Грамадства1414

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Памятаеце гісторыю дзяўчынкі з Гвінеі, якая нарадзілася ў Мінску і важыла ўсяго 600 грам, а беларускія дактары яе выратавалі? Польскія актывісты сцвярджаюць, што з яе маці беларускія ўлады цяпер патрабуюць больш за 30 тысяч даляраў.

Сабіна, якую нарадзіла жанчына з Гвінеі. Тут і далей фота з ТГ-канала 3 гарадской дзіцячай бальніцы

Польскае медыя oko.press апублікавала тэкст, прысвечаны цяжкаму становішчу мігрантак у Беларусі. У ім сцвярджаецца, што беларускія бальніцы забіраюць дзяцей у маці-мігрантак з Афрыкі, калі тыя не могуць аплаціць роды ці лячэнне дзіцяці.

Галоўнай крыніцай інфармацыі для артыкула стала польская дабрачынная арганізацыя «Надзея і чалавечнасць», якая працуе з мігрантамі, якія захраслі ў Беларусі.

Гэтая арганізацыя паведамляе, што сёлета 23 красавіка завяршыла збор грошай для адзінокай маці з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і яе дзіцяці, народжанага за тыдзень да таго ў беларускай бальніцы.

Сцвярджаецца, што ў радзільні спачатку ўвогуле адмовіліся прымаць жанчыну, якая ўжо нараджала, бо ў парадзіхі не было візы. У выніку той усё ж зрабілі кесарава, а праз тры дні пасля родаў выставілі рахунак. «Надзея і чалавечнасць» агучвае суму — больш за 3000 беларускіх рублёў (у тэксце пазначана больш за 4000 злотых).

Бальніца нібыта пагражала выклікаць міліцыю, калі маці не зможа заплаціць. Актывісты ў Польшчы за суткі сабралі нават больш. «Збор быў жыццёва неабходны, бо наступным крокам магло стаць адабранне дзіцяці. Гэты спосаб прымусовага вымагання грошай за роды і знаходжанне ў бальніцы становіцца ў Беларусі ўсё больш распаўсюджаным», — піша журналіст Кшыштаф Бачак.

Ёсць у артыкуле і іншы прыклад: жанчына з Конга нарадзіла ў Беларусі ў пачатку красавіка. Там рахунак быў меншы, бо натуральныя роды каштуюць танней. «Але маці выгналі з палаты і сказалі, што пакуль не заплаціць — яе не ўпусцяць», — цытуе выданне актывістку арганізацыі Зосю Краснавольскую. Яна таксама дадала, што ў хуткім часе тату дзіцяці арыштавалі, а над усёй сям’ёй навісла пагроза дэпартацыі на радзіму.

Але ж самай драматычнай лічаць кейс дзяўчыны, гісторыя якой абляцела амаль усе беларускія СМІ. Напрыканцы лістапада 2024 года ў жанчыны з Гвінеі, якая ў той момант знаходзілася ў Мінску, пачаліся роды на 23-24 тыдні цяжарнасці. У РНПЦ «Маці і дзіця» ёй зрабілі экстраннае кесарава сячэнне, стан дзяўчынкі быў вельмі цяжкі. Важыла немаўля ўсяго 600 грам.

У сярэдзіне снежня дзяўчынка, якую назвалі Сабінай, важыла ўжо каля кілаграма. Яе перавялі ў 3-я гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу. Сёлета ў сакавіку бальніца пахвалілася ў сваім тэлеграм-канале, што дзяўчынка важыць 3300 грам і яе нарэшце змаглі перавесці з рэанімацыі ў педыятрычнае аддзяленне для нованароджаных і неданошаных дзяцей.

«Для нас гэтая гісторыя — жывы сімвал таго, што нават у самых складаных сітуацыях знойдзецца месца цуду. А цуд, як вядома, здараецца там, дзе яго паважаюць», — пісала тады бальніца.

Гэты допіс у тэлеграме быў апублікаваны 10 красавіка 2025 года. Падаецца хэпі-эндам складанай сітуацыі, але ж «Надзея і чалавечнасць» сцвярджае, што да шчаслівага завяршэння гісторыі яшчэ далёка. Арганізацыя дадае дэталяў: парадзіха мела пратэрмінаваную беларускую візу і нібыта праз гэта жанчыне, у якой пачаліся заўчасныя роды, спачатку адмаўлялі ў аказанні экстраннай медыцынскай дапамогі.

Актывісты кажуць, што пасля таго, як хваля хвалебных публікацый пракацілася па беларускім СМІ, сітуацыя маці Сабіны значна пагоршылася. Беларускія ўлады адмовілі ёй у статусе ўцякачкі, а бальніца выставіла рахунак — каля 100 тысяч рублёў.

Такіх шалёных грошай у маці-мігранткі няма, актывісты аператыўна сабраць столькі таксама не могуць. Але ж арганізацыя «Надзея і чалавечнасць» сцвярджае, што кіраўніцтва бальніцы адмаўляецца аддаваць жанчыне дачку — і нават забараніла з 24 красавіка наведваць дзяўчынку. Быццам бы галоўны доктар сказаў маці не прыходзіць у бальніцу, пакуль яна не аплаціць рахунак — а раней угаворваў адмовіцца ад дзіцяці.

Але ж ці сапраўды сітуацыя настолькі жудасная і лукашэнкаўцы пачалі браць у закладнікі немаўлят, каб выбіваць грошы?

«Наша Ніва» пагутарыла з супрацоўнікамі беларускіх радзільных дамоў. Яны пацвярджаюць, што перыядычна прымаюць роды ў мігрантак. Складанасці ўзнікаюць часцей за ўсё праз тое, што медыцынскі персанал і парадзіха не могуць знайсці агульную мову — у літаральным сэнсе.

У тое, што кагосьці падчас родаў маглі не прыняць праз пратэрмінаваную візу, суразмоўцы не вераць.

— Хутчэй за ўсё, пытанні маглі ўзнікнуць праз тое, што гаворка ішла пра 23-24 тыдзень цяжарнасці. Але ж большасць мінскіх бальніц адмовілася б прымаць і беларуску на такім тэрміне. Рэч жа не ў пашпарце, а ў тым, што на такім тэрміне дзіця — патэнцыйны смяротнік. Калі час дазваляе, то цалкам лагічна адправіць парадзіху менавіта ў «Маці і дзіця», бо там вельмі добра абсталявана дзіцячая рэанімацыя, а супрацоўнікі ўмеюць працаваць са складанымі выпадкамі, — кажа адзін з суразмоўцаў.

Гісторыю пра тое, што немаўлят могуць браць у закладнікі, каб прымусіць бацькоў аплаціць медыцынскія паслугі, называюць жудаснымі казкамі. Такому дактары шчыра абураюцца.

У польскім артыкуле «Беларусь. Бальніцы бяруць у закладнікі немаўлят: мігрантка атрымае дзіця назад, калі заплаціць за роды» адзначаецца, што з кейсам маці і дзіця з Гвінеі працуюць беларускія праваабаронцы з арганізацыі Human Constanta.

«Наша Ніва» звярнулася ў праваабарончую арганізацыю, каб высветліць падрабязнасці гэтай гісторыі. У Human Constanta пацвердзілі: яны ведаюць пра кейс Сабіны і рабілі запыты па гэтай сітуацыі.

З іх боку сітуацыя выглядае ўсё ж інакш. Эніра Браніцкая з Human Constanta пацвердзіла, што бальніца сапраўды налічыла маці Сабіны вялікую суму — па стане на 18 красавіка гаворка ішла пра 104 тысячы рублёў.

Але ж праваабаронца запэўнівае: бальніца са свайго боку ніяк не перашкаджала выпісцы дзіцяці. Тое, што дзяўчынку трымалі ў бальніцы, не звязана з доўгам. Пытанні ўзніклі ва ўпраўлення адукацыі, а таксама ў аддзела па грамадзянстве і міграцыі. Праблема была ў тым, што маці Сабіны фактычна не было куды ісці з немаўлём, якое да таго ж нарадзілася неданошаным. Пакуль у жанчыны было не вырашаным пытанне з жытлом, маленькую дзяўчынку вырашылі трымаць у бальніцы.

— У нас яшчэ не было ніводнага выпадку, каб кагосьці не выпускалі з бальніцы праз адсутнасць аплаты. Дактары добра ведаюць, што вырашэннем пытання з грошамі зоймецца міліцыя. Бо немагчыма атрымаць выязную візу з Беларусі, калі маеш нейкія запазычанасці. Маці Сабіны таксама не зможа афіцыйна пакінуць Беларусь, пакуль не выплаціць неабходную суму — гэта факт.

Каментары14

  • Нефанатка
    29.05.2025
    Мигрантов всё-таки жаль. Стали пешка и в игре Лукашенко
  • цырк на дроце
    29.05.2025
    А я скажу, а то беларусы в европе, у которых нет страховки, не собирают периодически шальные деньги на необходимые мед услуги!
  • галаперыдол
    29.05.2025
    Лукашэнка ператварыў Беларусь з нармальнай еўрапейскай краіны ў low-end афрыканскую краіну.
    Усе прызнакі ёсць - масавая міграцыя насельніцтва, адсутнасць законаў, карупцыя, чыноўнікі ў шмотках за 2-6 сярэдніх зарплат, крыпта-махлярства, прастытуцыя, гандаль людзьмі.
    Колькі яшчэ беларусы будуць гэта цярпець?

Цяпер чытаюць

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў11

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі назваў расіян «ідыётамі» за прапанову прыпыніць агонь на 2-3 дні1

«Закопваць так людзей — гэта не па-людску». Чалавек абурыўся, што на брэсцкіх могілках магілы закопваюць экскаватарам12

Стармер паведаміў пра пераход Вялікабрытаніі ў стан «баявой гатоўнасці»4

На перамовах у Стамбуле Расія захавала ранейшыя патрабаванні2

Перастала выходзіць на сувязь полацкая журналістка і каталіцкая актывістка Ціна Палынская

У Расіі Вікіпедыю абвінавацілі ў «прапагандзе педафіліі»2

У Асіповіцкім раёне прызналі «дармаедамі» людзей з псіхічнымі захворваннямі1

Фэйсбук-старонку Лявона Вольскага прызналі «экстрэмісцкай»2

$5000 за метр. У Мінску з'явіўся прэміяльны дом, які па цане пераплюне нават Depo5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў11

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць