Свет3535

«Швецыя ніколі раней не бачыла нічога такога». Краіну захліснула хваля забойстваў, на дапамогу паліцыі ідзе армія

Шведская армія будзе дапамагаць паліцыі ў барацьбе з узброенай злачыннасцю, заявіў прэм'ер-міністр Ульф Крыстэрсан пасля экстраннай сустрэчы з галоўным ваеначальнікам краіны, якая адбылася ў пятніцу, піша Бі-бі-сі.

Фота: Swedish Armed Forces

Аб гэтых мерах прэм'ер-міністр Швецыі абвясціў на фоне рэзкага росту колькасці нападаў з ужываннем агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад. Толькі на мінулым тыдні на працягу 12 гадзін у Стакгольме былі застрэленыя двое маладых мужчын.

Акрамя таго, у адным з населеных пунктаў на поўнач ад сталіцы 24-гадовая жанчына загінула падчас выбуху ў яе доме. Яе звалі Саха Саад і яна нядаўна атрымала кваліфікацыю настаўніцы. Паліцыя мяркуе, што чалавек, які меўся стаць мэтай выбуху, быў яе суседам, а сама яна не мела ніякага дачынення да бандыцкай дзейнасці.

У верасні з-за дзеянняў узброеных банд у краіне загінулі ў агулам 12 чалавек. Гэта самы высокі паказчык са снежня 2019 года.

Па рашэнні ўладаў, з наступнага тыдня армія пачне садзейнічаць паліцэйскім з аналізам даных, лагістыкай, крыміналістычнай экспертызай і працай з выбуховымі рэчывамі.

Крыстэрсан таксама заявіў аб неабходнасці заканадаўча пашырыць паўнамоцтвы арміі.

«Я не магу не прызнаць, наколькі сур'ёзная сітуацыя. Швецыя ніколі раней не бачыла нічога такога. Ніводная іншая краіна Еўропы цяпер такога не перажывае», — сказаў прэм'ер-міністр Крыстэрсан, звяртаючыся да жыхароў краіны.

Крыстэрсан узначальвае правацэнтрысцкі ўрад, у якога няма большасці ў парламенце. Ён прыйшоў да ўлады ў мінулым годзе пры падтрымцы антыэмігранцкай шведскай дэмакратычнай партыі, але так і не змог утаймаваць злачыннасць — адну з галоўных праблем краіны, якая выклікае асаблівую незадаволенасць выбаршчыкаў.

Сваю заяву аб уцягванні арміі ў барацьбу са злачыннасцю Крыстэрсан зрабіў пасля экстранных перамоваў у пятніцу з кіраўніком шведскай арміі Мікаэлем Байдэнам, кіраўніком паліцыі Андэрсам Торнбергам і міністрам юстыцыі Гунарам Штромерам.

Прэм'ер-міністр растлумачыў, што ўрад папросіць войска дапамагчы паліцыі «ў тых выпадках, калі могуць спатрэбіцца асаблівыя навыкі Узброеных сіл».

Банды прыцягваюць дзяцей

Шведскія СМІ звязваюць рост колькасці забойстваў у краіне з унутраным канфліктам у крымінальнай бандзе, вядомай як сетка «Факстрот». Вядома, што яна раскалолася на дзве канкуруючыя групоўкі, паміж якімі рэгулярна адбываюцца сутыкненні.

Шведская паліцыя мяркуе, што мясцовыя банды ўсё часцей выкарыстоўваюць дзяцей для здзяйснення злачынстваў, бо дзеці маладзейшыя за 18 гадоў часта атрымліваюць лёгкія прысуды ў судах ці ўвогуле застаюцца без пакарання.

Па даных праваахоўных органаў, дзеці ўсё маладзейшыя (некаторым усяго 10 гадоў) далучаюцца да гандлю наркотыкамі і сярод іх расце колькасць тых, хто ў канфліктах выкарыстоўвае зброю са смяротнымі наступствамі.

У Швецыі адносна лёгка можна купіць нелегальную зброю, якая паступае ў асноўным з балканскіх краін, лічыць паліцыя.

Як падкрэсліў у сваім звароце Крыстэрсан, ахвярамі ўнутраных канфліктаў банд усё часцей становяцца дзеці і мінакі.

Летась у выніку перастрэлак у Швецыі загінула больш за 60 чалавек — гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю вядзення статыстыкі. Чакаецца, што па выніках 2023 года сітуацыя будзе настолькі ж дрэннай — ці яшчэ горш.

У афіцыйнай урадавай справаздачы, апублікаванай у 2021 годзе, гаворыцца, што кожны год у выніку перастрэлак у Швецыі гінуць чацвёра з мільёна жыхароў — у параўнанні з 1,6 чалавека на мільён у сярэднім у Еўропе.

Паліцыя звязвае гвалт з дрэннай інтэграцыяй імігрантаў, павелічэннем разрыву паміж багатымі і беднымі і ужываннем наркотыкаў.

Прэм'ер-міністр паабяцаў узмацніць паліцэйскі нагляд, зрабіць больш строгім пакаранне за парушэнне законаў аб зброі, узмацніць паўнамоцтвы дзяржавы па дэпартацыі мігрантаў, настойваючы што «ўсе варыянты разглядаюцца».

Некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што гэтыя меры не вырашаюць асноўныя сацыяльныя праблемы, якія ляжаць у корані гэтага крызісу, у тым ліку дзіцячую беднасць і недастатковае фінансаванне грамадскай інфраструктуры.

Каментары35

  • Абураны
    30.09.2023
    Атрымалi тое што заслужылi, нi каплi не шкадую, прыючвалi абы каго па 10-20 чалавек, якi не працавалi i нiчога не рабiлi, а нашу беларуску выкiнулi з краiны!!! каб яны вам там паказалi каб ведалi!!! Нi адной рэчы швецкай не куплю, не хапала яшчэ спансiраваць гэтую варожую да беларусау краiну.
  • Вероятный
    30.09.2023
    "Какая разніца, какой язык", казалі шведы… 
  • ІМЯ
    30.09.2023
    Так нечакана, большасць мігрантаў не інтэгруемыя ў прынцыпе. Пачытайце, колькі самалійцаў за апошнія тры гады пазабівалі людзей у Нямеччыне. А колькі выпадкаў замоўчваюць!
    Трэба спыняць выплаты сацыяльныя для мігрантаў, высылаць парушыцеляў, можа нешта зменіцца. І зелень неадукаваную з левакамі пры палітыке больш не абіраць.

Цяпер чытаюць

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пакажуць фільм пра кіраўніцу Theranos, асуджаную на 11 гадоў за буйное махлярства. Фільм б'е ўсе магчымыя рэйтынгі4

У Калінінградскай вобласці разбіўся вайсковы самалёт Су-30СМ6

Каля берагоў Амана заўважылі ружовых дэльфінаў. Чаму яны такога колеру — загадка ВІДЭА2

Зяленскі заявіў пра гатоўнасць да мірнага пагаднення з размежаваннем па цяперашняй лініі фронту16

У Расіі чарговы рэгіён скараціў выплаты сем’ям загінулых на вайне супраць Украіны3

Уіткаф назваў Пуціна гуманістам25

Кіраўнік кампаніі паспрабаваў уладкавацца на працу па вакансіі ў сваю фірму — і не прайшоў адбор6

Гродзенец прадае паштовую марку XIX стагоддзя. Просіць 1400 рублёў1

Пуцін прапанаваў Уіткафу абмеркаваць магчымую сустрэчу з Трампам у Кітаі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Што вядома пра арышт і зняволенне сенатара Ігара Сяргеева, дырэктара Беларускага цэментнага завода

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць