«Гучная ноч у Кіеве, тата!» — дачка генерала Келага стала героем сацсетак
Былая дэсантніца Меган Мобс гаворыць нязручную для адміністрацыі Дональда Трампа праўду.

6 чэрвеня 2025 года Меган Мобс, дачка спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне і Расіі Кіта Келага, на сваёй старонцы ў X пакінула некалькі каментароў пра начныя падзеі ў Кіеве. У сваім пасце ў 3:19 па кіеўскім часе яна звярнулася да свайго бацькі:
«Гучная ноч у Кіеве, тата! Можа быць, гэта проста выбухі і страляніна ўначы, але ў мяне такое дзіўнае пачуццё, што расіяне не жадаюць міру».
Пост быў апублікаваны на фоне паведамленняў пра масіраваную расійскую атаку па ўкраінскіх гарадах у адказ на аперацыю «Павуцінне», якая нанесла ўдары па расійскіх вайсковых аб'ектах.
Раней, у 2:43 Меган напісала: «Многія ўкраінскія гарады пад абстрэлам. Расія хоча, каб вы думалі, што яна б'е ў адказ. Але ўкраінскія высокадакладныя ўдары адбыліся ў адказ на бесперапынныя расійскія атакі па мірных грамадзянах, і толькі пасля таго, як Пуцін адмовіўся ад спынення агню. Яму трэба працяг вайны і ўся Украіна».
.@generalkellogg - loud night in Kyiv, Dad!
It might be the explosions and gunfire in the dead of night, but I get the strange feeling the Russians don’t want peace. https://t.co/t42qqovv6b
Яе словы адлюстроўваюць не толькі асабістыя перажыванні, але і яе пазіцыю, якая кантрастуе з двухсэнсоўнай пазіцыяй адміністрацыі Трампа.
Газета The Washington Post у студзені гэтага года адзначала:
«ва ўкраінцаў няма лепшага сябра, чым Мобс. (…) Яна знаходзіцца на не зусім звыклым скрыжаванні пратрампаўскай і праўкраінскай Амерыкі».
Расказваем, што вядома пра гэтую жанчыну.

Вест-Пойнт і служба ў Афганістане
Меган нарадзілася ў 1987 годзе ў сям'і Кіта Келага, генерал-лейтэнанта арміі ЗША, які пасля стаў ключавой фігурай у адміністрацыі Дональда Трампа.
Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Вайсковую акадэмію ЗША ў Вест-Пойнце, адну з самых прэстыжных акадэмій у свеце, і скончыла яе з адзнакай. Пасля выпуску ў 2008-м Меган накіравалі служыць у 82-ю паветрана-дэсантную дывізію, адну з самых мабільных і стратэгічна важных у арміі ЗША, якая спецыялізуецца на аперацыях у крызісных зонах па ўсім свеце.
У дывізіі Меган была прызначаная камандзірам найбуйнейшага на той момант узвода ў арміі ЗША, які складаўся з больш за 130 парашутыстаў. Ён адказваў за падрыхтоўку і пакаванне парашутаў для дэсантных аперацый, а таксама за забеспячэнне дакладнай і бяспечнай дастаўкі грузаў у зону баявых дзеянняў.
Адной з самых значных у кар'еры Меган стала камандаванне атрадам паветранай дастаўкі, які быў накіраваны ў Афганістан. Там яна каардынавала дастаўку больш за мільён фунтаў грузаў (прыкладна 453,6 тон) на перадавыя аперацыйныя базы па ўсёй краіне.
Грамадская і гуманітарная дзейнасць
Пасля завяршэння службы ў войску Меган працягнула развіваць свае навыкі ў акадэмічнай і грамадскай сферах. Яна атрымала ступень магістра ў галіне судовай псіхалогіі ва Універсітэце Джорджа Вашынгтона, а затым доктарскую ступень па клінічнай псіхалогіі ў Калумбійскім універсітэце — адным з вядучых універсітэтаў ЗША.
Яе даследаванні ў галіне псіхалогіі былі сканцэнтраваныя на траўмах, звязаных з удзеламі ў войнах, і на тым, як стрэс уплывае на прыняцце рашэнняў у экстрэмальных умовах. Гэты акадэмічны досвед дапамог ёй лепш разумець псіхалагічныя аспекты вайны, што стала важнай часткай яе працы з ветэранамі і ахвярамі канфліктаў.
Меган актыўна займаецца грамадскай і гуманітарнай дзейнасцю. Нейкі час жанчына займала пасаду прэзідэнта рады наведвальнікаў Вайсковай акадэміі Вест-Пойнта пры прэзідэнце ЗША, а таксама была членам рады наведвальнікаў Вайсковага інстытута Вірджыніі.
Як дырэктар Цэнтра амерыканскай бяспекі і абароны пры Independent Women's Forum (IWF), яна неаднаразова выступала перад Кангрэсам ЗША, крытыкуючы замежную палітыку адміністрацыі Джо Байдэна, якая, на яе думку, зрабіла недастаткова для дапамогі Украіне.
Апроч гэтага, Меган заснавала і ўзначаліла R.T. Weatherman Foundation — прыватны фонд, які займаецца гуманітарнымі праектамі па ўсім свеце. Пад яе кіраўніцтвам фонд стаў ключавым у аказанні дапамогі Украіне з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ў 2022 годзе.
Фонд арганізаваў лагістычны хаб на румынска-ўкраінскай мяжы, праз які было дастаўлена больш за 10 000 паддонаў з медыкаментамі і гуманітарнай дапамогай для больш як сямідзесяці ўкраінскіх бальніц і арганізацый.
R.T. Weatherman Foundation таксама дапамагае эвакуіраваць параненых амерыканскіх валанцёраў, якія ваююць на баку Украіны, у вайсковы шпіталь ЗША ў Ландштуле (Германія) і займаецца рэпатрыяцыяй цел загінулых добраахвотнікаў.

Асабістае жыццё Меган Мобс застаецца менш публічным. Вядома, што яна замужам за дзейным афіцэрам пяхоты арміі ЗША. У іх дзве дачкі.
Меган, нягледзячы на блізкія адносіны з бацькам, не заўсёды падзяляе ягоныя погляды. У інтэрв'ю Kyiv Post ад 28 лютага 2025 года яна адзначыла:
«Я не заўсёды згодная з ім, і ён не заўсёды згодны са мной. Я 38-гадовая жанчына, у мяне ёсць свае ўласныя погляды». Іх яна пастаянна выказвае ў тым ліку і праз свае старонкі ў Х і інстаграм.
Каментары