У Польшчы раскрылі злачынную групу, якая адмыла 77 мільёнаў еўра. Сярод затрыманых — беларуска
Усяго затрыманыя дзевяць чалавек. Ім пагражае да 15 гадоў турмы.

У Польшчы раскрылі міжнародную злачынную групу, якую падазраюць у адмыванні грошай. Паводле даных следства, яе ўдзельнікі правялі фінансавыя аперацыі на агульную суму больш за 337 млн злотых (77 мільёнаў еўра). У Варшаве затрымалі дзевяць чалавек, сярод якіх адна грамадзянка Беларусі і восем грамадзян Украіны. Пра гэта паведаміла Варміна-Мазурская памежная служба Польшчы, піша Most.
Паводле даных следства, злачынная група дзейнічала ў пяці польскіх гарадах: Варшаве, Любліне, Уроцлаве, Катавіцах і Гданьску. Яе ўдзельнікі адмывалі грошы, атрыманыя злачынным шляхам, у тым ліку ў выніку махлярства, звязанага з інвестыцыйнымі платформамі і ўкладаннямі ў крыптавалюты.
Паводле версіі следства, групай кіраваў 34‑гадовы грамадзянін Украіны. Ён размяркоўваў задачы паміж удзельнікамі, даваў указанні і прымаў ключавыя рашэнні адносна атрымання наяўных грошай і іх далейшага перамяшчэння як у Польшчы, так і за мяжой.
Для адмывання грошай выкарыстоўвалі абменныя пункты і фіктыўныя здзелкі куплі золата. Агульная сума праведзеных аперацый перавысіла 337 млн злотых.
Аперацыю правялі супрацоўнікі польскай Памежнай службы сумесна з Цэнтральным бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю і Агенцтвам унутранай бяспекі. Сярод дзевяці затрыманых — пяць мужчын і тры жанчыны з Украіны, а таксама грамадзянка Беларусі.
Праваахоўнікі правялі ператрусы ў жылых памяшканнях, офісах і абменных пунктах. Яны канфіскавалі золата і грошы на агульную суму больш за мільён злотых (больш за 230 тысяч еўра), а таксама камп’ютары і тэлефоны.
Паводле рашэння суду шасцярых затрыманых арыштавалі на тры месяцы, яшчэ аднаго чалавека — на два месяцы. У дачыненні да двух астатніх ужылі маёмаснае паручальніцтва, паліцэйскі нагляд і забарону на выезд з Польшчы.
Затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Расследаванне вядзецца пад наглядам Рэгіянальнай пракуратуры ў Лодзі.
Каментары