Ежа22

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў

Адзін з найвядомейшых кулінарных блогераў свету albert_cancook — беларус. Але жыццё яго рыхтавала зусім да іншай кар’еры.

Альберт Няжвінскі. Фота: instantpot.com

29,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube, мільёны падпісчыкаў на іншых рэсурсах і ўласная кніга — вось чым на сёння можа пахваліцца блогер Albert Cancook. А хаваецца за тым псеўданімам Альберт Няжвінскі, 38‑гадовы беларус родам з Мінска.

Няжвінскі скончыў БДУІР, у 2016‑м перабраўся ў ЗША. Інжынер па апаратным забеспячэнні, ён паехаў за акіян працаваць і ўрэшце заняў пасаду старэйшага інжынера па вытворчасці і выпуску прадукцыі. Пры гэтым Альберт заўжды любіў гатаваць, але ж доўгі час кухарыў толькі для сям’і і сяброў.

Усё змяніў кавід. Альберт, які тады працаваў у Крэмніевай даліне, перайшоў на дыстанцыйную працу, і ў тыя часы сябар пазнаёміў яго з тыктокам:

«Вельмі хутка тыкток пачаў мне паказваць толькі відэа з ежай і гатоўкай […] Я працягваў сачыць за ўсімі тымі цудоўнымі фудблогерамі і вырашыў паспрабаваць самому рабіць такія ролікі. Спадзяваўся, што ежа, якая мне падабаецца, можа быць цікавай для іншых людзей».

Адзін з першых вірусных рэцэптаў Альберта — вяленая курыца ў славянскім стылі. Цікава, што той ролік атрымаў папулярнасць фактычна за кошт хэйту:

«Збольшага гэта вяленая і салёная курыная грудка, якую бяспечна есці, але яна стала віруснай, таму што ў ЗША людзям нязвыкла есці такую курыцу […] Людзі каментавалі, што яна сырая, што «сальманела ўвайшла ў чат».

Але сапраўды шмат змянілася, калі Альберт апублікаваў рэцэпт мексіканскай стравы такас, куды дадаў трохі піва. Той ролік на ютубе атрымаў 10 мільёнаў праглядаў. Альберт зразумеў, што яго аўдыторыі цікавая мексіканская кухня, і пачаў рабіць больш рэцэптаў у такім стылі, што дало яму рост праглядаў.

Альберт прызнаваўся ў інтэрв’ю, што поспех ролікаў з мексіканскімі рэцэптамі яго вельмі натхніў. Да таго часу, кажа беларус, ён хацеў кінуць кулінарнае хобі і здацца столькі разоў, што не можа і падлічыць.

У студзені 2022‑га Альберт зразумеў, што блогерства ўжо можа цалкам яго забяспечыць, і развітаўся з Крэмніевай далінай. Для выпускніка БДУІРа пачаліся шчаслівыя часы:

«Цяпер я больш падарожнічаю, каб знаёміцца і супрацоўнічаць з блогерамі па ўсім свеце, а таксама атрымліваць больш натхнення ад розных культур і кухняў. Цяпер гэта мая асноўная праца, і я вельмі шчаслівы, бо займаюся тым, што мне падабаецца. Калі ты здольны зарабляць на жыццё тым, што сапраўды любіш і да чаго моцна цягнешся — гэта выключна неверагоднае пачуцце».

Яшчэ адна любоў Альберта — кулінарныя трэнды і стравы з папулярных фільмаў і тэлешоу. У маі 2022‑га ён навучыў гледачоў, як рабіць сырную піцу з класічнага дыснэеўскага мульта «Канікулы Гуфі», і пра ролік напісалі ў амерыканскіх медыя. На той час Альберт меў ужо 5,6 мільёна падпісчыкаў у тыктоку.

У 2024‑м Няжвінскі апублікаваў сваю першую кулінарную кнігу пад фірмовай назвай «Albert Can Cook». Як казаў сам Альберт, звычайныя кнігі з рэцэптамі для яго нязручныя, таму сваю ён зрабіў па-іншаму: можна паставіць кнігу на стол, нібыта перакідны каляндар, і так сачыць за рэцэптам.

Цяпер Альберт жыве з жонкай у Лос-Анджэлесе. Ён працягвае займацца блогерствам і ўжо не першы год уваходзіць у спісы самых папулярных кулінарных інфлюэнсераў свету, а яго ютуб-канал уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых кулінарных каналаў свету. 

Нядаўна беларус наведаў Казахстан і цяпер публікуе адтуль эфектныя відэа, знятыя на фоне краявідаў. У апошнім роліку Альберт гатуе бешбармак, а перад гэтым проста на беразе ракі дапамагае разбіраць тушу ягняці і гатаваць яго. Яго іншыя рэцэпты не менш сытныя: як кажа Альберт, для яго важна «выкарыстоўваць так шмат сыра і касцявога мозга, наколькі магчыма».

Мяркуючы па заробках, пра вяртанне ў Крэмніевую даліну ён можа не думаць. Сэрвіс HypeAuditor разлічвае, што толькі на ютубе Альберт зарабіў за верасень да $50 тысяч. Колькасць праглядаў у яго на канале тым часам пераваліла за 28,5 мільярда.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Indrid Cold
    19.10.2026
    Яшчэ адзін прыклад беларуса які без левай цыцкі Лукашэнкі, дэкрэтаў ПЭВЭТЭ і іншай крыпта-лухты пабудаваў свой бізнес і дабрабыт.
    Смактуны, што з тварамі? Бяжыце хутчэй смактаць бацькіну цыцачку, бо без чарговага Дэкрэта па ПЭВЭТЭ бізнес не атрымліваецца :)
  • хамса ў тамаці
    19.10.2026
    шмат цікавых кулінарных блогераў беларусаў.. але такога не ведала)

Цяпер чытаюць

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў2

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў

Усе навіны →
Усе навіны

У Эквадоры святар загінуў падчас імшы — на яго ўпаў крыж ВІДЭА8

У Літве ноччу спрабавалі падпаліць прадпрыемства, дзе захоўваецца абсталяванне Starlink2

Яхты Кім Чэн Ына патрапілі на спадарожнікавыя здымкі. Як выглядае раскоша кіруючага клана Паўночнай Карэі2

Дрон у Літву, імаверна, заляцеў з Польшчы. Быў выбух3

Французскі гігант мабільных гульняў Voodoo абвінаваціў беларускую SayGames у капіяванні мабільнай гульні — і зноў прайграў

Беларусы за мяжою знайшлі прымяненне нядзейнаму беларускаму пашпарту15

У Пецярбургу дроны атакавалі адзін з самых загружаных складоў Ozon5

Цела забітай у Ізраілі 31‑гадовай Яніны пахавалі ў Беларусі. Яе маці спрабуе забраць маленькага ўнука5

«Гэта не глупства, гэта нянавісць». У Францыі пратэстоўцы падпалілі ратушу XIX стагоддзя ВІДЭА56

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў2

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць