Нерухомасць1414

Былы міністр прадаў свой катэдж у Драздах са зніжкай $1 мільён

У апошнія тыдні з сайтаў агенцтваў нерухомасці знікла аб’ява аб продажу катэджа ў Драздах на завулку Ціхім. Гэтым домам плошчай 267 м2 валодала сям’я былога міністра юстыцыі Віктара Галаванава. Цяпер ён працуе рэктарам у Беларускім інстытуце правазнаўства.

Віктар Галаванаў, фота Антона Матолькі.

Мы ўжо пісалі пра спробу Галаванавых абнаявіць «бонус», атрыманы ад дзяржавы ў 2000-я.

Сын міністра (дарэчы, выкладчык у бацькавым універсітэце) у свой час атрымаў катэдж у падарунак ад бацькі, а пасля выставіў яго на продаж за $1,4 мільёна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

На фоне крызісу цана выглядала неадэкватнай рынкавым рэаліям. Гаспадарам даводзілася раз за разам зніжаць цану.

І вось цяпер, як стала вядома «Нашай Ніве», Галаванавы ўсё ж змаглі знайсці купца. Угода была зарэгістраваная ў канцы мая 2016 года.

Колькі ўдалося атрымаць сям’і былога міністра? У дамове запісана 8 мільярдаў 235 мільёнаў 360 тысяч беларускіх рублёў. Па тагачасным курсе гэта роўна $420 тысяч. Атрымалася каля $1570 за квадратны метр.

Такім чынам, зніжка ў параўнанні з першаснай прапановай склала каля $1 мільёна.

Аднак нават у такім разе кошт дома сям’і былога чыноўніка адпавядае сярэдняму заробку «чыстымі», атрыманым беларусам за 115 гадоў.

Купіла дом 62-гадовая жыхарка Мінска. Яна непублічны чалавек, яе прозвішча нідзе раней не фігуравала.

Апроч дома, ёй дасталіся 9,94 соткі элітнай зямлі. Праўда, уласнікам надзела фармальна лічыцца Рэспубліка Беларусь.

Рэч у тым, што чыноўнікам накшталт Галаванава, якія не трапілі ў першы «драздоўскі прызыў» (там былі Віктар Шэйман, Міхаіл Мясніковіч і дзясяткі іншых), зямля выдзялялася не ва ўласнасць, а па праве пажыццёвага спадчыннага валодання.

Прадаўшы дом у Драздах, Галаванаў на вуліцы не застанецца. Яшчэ з 1990-х у яго ёсць прасторная трохпакаёўка ў «чырвоным доме» на вуліцы Максіма Танка.

* * *

Як выглядаў дом Галаванавых?

Госці Галаванавых трапляюць у прасторны хол (30 м2). Адтуль разыходзяцца дзверы ў гасціную (39 м2), жылы пакой (22 м2) і гараж (32 м2). Таксама ўнізе знаходзяцца кухня (20 м2), гардэробная (8 м2), санвузел і топачная. Праз шкляныя дзверы можна выйсці ў двор з двух бакоў дома.

Калі ўзняцца па драўлянай лесвіцы на мансардны паверх, апынешся ў чарговым холе (40 м2). Вакол яго тры жылыя пакоі (каля 20 м2 кожны), яшчэ адна гардэробная і яшчэ два санвузлы.

Інтэр’еры выглядаюць простымі. На сценах развешаныя карціны і нейкія граматы. Над працоўным сталом — дартс.

Від з балкона таксама не ўражвае, суседнія катэджы стаяць ушчыльную. Затое можна вітацца са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якая жыве насупраць.

Віктар Галаванаў нарадзіўся ў 1952 у Барысаве. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1979), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ (1991). Кандыдат юрыдычных навук.

У 1980—1987 быў на партыйнай працы, у 1987—1988 — кіраўнік аддзела юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. У 1988—1992 — інструктар дзяржаўна-прававога аддзела ЦК КПБ, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі Беларусі. У 1992—1995 — намеснік старшыні Дзяржаўнага патэнтнага ведамства. У 1995—1996 — член Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

У 1996—2000 — намеснік, першы намеснік міністра юстыцыі. У 2000—2001 — начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. У 2001—2011 — міністр юстыцыі. 

Цяпер — рэктар Беларускага інстытута правазнаўства.

Жанаты. Мае дваіх дзяцей.

Каментары14

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз абяцае адмовіцца ад куплі расійскага газу, але пакуль што закупкі толькі павялічыліся15

Чаму ў шэрага жураўля хвост як у пеўня? Аказваецца, гэта зусім не хвост

BMW заклаў у бюджэт мільярд еўра на выплату кампенсацый звольненым супрацоўнікам

У Магілёве ўздоўж рэчкі гуляў вярблюд ВІДЭА

У Мінску мужчына выліў шампанскае жанчыны ў ракавіну, за што атрымаў нажом у жывот11

На парадзе ў лівійскім Бенгазі засвяціўся беларускі беспілотнік «Міратворац»2

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты4

Крышціяну Раналду пачне выпускаць мінералку

«Дзякуй за ўсё, Ліндсі!» Зяленскі ўспомніў добрым словам памерлага амерыканскага сенатара3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць