Паветраная гімнастка паказала закуліссе працы ў Белдзяржцырку
Эліна Зелянова — паветраная гімнастка ў Беларускім дзяржаўным цырку. Дзяўчына дэманструе шпагаты, з высокай хуткасцю абрываецца на палотнах з-пад купала ўніз, спыняючыся ля самай падлогі, і можа круціцца ў паветры выключна са страхоўкай на шыі.

У сваім тыктоку дзяўчына паказвае закуліссе цырка і расказвае, чаго каштуе выкананне складаных трукаў.
Працоўныя дні ў цырку не абмяжоўваюцца днямі выступаў — артысты штодзённа займаюцца на рэпетыцыйным манежы і наведваюць трэнажорную залу, каб падтрымліваць форму, якая дазволіць выканаць экстрэмальныя трукі.
Падтрыманне формы звязана і са спецыяльным здаровым харчаваннем, багатым на бялкі і карысныя тлушчы. Праўда, Эліна не хавае, што ў складаныя дні яны ад’ядаюцца фастфудам, напрыклад, у KFC.
Акрамя паўтарэння старых элементаў, артысты пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых. Іх прыходзіцца паўтараць шмат разоў, перш чым іх нарэшце пабачыць публіка. Так, цяпер Эліна актыўна засвойвае хулахупы. «Ніфіга пакуль не атрымліваецца», — шчыра прызнаецца яна.
Дарэчы, макіяж для выступаў Эліна робіць сабе сама — яна паказала, як ён звычайна ствараецца.
Сачыць за касцюмамі — падшываць іх, праць — таксама абавязак саміх артыстаў. Але бываюць сітуацыі, калі сваімі сіламі не даць рады, тады ўжо ратуюць касцюмеры. «Мне, калі шчыра, адціснуцца 50 разоў прасцей, чым зашыць дзірку ў штанах», — каментуе Эліна. І называе галоўную складанасць абранай прафесіі:
«Як і ва ўсіх іншых, у нас бываюць дні, калі нічога не хочацца. Але калі на некаторых іншых працах можна дазволіць сабе быць менш прадуктыўнымі, то ў нас так зрабіць не атрымаецца, таму што на рэпетыцыях і асабліва падчас выступу ты мусіш выкласціся на ўсе 200%. Мы ж не можам сказаць тысячы гледачоў: «Ой, прабачце, у мяне сёння ПМС». Таму ўсе свае праблемы і балячкі мы пакідаем за манежам. Я ведаю вельмі шмат выпадкаў, калі артыст выходзіць і з траўмай, і з тэмпературай».
Расказвае гімнастка і пра працу іншых артыстаў. Так, сямейная пара Аляксей і Вольга выступаюць у цырку з катамі. Прычым Вольга ў цырку ўжо 28 гадоў.
«Гэта каты, не мы іх дрэсіруем, а яны нас. Часта ў іх не бывае на рэпетыцыях настрою. Але гэта ўсё мае дзеці — дочкі і сыночкі», — з цеплынёй адгукаецца жанчына.
Сваіх падапечных — мэйнкунаў і дваравых хвастатых — дрэсіроўшчыкі кормяць сухім прэміяльным кормам і мясам. Калі цырк выязджае на гастролі, каты таксама едуць з артыстамі ў спецыяльным транспарце і клетках. Амаль усе жывёлы тут, па словах Вольгі, доўгажыхары з 20-гадовым стажам.
Цырк, дзе, мяркуючы па актуальных вакансіях, можна зарабіць ад тысячы да двух тысяч беларускіх рублёў, — не адзіная праца Эліны. Дадаткова яна зарабляе як трэнерка па аэрастрэтчынгу — расцяжцы на палотнах.
Каментары
Не буду рассказывать, почему, как и что, но поверьте - это Искусство!!!