Грамадства3434

Ахвяры інтэграцыі. Расія бясплатнымі пуцёўкамі і праз Рассупрацоўніцтва заваблівае беларускіх дзяцей

Трагедыя ў Бранскай вобласці звярнула ўвагу на тое, што «ў мэтах аздараўлення» і «адукацыйных праектаў» тысячы беларускіх дзяцей штогод адпраўляюцца ў расійскія лагеры і санаторыі, нягледзячы на вайну. Сярод прапаноў — не толькі адпачынак на Чорным моры, але і зборы са стральбой і вывучэннем баявой робататэхнікі. «Наша Ніва» вывучыла, хто і навошта возіць беларускіх дзяцей у Расію.

Пуцёўкі праз выканкамы і Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

Найперш варта адзначыць, што частку паездак у акупаваныя тэрыторыі аплачваюць беларускія ўлады. За бюджэтныя сродкі закупляюцца тысячы пуцёвак у санаторыі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — «Беларусь» і «Белая Русь» (Сочы, Туапсэ), а таксама ў санаторыі «Беларусія» ў анексаваным Крыме. 

Гэтыя пуцёўкі раздаюць бацькам праз аддзелы па аздараўленні. Умовы вельмі прывабныя: дзіця едзе бясплатна, а дарослы аплачвае за сябе толькі каля 15% ад кошту (прыкладна 500 рублёў). Пры гэтым дарогу трэба аплачваць самастойна.

Некаторыя ўстановы маюць асобныя дамовы з расійскімі санаторыямі — як у выпадку з Рэчыцкай дзіцячай спартовай школай, дзеці з якой ездзілі ў Геленджык.

Анексаваны Крым і ўрокі рускага свету ў «Артэку»

Значная частка працы з беларускімі падлеткамі ідзе праз буйныя федэральныя дзіцячыя цэнтры, якія наўпрост падпарадкоўваюцца Міністэрству асветы Расіі. Гэта вядомыя яшчэ з савецкіх часоў «Арляня», «Змена», «Акіян» і «Артэк». Акрамя традыцыйных саюзных кадэцкіх змен, беларускія дзеці масава трапляюць туды і на іншыя тэматычныя праграмы.

Адно з найбольшых месцаў прыцягнення — міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», які знаходзіцца ў анексаваным Крыме. Нягледзячы на вайну і рэгулярныя абстрэлы паўвострава, туды працягваюць масава адпраўляць беларускіх дзяцей. Штогод туды вывозяць сотні школьнікаў з Беларусі.

Дзеці з Беларусі едуць у «Артэк». Фота: sb.by

Каб трапіць у «Артэк», трэба прайсці адбор. Пуцёўкі разыгрываюцца праз праекты «Свет магчымасцяў» ад расійскай партыі «Адзіная Расія» або конкурс «Вялікая перамена», а таксама іх даюць за добрыя вынікі ў розных конкурсах. Сярод абавязковых умоў для старшакласнікаў — правядзенне «артэкаўскага ўрока» для вучняў малодшых класаў.

У Расіі адкрыта заяўляюць, што такія паездкі — інструмент заваблівання таленавітых беларусаў у Расію. Дырэктар дэпартамента МЗС Расіі Аляксандр Алімаў казаў, што ў «Артэку» выкарыстоўваецца руская мова як афіцыйная мова міжнацыянальных зносін, каб у будучыні павялічыць колькасць замежнікаў, якія потым паедуць вучыцца ў Расію.

Мілітарызацыя пад выглядам саюзнага братэрства

Значную частку такіх праграм аплачвае Расія. І адзін з кірункаў працы з беларускімі падлеткамі — гэта ідэалагічная і вайсковая падрыхтоўка.

Яскравы прыклад — Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня» (у тым самым Туапсэ ў Краснадарскім краі, якое нядаўна было аб'ектам атак). Штогод там праходзіць тэматычная змена «Гістарычная памяць пакаленняў», куды звозяць пад сотню курсантаў сувораўскіх і кадэцкіх вучэльняў з Беларусі.

Беларускія кадэты ў «Арляняці». Фота: center-orlyonok.ru

Праграма выходзіць далёка за межы звычайнага дзіцячага адпачынку. Для школьнікаў арганізоўваюць вайскова-патрыятычны курс «Шлях да перамогі», які ўключае:

  • навучанне баявой робататэхніцы,
  • стралковы спорт і скалалазанне,
  • страявую і вайсковую падрыхтоўку.

Арганізатары не хаваюць мэты такіх збораў: дзяцей рыхтуюць да таго, што ім «зусім хутка будзе даверана абарона дзяржаўных інтарэсаў Саюзнай дзяржавы і сваіх краін».

У пачатку жніўня 2025 года кіраўніцтва МАЗа адправіла 20 маладых беларусаў у Расію на так званую профільную змену «Сіла адзінства». Падлеткі правялі два тыдні ў ваенна-патрыятычным парку «Патрыёт» імя Серафімава, які размяшчаецца ў Башкартастане проста на тэрыторыі былой вайсковай часці.

Дзеці збіраюцца ў Башкартастан. Фота: Аўтазаводзец МАЗ

Гэтую паездку арганізавалі па ініцыятыве прадстаўніка Башкартастана пры расійскім гандлёвым прадстаўніцтве ў Беларусі Канстанціна Кліміна. Яго ідэю асабіста падтрымаў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч. Выпраўляючы падлеткаў у Расію, кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства заявіў, што завод надае асаблівую значнасць «фарміраванню патрыятычнага светапогляду», а самі дзеці мусяць стаць «амбасадарамі дружбы».

Чарнобыльскія праграмы ад Саюзнай дзяржавы

Асобным кірункам бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы стала праграма для дзяцей з тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Фота з канферэнцыі ў Гомелі, дзе абмяркоўвалася адпраўка беларускіх дзяцей на аздараўленне ў Расію. Фота: БелТА

З 2002 года праз яе прайшло больш за 30 тысяч дзяцей і падлеткаў, тысячы з якіх — з Беларусі.

І хаця ў праграме фармальна задзейнічаныя чатыры беларускія ўстановы, ільвіная доля пуцёвак традыцыйна прыпадае на расійскія санаторыі і лагеры: напрыклад, з 2500 свежых заявак амаль 1800 прапануецца накіраваць менавіта ва ўстановы Расіі.

Чарнобыльцаў вязуць на расійскае ўзбярэжжа — у прыватнасці, у дзіцячы лагер «Шахцінскі тэкстыльшчык», які расійскія чыноўнікі называюць «ветэранам у саюзнай тэматыцы», дзе, акрамя мора, дзецям прапануюць ідэалагічныя заняткі.

Ёсць і іншыя праграмы — напрыклад, праграма «Саюзная дзяржава: Мастацтва быць разам», якая штогод праходзіць у Крыме побач з Судаком і куды клічуць школьнікаў і студэнтаў з Беларусі.

Беларускія падлеткі і студэнты ў арт-кластары «Таўрыда». Фота: tavrida.art

Бясплатны сыр ад «Рассупрацоўніцтва»

Шырокую сетку для вярбоўкі таленавітай беларускай моладзі раскінула «Рассупрацоўніцтва» (Рускі дом у Мінску). Яны прапануюць не проста адпачынак, а цэлую кар'ерную і адукацыйную лесвіцу, каб выцягнуць перспектыўных дзяцей з Беларусі:

  • Праграма «Добры дзень, Расія!». Школьнікаў і моладзь 14—19 гадоў завабліваюць у паездкі па рэгіёнах Расіі (Югра, Паўночная Асеція, Пскоўшчына). Каб паехаць, трэба зняць відэа для сацсетак або зрабіць інфаграфіку пра расійскую гісторыю ці навуку.
  • Тэхналагічныя змены. Для тых, хто цікавіцца дакладнымі навукамі, прапануюць паездкі ў Тэхнапарк Фізтэх-ліцэя імя П.Л. Капіцы з вывучэннем біятэху, штучнага інтэлекту, плазменнай аэрадынамікі і аўтаномнай робататэхнікі.
  • «Летні ўніверсітэт». Праект для студэнтаў на базе федэральных расійскіх ВНУ (Казань, Екацярынбург, Краснаярск), які з'яўляецца прамым каналам «мяккай сілы» пад эгідай Міннавукі Расіі.
  • Квоты ў ВНУ. Фіналісты конкурсаў і алімпіяд атрымліваюць квоты на бясплатнае навучанне ў расійскіх універсітэтах.
Кіраўнік «Рассупрацоўніцтва» Ігар Чайка. Фота: rs.gov.ru

Так Расія метадычна і за адносна невялікія грошы выхоўвае лаяльнасць новага пакалення беларусаў. Некаторыя з радасцю карыстаюцца такімі прапановамі, не звяртаючы ўвагі на вайну.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары34

  • Indrid Cold
    20.06.2026
    Адправіў сваіх дзяцей у Расею - рызыкуеш іх ніколі не пабачыць
  • прузыня
    20.06.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Праўда
    20.06.2026
    Ішоў сёмы год невероятного “абуджэння”.

Цяпер чытаюць

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары8

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Усе навіны →
Усе навіны

Пазняк пра палітыку ЕС: Фактычна гэта палітыка антыбеларуская52

У Гімалаях ёсць самая высокая гара ў свеце, на якую яшчэ ніхто не ўзняўся. У чым прычына?4

«Марыя» падыходзіць да Камароўкі, «Алеся» — да гасцініцы «Беларусь». Стала вядома, на якім этапе будаўніцтва трох новых станцый мінскага метро4

У Беларусі сталі выпускаць шакаладны хлеб

ЗША падтрымалі Латвію ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і высока ацанілі яе гатоўнасць узаемадзейнічаць з Беларуссю4

Мікола Дзядок выдаў кнігу пра тэхналогіі контррэвалюцыі4

У Іспаніі памерла 87‑гадовая жанчына, справа якой справакавала цяперашні палітычны крызіс у краіне11

Дзевяцігадовы кітаец пабіў сусветны рэкорд па складанні кубіка Рубіка. Гэта для яго ўжо не першы раз

Мінскі таксіст распрацаваў хітрую схему, па якой амаль задарма завалодаў 12‑цю аўтамабілямі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары8

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць