ў Парыжы канферэнцыю беларускай апазіцыі, каб паслухаць іх меркаванне адносна таго, як павінны развівацца адносіны Еўрасаюза і рэжыму Лукашэнкі. Прадстаўніцтва было стракатым і палярным па поглядах. Стэнаграмы выступаў удзельнікаў няма. Але па выніках сустрэчы абвастрыліся адносіны паміж «Белполам» і групай палітыкаў і актывістаў, якія выступаюць за змякчэнне санкцый. Уладзімір Жыгар рэзка накаціў на Валера Кавалеўскага ў адказ на тое, што той нібыта абвінаваціў белполаўцаў у супрацоўніцтве з КДБ.

Уладзімір Жыгар. Фота: LookByMedia

«Новая ўводная ад лабістаў рэжыму. Аказваецца, «Белпол» атрымлівае ўсе свае дакументы ад… КДБ», — на эмоцыях напісаў у фэйсбуку Уладзімір Жыгар, адзін з твараў арганізацыі.

Хутка стала вядома, што гэта адсылка да падзей на сустрэчы французскіх дыпламатаў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, якая адбылася ў Парыжы па ініцыятыве французскага боку.

Жыгар выказаўся «Нашай Ніве» пра набалелае і патлумачыў, што, на яго думку, не так з пазіцыяй сітуатыўнай кааліцыі, якую нефармальна ўзначаліў Валер Кавалеўскі, былы міністр Святланы Ціханоўскай, а цяпер апанент Офіса.

«У маім допісе гаворка ідзе пра кааліцыю (Іван Краўцоў, Валер Кавалеўскі, Настасся Касцюгова, Таццяна Хоміч і іншыя) па выніках мерапрыемства, што адбылося ў Францыі. На ім быў чалавек і ад нашай арганізацыі», — кажа Жыгар.

«Прадстаўнікі гэтай «кааліцыі», якую мы называем «кааператыў «Радзіма», праводзілі думкі пра тое, што быццам бы рэжым сігналізуе: «Старонка перагорнутая». Ягоная роля ў вайне — неадназначная. У цэлым апазіцыя сама вінаватая ў тым, што адбываецца. Лукашэнка хоча толькі аўтаноміі, трэба вяртацца ў 2019 год. А што да «Белпола», то наша інфармацыя — гэта, маўляў, кантраляваныя злівы ад КДБ. Гэта наўпрост сказаў Кавалеўскі нашаму прадстаўніку. Маўляў, нашы дакументы — гэта падман, Лукашэнка ніякі не ваенны злачынца. І ўвогуле, усё гэта шкодна, па сутнасці, мы перашкаджаем, бо не аддзяляем рэжым у Мінску ад крамлёўскага», — кажа Жыгар.

«Трэба рухацца ў парадыгме «ўзнагароджвання» Лукашэнкі за добрыя дзеянні, і тады ўзамен нехта вернецца [у Беларусь], з'явіцца «канструктыўная апазіцыя», частку людзей выпусцяць, ну а некаму — цытата — «не пашанцуе», — працягвае пераказ Жыгар.

«Матывы такіх выступленняў я не разумею. Можа, гэта банальнае «насуперак Офісу»: прайграўшы ўнутрывідавую барацьбу, назло маме адмарожу сабе вушы.

А можа, яны сапраўды бачаць сябе ў нейкай будучыні, дзе Беларусь ужо іншая, але ўсё яшчэ з Лукашэнкам на чале.

На мой погляд, у іх сістэме каардынат усё надзвычай проста і лагічна: не чапай улады, не замахваўся на ўладу, не заўважай карупцыі, вінаватымі рабі «дрэнных выканаўцаў на месцах» — і будзе табе стабільнасць.

Такая простая формула беларускага шчасця. А далей — як выведзе крывая. Калі будзе нейкая нестабільнасць — паспрабуюць, як некаторыя ў 2020-м. Калі не будзе [нестабільнасці] — рызыкаваць і паўтараць свае памылкі 2020 года ніхто не стане.

Невыпадкова той жа Кавалёўскі цяпер цытуе Макея, заяўляючы, што, маўляў, «асэнсаваў сэнс яго слоў». Відаць, «пераасэнсаванне» — новы трэнд сярод тых, хто раней ведаў, а цяпер «разумее інакш».

Сёння мы назіраем дзіўны парадокс: легітымнасць Лукашэнкі ўнутры так званай кааліцыі ўжо ўспрымаецца як дадзенасць. Гучаць заявы пра тое, што, маўляў, ён «легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычным шляхам».

Паралельна ўкараняюцца наратывы, што Лукашэнка — зусім не ваенны злачынца, а ў міграцыйным крызісе вінаватыя Польшча і Літва.

Тое самае і з санкцыямі: людзі, якія ніколі не мелі да іх найменшага дачынення, разважаюць пра тое, «працуюць яны ці не», што трэба здымаць у першую чаргу, а што — у другую.

Пры гэтым іх аргументы грунтуюцца на адчуваннях і здагадках, а не на фактах: ні прычын увядзення санкцый, ні іх наступстваў яны проста не ведаюць.

«Кааліцыя» таксама з зайздроснай сталасцю адмаўляе саму магчымасць вялікай вайны ў Еўропе — нягледзячы на прамыя папярэджанні еўрапейскіх разведак, заявы Дональда Туска і свежы даклад Інстытута вывучэння вайны ў ЗША.

У выніку складаецца цалкам зразумелая карціна:

— Лукашэнку трэба прызнаць, пажадана (чытай — абавязкова) з вяртаннем паслоў;

— Злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў — дараваць, а лепш наогул забыць;

— Санкцыі — зняць, міжнародны ціск — спыніць;

— Рэпрэсіі? Ну, яны ж «інстытуцыйна замацаваныя», спяшацца не варта;

— Злаваць Лукашэнку — небяспечна, значыць, усе антыкарупцыйныя расследаванні трэба згарнуць;

— Тых, каго ён выпусціць, прымусова дэпартуюць — і на гэтым паставяць кропку.

Іншымі словамі, апазіцыі ў краіне больш не застанецца: нязгодных Лукашэнка альбо вышле, альбо пасадзяць, альбо яны і далей будуць сядзець — «не пашанцавала». 

Эканоміка, можа, на нейкі час нават стабілізуецца, але толькі коштам далейшай мілітарызацыі і залежнасці ад Расіі.

Дапамога агрэсару ў вайне супраць Украіны ўзмоцніцца (цяпер у кааліцыі не модна казаць пра вайну), пераўзбраенне працягнецца, а прычыны будучага канфлікту застануцца некранутымі.

І тады ўзнікае толькі адно пытанне: навошта рэжыму спыняць рэпрэсіі, калі ўся сістэма будзе надзейна зацэментаваная і цалкам яго задавальняе?

Адказ, на жаль, відавочны.

Але менавіта такі сцэнар нам прадаюць як адзіны магчымы.

Толькі гэты сцэнар у найгоршым выпадку прывядзе Беларусь да варыянту Нікарагуа, а ў найлепшым — да Азербайджана», — сказаў Жыгар.

***

Дапоўнена. Валер Кавалеўскі пазней коратка адказаў на гэта:  «Гэта хлусня і паклёп. Я такое каментаваць не буду. Адзінае радуе, што ў спадара Жыгара ўсё ж такі ёсць душа».

Каментары78

  • Я разумею, нашых калабарацыяністаў якія мараць пра маскоўскія пенсіі
    07.10.2025
    Кітай вяртае сябе ўсходняю Сібір, і 96% Беларусаў за Незалежнасць, гэта афіцыйная статыстыка , яе не цяжка знайсці на БТ і на старонцы БНФ. Я разумею, нашых калабарацыяністаў якія мараць пра маскоўскія пенсіі, балі і французскія булкі , ваш імперскі цягнік ужо далёка за хмарамі імперскіх мар , пра гэта вам нават Лукашэнка кажа. Прыміце РБ (ВКЛ) ў свае сэрца , наша дзяржава (С. Лукашэнка не на доўга з намі) на стагоддзі
  • Лёлік Ватрушкін
    07.10.2025
    Ну, нягледзячы на прафесійнае мінулае, Жыгару ўдаецца максімальна трапна апісаць усё гэтае "прымірэнчае" паскудства.
  • Беларус
    07.10.2025
    Дык куды там, спадар Жыгар! Нельга прызнаваць легітымнасьць хунты, ды лічаць дыктатара і ейных халуёў - "афіцыйным Менскам", карнікаў ды катаў - "беларускімі сілавікамі", а рэпрэсіўнае заканадаўства - "нацыянальным". Л - логіка. Ад гэтага шкоды, мякка кажучы, па круцей будзе, чым ад нейкага там Кавалеўскага. Таму гарыце ўсе ў пекле, чэрці! - вось такое сьціплае меркаваньне на конт усяго гэтага.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Усе навіны →
Усе навіны

«Шаптуна Пуціна Лукашэнку падвялі ці то «старэйшыя браты», ці то ўласная інтуіцыя»1

Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну і пажадаў «міру на Зямлі»6

Чалы дае прагноз на 2026 год9

Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Калеснікавай7

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення2

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

«Байсол» назваў суму, якую ўдалося сабраць за 2025 год2

Вырасла сума базавай адзінкі1

50 гадоў споўнілася культаваму беларусьфільмаўскаму «Бураціну»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць