У Беларусі прадаюць легендарны Rolls-Royce 1977 года. У такой версіі было выпушчана ўсяго 500 машын. Колькі просяць?
Гэта адзіны аўтамабіль маркі Rolls-Royce, які цяпер ёсць у продажы ў Беларусі.

Раскошны белы Rolls-Royce Silver Shadow 2 з'явіўся ў продажы ў Гродне. Аўтамабіль быў выпушчаны ў чэрвені 1977 года.
Пад капотам у яго стаіць V8 аб'ёмам 6,75 літра, магутнасцю 192 к. с., які працуе ў пары з аўтаматычнай каробкай перадач. Заяўлены прабег аўтамабіля, якому налета споўніцца 50 гадоў, складае ўсяго 17 542 кіламетры.

Аўтамабіль мае максімальна раскошны па тых мерках салон. Тут толькі натуральнае дрэва і скура. Стырно таксама драўлянае.
Нягледзячы на ўзрост, у машыне электрычнае ўсё, што толькі магло быць такім у 1970-х.

Мяркуючы па шчытку прыбораў з мілямі і дадатковых габарытных лямпах на кузаве, першапачаткова аўтамабіль быў выраблены для паўночнаамерыканскага рынку.

На здымках ёсць шыльдзік, на якім напісана, што гэта аўтамабіль лімітаванай версіі, і 18 з 500 аўто ў такім выкананні.

Агулам жа Rolls-Royce Silver Shadow 2 выпускалі з 1977 па 1980 года. За гэты час было зроблена 8 425 штук.

Мадэль Rolls-Royce Silver Shadow стала даволі папулярнай у кінематографе. Такія аўто з'яўляюцца адразу ў некалькіх фільмах пра агента 007.
Аўтамабіль першага пакалення (можна сказаць, дарэстайлінгавы) быў цягам 22 гадоў ва ўласнасці прынцэсы Маргарэт. Таксама Rolls-Royce Silver Shadow быў ва ўласнасці Фрэдзі Мерк'юры, які набыў сабе такі аўтамабіль 1974 года выпуску і на якім перасоўваўся разам з кіроўцам больш за дзесяцігоддзе — аж да смерці ў 1991 годзе.

За легендарны люксавы седан у Беларусі просяць $66 тысяч.
Каментары