Меркаванні77

«Прыйдзе час — лёд зноў трэсне, і нешта зноў будзе»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч да гадавіны беларускіх пратэстаў 2020 года разважае ў фэйсбуку пра штучнасць тагачаснага выбару паміж «старой» і «новай» апазіцыяй і сцвярджае, што той уздым быў занадта моцны для таго, каб прайсці бясследна. 

Пяць гадоў таму я шчасліва пазбег пакутаў вызначэння паміж «старой» і «новай» апазіцыяй, бо для мяне да таго часу такога пытання не існавала. Усё было мной прадумана і пераасэнсавана за шмат гадоў да таго, і тое, што ў традыцыйнай беларускай апазіцыі няма шанцаў выйсці «за сцяжкі», а драйву працэсу надаць могуць толькі новыя людзі і структуры, для мяне як мінімум гадоў за 10 да пачатку пратэстаў 2020-га было практычна аксіёмай.

Таму калі такія людзі з'явіліся, працэс пайшоў і грамадства загарэлася — у мяне не ўзнікала пытання, быць у гэты момант з народам ці добраахвотна заставацца ў гета. Адзінае толькі — ніяк не думаў, што гэты момант адбудзецца менавіта падчас выбараў 2020 года: яшчэ ў пачатку гэтага самага года быў упэўнены, што яны будуць прахаднымі і тэхнічнымі, як у 2015-м.

«Ненацыянальнасць», небеларускамоўнасць і неантырасійскасць «новай апазіцыі» мяне ані не бянтэжыла. Бо я быў у курсе, што пераважная большасць беларусаў расейскамоўныя (маладзейшыя — нават далёка не ў першым пакаленні) і не толькі не вызнаюць, але нават паняцця не маюць пра эталонныя каштоўнасці беларускага нацыяналізму.

Плюс я добра ведаў таксама і з гісторыі, і з досведу суседзяў, што і навучанне мове, і прышчапленне каштоўнасцяў не вузкім асяродкавым групам, а шырокім масам — працэс вельмі працяглы, расцягваецца на пакаленні, а для свайго поспеху патрабуе намаганняў не толькі прыдушанай грамадзянскай супольнасці, але таксама застасавання магчымасцяў школы ды іншых магутных інструментаў, якія знаходзяцца ў руках дзяржавы.

То-бок адкладанне паўстання ў часе нейкіх істотных пераваг не дае — пры захаванні статус-кво і праз 10, і праз 20, і праз 50 гадоў грамадства не будзе ў масе сваёй апантаным эталоннымі каштоўнасцямі беларускага нацыяналізму. Максімум, чаго можна дасягнуць — толькі яшчэ крыху пашырыць колькасна нешматлікія ў маштабах грамадства асяродкі. Што ў прынцыпе немалаважна, вядома, але зусім-зусім прынцыповага значэння не мае.

А паколькі ніякай тэхнічнай магчымасці замяніць гэта беларускае грамадства на нейкае іншае ў прыродзе няма, то заставалася толькі адно — прымаць тое, якое ёсць, і спрабаваць нешта сумесна рабіць з ім. З неба ж альтэрнатыва не ўпадзе, колькі ні чакай.

Разуменне і прыняцце гэтага стану дазволіла мне пазбегнуць усялякіх кагнітыўных дысанансаў і ў пэўны час нязмушана і без згрызот уліцца ў агульны працэс, прытым застаючыся самім сабой, не ахвяруючы нават дробнай часцінкай уласных поглядаў ці нават ідэнтычнасці.

Цудоўна ведаю, што гэта быў не мой індывідуальны прыклад, падобны выбар тады са спакойнай душой рабілі многія іншыя людзі з падобнага да майго бэкграўндам. І іх удзел і далучэнне найбольш прыкметна ўвасобіліся ў тым ліку ў тым, што ўсяго за пару месяцаў агульнапрызнанай сімволікай пратэстаў стала не якая-небудзь іншая, а нацыянальная. Ну і іншыя праявы палітычнай і нацыянальнай адукацыі ў працэсе былі і ёсць несумненныя.

Увогуле тыя дні ўспамінаюцца з надзвычайнай цеплынёй. У мяне ніколі не было перад тым такога адчування незвычайнай еднасці са сваім народам, прытым еднасці не разбуральнай, а стваральнай, заснаванай на самых найлепшых пачуццях. Плынь, якая шмат гадоў цякла пад лёдам і не была бачная, вырвалася на паверхню і паказала ўсяму свету, і нам самім у тым ліку, што беларусы могуць быць і такімі.

Так, утаймаванне гэтай плыні ды заганянне яе пад яшчэ таўсцейшы лёд — гэта вельмі траўматычна ды трагічна, тут няма чаго казаць. Але не мы першыя і не мы апошнія праз гэта праходзім. І нішто не вечнае.

Прыйдзе час — лёд зноў трэсне, і нешта зноў будзе. А вось калі гэта здарыцца і ў якія формы што выльецца — тут ніхто дакладна не спрагназуе. Але плынь была занадта моцная і занадта моцны пакінула пасля сябе след, каб яе можна было проста так з канцамі высушыць.

Каментары7

  • andres9
    09.08.2025
    Люблю чытаць Пашкевіча, вельмі добры артыкул.
  • Найперш не галасі!
    09.08.2025
    Былі дзьве рэчы, каторыя выразна паказвалі, што "как раньше уже не будет":
    1) "інагда не да законов".
    Значыць, кіраўнічы клан сам вырашыў знішчыць ўсё тое, што дагэтуль было ў рознай ступені прымальна ці хоць бы звыкла. Зразумела, новага прымальнага прапанаваць не змогуць.
    2) уз'яднанне трох штабоў на карысць аднае кандыдадуры.
    Значыць, кадрылі 94-га, 10-га, 06-га не паўторыцца. Абсалютова не здзівіла, што нашыя людзі выбралі прыстойнасць, чалавечнасць, эмпатыю, як альтэрнатыву збрыдзеўшаму калгаснаму цемрашальству. Абралі свайго кандыдата, каторы не баіцца быць з людзьмі наўпрост.
  • Историки историкам рознь
    10.08.2025
    С какой стати марши с цветами, плакатами по Минску он называет восстанием? Восстание это другое. И потом вышел не весь народ, даже не весь Минск ,а 200-300 тысяч. То есть 9- Ти миллионов это где то 0.3 %. По логике типа историка остальные 99% это гетто. Ну, где и как его учили истории? Я вот тоже учился на истфаке, но нести такую ахинею совесть не позволяет.

Цяпер чытаюць

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары9

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Мы будзем наносіць удары ў адказ, каб прымусіць Расію да дыпламатыі12

У Малдове праходзяць парламенцкія выбары, вызначальныя для курса краіны1

Юлія Міцкевіч пра Ціханоўскага: Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым32

У часе расійскай атакі ў Кіеве загінула 12‑гадовая дзяўчынка. Колькасць ахвяр дасягнула чатырох чалавек3

У Гомелі на свяце камбайн сыпаў на гасцей цукеркі2

«Набраў 6,8 кг за 1,5 месяца». Як і чым кормяць у офісах ІТ-кампаній у Беларусі і за яе межамі?5

Узорнага старасту вёскі і прадпрымальніка з Бабруйска кінулі за краты: падобна, за «Гаюна». Вось як на яго маглі выйсці12

Як Кітай стварыў сістэму татальнага сачэння і паспяхова яе экспартуе11

У Пухавіцкім раёне «Дажынкі» нечакана перанеслі на тыдзень. Ужо выпечаныя да свята караваі могуць да яго не дажыць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары9

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць