Культура11

Чэмпіёнка «Лігі Смеху» з Беларусі — пра знаёмства з Зяленскім, вайну і калег-гумарыстаў

Шэсць гадоў таму Ірына Тамай стала адной з самых папулярных жанчын-гумарыстак Украіны. У складзе каманды «Два капітаны — 1955» яна перамагла ў шоу «Ліга Смеху» — тамтэйшым аналагу КВЗ. Аднак пасля беларуска пакінула гумарыстычную сцэну і засяродзілася на працы па спецыяльнасці і поклічы душы. «Наша Ніва» пагутарыла з суайчынніцай пра Уладзіміра Зяленскага, вайну, якую дзяўчына цалкам правяла ва Украіне, стасункі з сябрамі ў Расіі пасля 24 лютага і пра шмат што іншае.

Ірына Тамай: 9 жніўня 2020-га — сапраўдная трагедыя ды злачынства супраць чалавецтва. Фота: з асабістага архіва

«Наша Ніва»: Звычайна гісторыі беларусаў, якія апынуліся ў Кіеве, стартуюць з 2020 года. Ты жывеш ва Украіне амаль дзесяць гадоў. Што прывяло ў гэтую краіну?

Ірына Тамай: Давай пачнем з таго, што «звычайна» — не самае карэктнае слова ў запыце. Бо творчая дыяспара пачала тут фарміравацца значна раней, з канца 2000-х. Украіна з'яўлялася крыніцай натхнення для шматлікіх крэатыўных калектываў. Адсутнасць строгай унармаванасці, што душыла небанальныя задумы ў Беларусі, і хуткасць рэалізацыі задуманнага ў Кіеве давала прастору для развіцця творчага патэнцыялу. Рэалізаваць самыя смелыя ідэі, пратэставаць працаздольнасць праекта за адзін дзень, дамовіцца з людзьмі — усё рэальна, толькі працуй. Да таго ж украінцы налаўчыліся прыгожа ды хутка ўсё афармляць, ставіць на паток. Як вынік, серыялы ды шоу разыходзіліся адсюль на ўвесь СНД.

У сувязі з магчымасцямі прадакшна ды велізарнай прасторай для творчасці сюды пацягнуліся таленавітыя беларусы. Напрыклад, каманда КВЗ «ЧП» перабралася ў Кіеў амаль усім складам ды запусціла ўласны праект, тут асела групоўка «Ляпісаў». Таксама адчулі попыт на паслугі групы сцэнарыстаў — той жа «Квартал 95» для рэалізацыі сваіх задум запрасіў беларускіх хлапцоў з каманды КВЗ «Ігар». Таму ўсе, каму было цесна у айчынных абмежаваннях на эксперыменты, пры рэалізацыі патэнцыялу глядзелі на Украіну як на Галівуд.

Ірына Тамай: Хацела і хачу ўплываць на сітуацыю ў роднай краіне, дзе пражыла 26 гадоў. Фота: з асабістага архіва

Вось у той час я ў Кіеў і пераехала. Праўда, не праз працу. Майму тагачаснаму хлопцу, Андрэю Калмачэўскаму, прапанаваў супрацоўніцтва «IQ прадакшн» — праект былых аўтараў «ЧП», якія спачатку рухаліся ў творчым тандэме з Аляксандрам Цакалам, а пасля сталі дзейнічаць самастойна. Андрэй пагадзіўся. Ды і я была не супраць, бо мела яшчэ і прыватную гісторыю ў дачыненні да «рэлакацыі». Нягледзячы на тое, што 26 гадоў пражыла ў Мінску, я этнічная ўкраінка па паходжанні. Ва Украіне праводзіла ўсе вакацыі ў дзяцінстве ды адчувала сябе там максімальна арганічна. І, як след, ідэю «вяртання да каранёў» успрыняла добра.

«НН»: Наколькі разумею, гумар тады ўжо быў неад'емнай часткай твайго жыцця з-за ўдзелу ў камандзе КВЗ «Два капітаны — 1955»?

ІТ: У КВЗ як рух я прыйшла даволі позна, у 22 гады. На той момант ужо скончыла БДЭУ ды працавала па размеркаванні маркетолагам рэкламнага аддзела ў дзяржаўнай установе. Хаця падчас навучання была актывісткай на факультэце: рабіла артыкулы ў газету, вяла канцэрты, камунікавала са Славам Камісаранкам, Ванем Усовічам, Ідракам Мірзалізадэ. Плюс Андрэй, калі вучыўся, гуляў у КВЗ — і пасля выпуску працягваў рухацца ў гэтым кірунку, шукаць новыя ідэі і нешта выдумляць для сцэнічных выступаў. Вось адна з такіх ідэй мяне ў гумар і прывяла…

Андрэй прыдумаў арыгінальны канцэпт: рэтра-каманду з рэтра-краіны, што складалася б выключна з хлопца ды дзяўчыны. Запрасіў у пару знаёмую яшчэ па студэнцтве каляжанку Жэню, заявіў праект у Вышэйшую беларускую лігу ды пачаў назапашваць пад выступы матэрыял. Яны «запалілі» на фестывалі, аднак надалей не трапілі. Тым не менш іх запрасілі ў Новую мастацкую лігу — турнір статусам крышку ніжэйшым. Аднак там за колькі дзён перад чвэрцьфіналам Жэня абвясціла, што сыходзіць па асабістых прычынах.

Зразумела, Андрэй вельмі засмуціўся. Бачу гэта і кажу: «Слухай, горш ужо не будзе. Давай так: за тры дні, што засталіся, я вучу словы ды дапамагаю табе на сцэне. А пасля ўжо шукаеш сабе пастаянную акцёрку». Окей, на гэтым і пагадзіліся. Ну а падчас выступу на сцэне здарылася сапраўдная магія: гісторыя адносінаў, што мы мелі за плячыма, разуменне адно аднаго дапамаглі нам максімальна натуральна пражыць ролі. Тут і зразумелі, што нешта годнае можа атрымацца надалей, бо атрымалі сваю першую перамогу.

Далей былі выступы ў малых лігах, фестываль у Сочы, развіццё «Двух капітанаў». Пры гэтым мы абое працавалі і ўспрымалі праект больш як хобі. Напрыклад, лігу ў Роўне, дзе мы сталі віцэ-чэмпіёнамі, абралі для выступаў толькі таму, што гульні там праходзілі па выходных — і лагістыка дазваляла дабірацца ў горад танна, машынай ці аўтобусам.

Яшчэ што цікава: мы ніколі не ставілі сабе за мэту перамагчы. Так, зрабіць перформанс, каб гледачы смяяліся — абавязкова. А калі яшчэ годны бал журы паставіць, увогуле космас. Галоўнае ж — самім кайфануць хацелася ад сцэны.

Дарэчы, таму і засталася ў КВЗ, што энергія, камунікацыя з залай захоплівала. Да таго ж заўсёды хацелася праверыць сябе: а што мы яшчэ можам, а ці здолеем пераўзысці сябе ў наступнай гульні? Адно падсычала другое, і атрымліваўся «вечны рухавік», што і штурхаў у КВЗ надалей.

«НН»: Падчас трыумфальнага сезону ты мела магчымасць пазнаёміцца з Уладзімірам Зяленскім. Распавядзі пра свае ўражанні ад будучага прэзідэнта Украіны.

ІТ: Ведаю Уладзіміра Аляксандравіча як сапраўды выкшталцонага акцёра, лідара «Квартала 95» і смелага тэлевядоўцу. Менавіта ў «Лізе Смеху» ён праявіў сябе як справедлівы, добры і чалавечны лідар. Зараз у яго зусім іншая роля — і мне цяжка параўнаць праявы характару Зяленскага ў забаўляльных праектах з дыпламатычным альбо палітычным стрыжнем лідара краіны.

«Два капітаны — 1955» і Уладзімір Зяленскі. Фота: Ліга Смеху

Гляджу сёння на яго з павагай, крышку з захапленнем. І, як кожны ўкраінец, кожны вечар чакаю звароту да нацыі. Ці падтрымліваем сувязь? Ну, як ты сабе гэта ўяўляеш? Пісаць яму вечарам у месенджар: «Аляксандравіч, ты прыгажун! Давай скінемся на «Байрактары»?! (смяецца).

«НН»: Чаму ты не засталася ў гумары пасля перамогі ў «Лізе Смеху»?

ІТ: Перамога «Двух капітанаў» стала магчымай таму, што ў камандзе не было людзей без лідарскіх якасцяў. Да таго ж мы самі выступалі як аўтары, прадзюсары, рэквізітары — карацей, закрывалі ўвесь прадакшн выступу. Але пасля заканчэння праекту зразумелі, што далей лепей кожнаму з нас развіваць свае наймацнейшыя бакі. Андрэй Калмачэўскі пайшоў рабіць кар'еру ў стэндапе — і ў гэтым сезоне прабіўся ў сезон «ТНТ. Стэндап».

Наш «запрошаны акцёр» Раман — геніяльны імправізатар, і таму вельмі лагічна, что зараз працуе над Improv Live Show і праектам «Кропка збору». Гукарэжысёр каманды Паша рэалізуецца як крэатыўны прадзюсар «Новага канала».

Што да мяне… Так, выступала на сцэне, пісала жарты. Але ў той жа час вырашала пытанні прадзюсавання: шукала грошы ў спонсараў, здабывала рэквізіт, запрашала ў выступы зорных гасцей, рэгулявала лагістыку. Калі ж мы перамаглі ў шоу, зразумела: хачу і далей рабіць тое, што лепей за ўсё атрымліваецца. Таму сёння займаюся прадзюсаваннем брэндаў: збіраю і развіваю складнікі прадуктаў, каб яны рэалізавалі свой рыначны патэнцыял.

«НН»: Растлумач, як вы зараз стасуецеся з Андрэем? Бо ён вырашыў будаваць кар'еру ў Расіі, а ты засталася ва Украіне. Шмат для каго гэта немагчыма пасля 24 лютага.

ІТ: Андрэй у першыя дні вайны выразна акрэсліў сваю пазіцыю ў інстаграме, а ўлетку паўтарыў тэзісы, якія засталіся нязменнымі. Так, ён зараз па-за межамі Украіны. Так, гэта можа выглядаць неадназначна для многіх людзей. Аднак Андрэй выбраў быць з украінцамі, шчыра і наўпрост пра гэта выказаўся — і застаўся верным словам, хай сабе для захавання ўласнай кар'еры прыняў некалькі няпростых рашэнняў.

Пазіцыю разумею — магчыма, не падзяляю, але прымаю. І на мае адносіны да Андрэя гэтая сітуацыя не паўплывала. Растлумачу, чаму:

лічу, што калі-нікалі варта застацца ў краіне-агрэсары, падтрымліваць там супраціў і быць чалавекам, які выразна агучвае пазіцыю, чым збягаць ды пасля ўсім казаць: «Хто застаўся, самі вінаватыя, а я такі тут малайчынка-змагар».

«НН»: Дарэчы, пра вайну. Ведаю, з Украіны ты не з'язджала: заставалася ў Кіеве, выбіралася ў эвакуацыю ў Вінніцу… Самая страшная гісторыя з тых, што давялося перажыць?

ІТ: Першая выснова, якая можа прагучаць жудасна: прыняла за шчасце тое, што не маю дзяцей, перад якімі б несла адказнасць за бяспеку. Таму магла вырашаць сама за сябе, што рабіць, куды рухацца і як сябе паводзіць. Шмат хто з украінак пакінуў краіну якраз з-за неабходнасці клопату пра блізкіх.

Другая выснова: зразумела, што тут і зараз я патрэбна больш, чым за мяжой. За ўсе тыя гады, што працавала ва Украіне, дапамагала развіваць і маштабаваць вядомыя мясцовыя бізнэсы. Адпаведна, уласнымі ведамі магу дапамагчы мясцовым прадуктам падтрымаць эканоміку краіны. Плюс ніхто не адмяняў валанцёрскую працу, што таксама з кожным днём набліжае украінскую перамогу.

Што да гісторыі, то тут відавочна згадаю пра Вінніцу. Нездарма ж кажуць: самыя жудасныя ўспаміны з вайны — асабістыя. Выехалі туды разам з сябрамі-беларусамі ў першыя дні вайны, бо было незразумела, якім чынам складзецца сітуацыя ўнутры сталіцы. І раптам высветлілі, што гэты горад ідэальны для такога кароткатэрміновага быцця. Ваенныя дзеі абыходзілі бокам, не фіксавалася аніякіх бытавых праблем, хапала цікавых людзей для супрацы. Правяла ў Вінніцы некалькі месяцаў, пасля чаго вярнулася ў Кіеў — і літаральна праз некалькі тыдняў здарыўся той кашмарны абстрэл…

Як зараз памятаю: абвестка пра бамбардзіроўку прыйшла ў гадзіну пік. І ў мяне шок, бо ракеты пацэлілі роўна ў цэнтр горада, дзе і без таго звычайна гуртуецца шмат машын.

Лічу той учынак расіян сапраўдным актам тэрарызму. Бо нават калі б у Доме афіцэраў тым днём сабралася ўся эліта ўкраінскага войска, нельга было ставіць пад небяспеку жыцці сотняў мірных людзей. Роўна такім жа чынам успрымала дзеянні загадаў, што аддаваліся 9 жніўня 2020-га, — сапраўдная трагедыя ды злачынства супраць чалавецтва.

«НН»: Ці адчула ты, даволі знакамітая ў краіне дзяўчына, змену стаўлення да беларусаў на ўласным досведзе?

ІТ: Канешне. Аднак з-за таго, што знаходжуся ва Украіне, разумею ўсё неадназначнае стаўленне мясцовых жыхароў да сябе і сваіх суайчыннікаў. Як ні круці, але з тэрыторыі нашай краіны сюды ляцелі і ляцяць ракеты.

На вялікі жаль, украінцы не вельмі разумеюць нас, палітычную сітуацыю ў краіне. Не разумеюць, што не беларусы, а адзін канкрэтны чалавек аддаў у арэнду тэрыторыю дзяржавы і дазволіў на тамтэйшых землях рабіць жудасныя рэчы. Гэта боль, што адчуваецца амаль усімі, хто з'ехаў з радзімы сюды. Як адчуваецца і адказнасць за злачынствы гэтага асобнага чалавека.

Крыўдна, што змянілася стаўленне да беларусаў, яшчэ і таму, што многія сюды перавезлі сем'і, адкрылі бізнэс, рабілі ўсё, каб аддзячыць Украіне за прыём ды прытулак. Бо насамрэч чалавека ж характарызуе не пашпарт, а яго дзеі, яго выбар.

Свядомыя беларусы тут плацілі падаткі, развівалі праекты, інтэграваліся ў культуру ды падтрымлівалі яе. А зараз, нават калі яны выехалі за мяжу, то у той жа Польшчы збіраюць грошы дабрачыннымі канцэртамі — як, напрыклад, Антон Азізбекян ці Макс Канавал.

Ірына Тамай: Чалавека характарызуе не пашпарт, а яго дзеі, яго выбар. Фота: з асабістага архіва

Іншымі словамі, дыяспара не проста засталася вернай Украіне, але яшчэ і згуртавалася вакол яе бяды. А вось адваротнага разумення так і не адбылося. Гэта боль, бо сёння з-за гэтага людзі не могуць нармалёва працаваць, забяспечваць сям'ю, а часамі нават проста легалізавацца, бо дазволы на жыхарства беларусам не працягваюць.

«НН»: Скажы шчыра, кім ты адчуваеш сябе сёння больш — украінкай ці беларускай? І як на гэтыя адчуванні паўплывалі апошнія два гады?

ІТ: Лічу сябе ўкраінкай з Беларусі. Я не адмаўляюся ад радзімы, люблю яе — і нават пашпарт не мяняла, хаця мела магчымасць адмовіцца ад грамадзянства. Ведаеш, чаму? Бо хацела і хачу ўплываць на сітуацыю ў роднай краіне, дзе пражыла 26 гадоў. І асабліва хачу, каб вопыт, які атрымліваю ва Украіне зараз, ужо ў найбліжэйшы час магла выкарыстаць пры пабудове новай Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • нават не падумаю, каб чытаць
    01.08.2022
    а ніхто не казаў гэтым кловунам, што палітыка - гэта зусім не смешна? гінуць людзі... але што кловунам да таго...

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы думалі, Мінск — калгасны горад». Расіянка шчыра здзівілася, чаму адграбла ў тыктоку ад беларусаў23

У Брэсцкім ІЧУ здарыўся пажар, ратавальнікаў не хацелі пускаць

Блогерцы не прадалі рэчы ў Парыжы з-за беларускага пашпарта22

Генпракуратура заявіла, што ў лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 546 тысяч чалавек, што ў 2,5 разы больш, чым лічылася раней19

Галоўчанка выпусціў першую беларускую залатую манету з «беларускай сыравіны»4

У Гродне напісалі партрэт Караніка. Яго павесілі ў адной галерэі са Сталыпіным6

Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа38

Пачынае працаваць кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі па нумары тэлефона1

«Мінсктранс» адмяніў некаторыя аўтобусы Мінск — Вільня20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць