Грамадства99

З’явіўся новы рэйтынг беларускіх гарадоў — вось як выглядае топ-20

Цэнтр новых ідэй прэзентаваў абноўлены «Рэйтынг беларускіх гарадоў». Папярэдні быў складзены чатыры гады таму — у 2022-м.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: AP Photo / Pavel Bednyakov

У новым рэйтынгу беларускія гарады ранжыраваны ў пяці вымярэннях: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць.

У адрозненне ад папярэдніх даследаванняў, пры складанні рэйтынгу 2026 года даследчыкі надалі розным паказчыкам сваю вагу. Так, стан эканомікі і якасць жыцця дадавалі па 30% выніковага бала, дэмаграфічная ўстойлівасць — 20%, а мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць — па 10%.

Па словах аўтараў Яўгена Меркіса і Антона Раднянкова, большы прыярытэт эканамічным умовам і паўсядзённай якасці жыцця далі, бо менавіта яны найбольш уплываюць на рашэнне чалавека, дзе жыць.

Акрамя таго, упершыню былі ўведзены бонусныя балы за памер горада. Жыццё ў буйным населеным пункце дадае магчымасцяў — больш працадаўцаў, паслуг, інфраструктуры, якія не заўсёды ўлоўліваюцца статыстыкай. Таму абласныя гарады (звыш 300 тысяч жыхароў) атрымлівалі +10 балаў, вялікія гарады (100—300 тысяч) — +6, сярэднія (50—100 тысяч) — +3, а малыя — без бонусу.

Ад некаторых крытэраў пры працы над рэйтынгам давялося адмовіцца (напрыклад, звесткі пра натуральны прырост больш не публікуюцца). У той жа час былі дададзеныя новыя параметры камфортнасці пражывання ў гарадах, а таксама прааналізаваная колькасць жанчын у мясцовых органах улады і прысутнасць выканкамаў у сацсетках.

Праўда, як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, па пэўных асабліва адчувальных аспектах жыцця ў гарадах — стане экалогіі, культурніцкім і ўнутрысацыяльным жыцці — ім так і не ўдалося знайсці годнага спосабу ацэнкі.

У разуменні даследчыкаў «найлепшы горад» — гэта месца з адносна стабільным і адначасова жывым развіццём, дзе прасцей будаваць будучыню: вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей.

Да важных чыннікаў аднесеныя: даступнасць медыцынскіх і сацыяльных паслуг, магчымасць атрымліваць годны даход, а таксама празрыстасць мясцовай улады і хаця б мінімальны ўплыў на яе рашэнні.

Такім чынам, у агульным рэйтынгу на першым месцы апынулася сталіца. У тройку лідараў увайшлі Брэст і Гродна. А вось чацвёртае месца, як ні дзіўна, заняў горад-спадарожнік Мінска — Смалявічы. У дзясятцы, акрамя абласных цэнтраў, таксама Мазыр (7‑е месца), Салігорск (9-е) і Кобрын (10-е).

Вось як выглядае топ-20 гарадоў у рэйтынгу:

  1. Мінск
  2. Брэст
  3. Гродна
  4. Смалявічы
  5. Віцебск
  6. Магілёў
  7. Мазыр
  8. Гомель
  9. Салігорск
  10. Кобрын
  11. Ліда
  12. Дзяржынск
  13. Пружаны
  14. Пінск
  15. Слуцк
  16. Рэчыца
  17. Калінкавічы
  18. Лунінец
  19. Івацэвічы
  20. Полацк

Па турыстычнай прывабнасці першыя пяць пазіцый занялі Полацк, Мінск, Брэст, Гродна і Віцебск. У дзясятку ўвайшлі таксама Магілёў, Пінск, Навагрудак, Пружаны, Орша.

Калі параўноўваць гарады па стане эканомікі, то ў лідарах Смалявічы, Дзяржынск, Мінск, Салігорск, Мар'іна Горка.

Акрамя рэйтынгу, аўтары вызначылі асноўныя трэнды ў развіцці беларускіх гарадоў.

Пяць трэндаў развіцця беларускіх гарадоў

1. Захад мацнее, усход слабее

Падзел паміж заходнімі і ўсходнімі гарадамі працягвае паглыбляцца. Гродна абагнала Магілёў па насельніцтве і выйшла на трэцяе месца ў краіне. Брэст — №2 у рэйтынгу, у той час як Гомель — другі горад па велічыні — апусціўся на восьмую пазіцыю. На погляд аўтараў, заходнія абласныя цэнтры ўмацоўваюць свае пазіцыі за кошт турызму, больш жывой дэмаграфіі і блізкасці да мяжы з Еўрапейскім саюзам. На ўсходзе ж назапашваюцца праблемы: адток насельніцтва, слабая эканоміка, залежнасць ад адной галіны.

2. Гарады пусцеюць і старэюць

Рост насельніцтва паказалі толькі 4 гарады з 40: Мінск, Гродна, Брэст і Смалявічы. Усе астатнія губляюць жыхароў, у шэрагу выпадкаў — на 2—3% цягам чатырох гадоў. Адначасова гарады хутка старэюць: моладзь з’язджае ў буйныя цэнтры, і ў 15 гарадах доля пажылых людзей вырасла больш чым на 5 працэнтных пунктаў. Выключэнне — Смалявічы, дзе сярэдні ўзрост жыхароў зніжаецца дзякуючы прытоку маладых сем’яў.

3. Прамысловыя гарады раскалоліся

Мазыр і Салігорск захоўваюць моцныя пазіцыі ў першай дзясятцы. Аднак Наваполацк, Светлагорск і Бабруйск, якія таксама трымаліся на прамысловасці, пайшлі ўніз — па іх ударылі санкцыі, звужэнне рынкаў і адсутнасць дыверсіфікацыі. Залежнасць ад аднаго прадпрыемства ці адной галіны, што раней працавала ў плюс, цяпер ператварылася ў рызыку.

4. Блізкасць да Мінска больш не гарантуе росту

Дзяржынск пакуль трымаецца на 12-м радку дзякуючы моцнай эканоміцы, але Маладзечна, Барысаў і Жодзіна — гарады, якія яшчэ нядаўна лічыліся «дынамічнымі спадарожнікамі» сталіцы — апусціліся ў ніжнюю палову рэйтынгу. Адзіны сапраўдны бенефіцыяр мінскай агламерацыі — Смалявічы з ростам насельніцтва +15%, але і тут інфраструктура не паспявае за ростам.

5. Мясцовыя ўлады — нераўнамерна бачныя

Мясцовыя ўлады праяўляюць розную актыўнасць у сацыяльных сетках. Таксама назіраецца вялікая розніца ў долі прысутнасці жанчын у складзе мясцовых саветаў — ад 18% да 63% без якой-небудзь карэляцыі з памерам горада або рэгіёнам.

Каментары9

  • Алег
    22.04.2026
    А навошта гэта трэба і за чыі грошы зроблена?
  • Жора
    22.04.2026
    Алег, за тыя, каторыя потым на марафонах салідарнасці збіраюць недастаючыя.
  • Кожны робіць што можа
    22.04.2026
    Алег, гэта што, вашыя грошы, што вы пераймаецеся? Заданацьце і пытайцеся тады!

Цяпер чытаюць

На магіле Аляксея Дударава паставілі помнік у выглядзе старадаўняга крыжа. Усё там не выпадкова1

На магіле Аляксея Дударава паставілі помнік у выглядзе старадаўняга крыжа. Усё там не выпадкова

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі мужчына зняў маланку зусім побач з сабой ВІДЭА3

У Старадарожскім раёне карова на ферме пакалечыла жанчыну

У Еўропе стварылі кааліцыю па абароне ад балістычных ракет

Пуцін паабяцаў адказваць на ўкраінскія ўдары па Расіі «ў некалькі разоў мацней»7

«Чаму мая глухата псуе вам настрой?» Кур’ерка з Гродна, якая не чуе, расказала пра рэакцыю кліентаў1

Баскетбаліст зборнай Беларусі сп'яну пабіўся ў Расіі з сямейнай парай, якая яго падвозіла. Скончылася крыміналкай10

Прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі гурта Naviband2

У Дзярэчыне затрымалі каталіцкага святара12

«У Гатаве для іх склаліся ўсе ўмовы». Чаму на адным даху пад Мінскам жыве так шмат чаек?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На магіле Аляксея Дударава паставілі помнік у выглядзе старадаўняга крыжа. Усё там не выпадкова1

На магіле Аляксея Дударава паставілі помнік у выглядзе старадаўняга крыжа. Усё там не выпадкова

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць