Гісторыя2727

Жарсці вакол «крыжа каралевы Сафіі» не сціхаюць. Сяргей Абламейка заступіўся, а Крыцук прааналізаваў першакрыніцы

У навуковай супольнасці жыва дыскутуюць наконт прывезенай у Капенгаген рэплікі «крыжа Сафіі Менскай». Абламейка лічыць, што беларускія гісторыкі адмаўляюць дацкія навуковыя гіпотэзы, апаненты адкрылі арыгінальны артыкул і паказалі, што там напісана насамрэч.

Створаная беларусамі рэпліка крыжа Дагмар, ці «крыжа Сафіі Менскай». Фота: maldzis.initiative

Як мы паведамлялі раней, група беларусаў вырабіла і прывезла ў Данію залатую копію Крыжа Дагмар — сярэднявечнага артэфакта, які ўдзельнікі экспедыцыі звязваюць з Сафіяй Менскай, беларускай князёўнай XII стагоддзя, якая стала каралевай Даніі. Сярод галоўных пасылаў — папулярызаваць невядомыя старонкі нашай гісторыі, паказаць, што беларускія землі ўжо ў Сярэднявеччы былі ўключаныя ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору.

Шэраг прафесійных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, у прыватнасці, Аляксандр Пашкевіч і Аляксей Ластоўскі на старонках «Нашай Нівы», скептычна ацанілі стварэнне копіі крыжа, назваўшы яго стварэннем штучнага міфа на хісткіх падставах. Але ў абарону ініцыятывы выступіў доктар гістарычных навук і журналіст радыё «Свабода» Сяргей Абламейка.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Абламейка выказаў здзіўленне рэакцыяй калег, якія паўтараюць тэзіс «не даказана», і заявіў, што версія аб прыналежнасці крыжа беларускай князёўне абапіраецца на аўтарытэтныя еўрапейскія даследаванні.

«І хто ж стварае міфы? Грамадскасць? Не. Аказваецца, гэта прафесійныя дацкія гісторыкі. У прыватнасці, дацкая медыевістка, дырэктарка Нацыянальнага музею Даніі Фрыцэ Ліндаль, якая яшчэ ў 1978 годзе высунула гіпотэзу аб тым, што крыж мог паходзіць з пашкоджанага ў XVII стагоддзі пахавання дачкі Сафіі Менскай — Рыксы», — напісаў Абламейка.

Далей ён адзначыў, што дацкая навуковая гіпотэза 50‑гадовай даўніны выглядае найбольш імавернай, паколькі незразумела, адкуль яшчэ ў пахавальні дацкіх каралёў мог з'явіцца ўсходнехрысціянскі крыж. Рэакцыю ж беларускіх даследчыкаў ён назваў «дружна-адмоўным беларускім навуковым хорам», пакпіўшы, што, відаць, беларускія гісторыкі больш кваліфікаваныя і больш прафесійныя за «нейкіх там дацкіх прафесарак».

Фота: Wikimedia Commons
Арыгінальны візантыйскі энкалпіён, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі Даніі. На адным баку адлюстраваны Укрыжаваны Хрыстос, на другім — Хрыстос Пантакратар у атачэнні Багародзіцы, Іаана Хрысціцеля, Святога Васілія і Святога Іаана Златавуста. Менавіта высвятленню гісторыі гэтага артэфакта прысвечаны дацкі артыкул 1978 года, які стаў прадметам дыскусіі беларускіх гісторыкаў. Фота: Wikimedia Commons

Што насамрэч пісала Фрыцэ Ліндаль

Абламейку і іншым абаронцам крыжа адказаў гісторык Раман Крыцук, які вырашыў звярнуцца непасрэдна да арыгінальнага артыкула Фрыцэ Ліндаль «Dagmarkorset — endnu engang» («Крыж Дагмар — яшчэ раз»), апублікаванага ў часопісе Nationalmuseets Arbejdsmark у 1978 годзе. Усе нумары выдання алічбаваныя і знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце Нацыянальнага музея Даніі.

Прааналізаваўшы тэкст, Крыцук звярнуў увагу, што Абламейка і іншыя, мабыць, сам артыкул не чыталі, а карысталіся яго скажоным пераказам.

Дацкая даследчыца не сцвярджала, што «менская гіпотэза» з'яўляецца адзінай або найбольш імавернай. У сваёй працы, заснаванай на рэнтгеналагічных даследаваннях і аналізе еўрапейскіх калекцый, Ліндаль паслядоўна разбірае дзве групы пытанняў: каму належаў крыж на момант пахавання і як візантыйскі артэфакт наогул трапіў у Данію.

Схема каралеўскіх магіл у дацкім Рынгстэдзе. Пункцірам пазначана знішчаная ў 1683 годзе мясцовым святаром магіла каралевы Рыксы Дацкай, дачкі Сафіі. Фота: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978

Што датычыцца таго, з чыёй магілы дасталі крыж у XVII стагоддзі, даследчыца разглядае дзве версіі:

  • з магілы каралевы Дагмар (Маркеты Пржэмыслаўны).
  • З пашкоджанай магілы каралевы Рыксы Дацкай, дачкі Сафіі.

Што датычыць таго, як візантыйскі энкалпіён фізічна трапіў у Скандынавію, Ліндаль прыводзіць чатыры раўнавартасныя гіпотэзы:

  1. Крыж трапіў у Данію як дыпламатычны падарунак ад візантыйскіх імператараў рускім князям, а затым перайшоў да каралевы Сафіі. 
  2. Крыж быў прамым дыпламатычным падарункам візантыйскага імператара Аляксея I Камніна дацкаму каралю Эрыку I Добраму каля 1103 года. Аналагічны факт зафіксаваны ў хроніках.
  3. Крыж быў прывезены каралевай Дагмар з Багеміі. Гэтая версія грунтуецца выключна на народнай традыцыі.
  4. Пашкоджанні артэфакта могуць сведчыць пра тое, што ён стаў ваенным трафеем падчас Чацвёртага крыжовага паходу ў 1204 годзе, калі крыжакі разрабавалі Канстанцінопаль, пасля чаго ён нейкім шляхам трапіў у Данію.

Такім чынам, версія пра сувязь рэліквіі з Беларуссю праз Сафію з'яўляецца толькі адной з некалькіх магчымых гіпотэз, якія разглядала дацкая навука паўстагоддзя таму.

Рэнтгенаграма энкалпіёна, якая дазволіла дацкім навукоўцам вывучыць унутраную структуру, схаваную залатую пласціну і характар пашкоджанняў артэфакта. Гэтае даследаванне стала асновай для навуковых гіпотэз аб тым, што крыж мог быць ваенным трафеем крыжакоў з разрабаванага Канстанцінопаля. Фота: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978 / Birthe Gottlieb

«Беларускім гісторыкам і спецыялістам па гісторыі ХІХ—ХХ стст. я б раіў перастаць разважаць на тэмы, у якіх вы не тое каб не разбіраецеся, а па якіх вы нават з першакрыніцамі не азнаёміліся», — укалоў Крыцук.

Асобным пунктам крытыкі стала безапеляцыйнае называнне каралевы Сафіі «Менскай». Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што яе паходжанне таксама з'яўляецца дыскусійным пытаннем у навуцы.

Дакладна вядома толькі маці Сафіі — Рыкса Польская, дачка польскага караля Баляслава III і швабскай княгіні Саламеі фон Берг. Версія пра тое, што бацькам Сафіі быў менскі князь Валадар Глебавіч, з'яўляецца толькі адной з гістарычных гіпотэз.

Рэканструкцыя першапачатковага выгляду візантыйскага энкалпіёна. Паводле даследаванняў, да траплення ў дацкую каралеўскую кунсткамеру крыж меў іншае мацаванне і быў упрыгожаны жэмчугам, які пазней быў страчаны. Выява: Nationalmuseets Arbejdsmark 1978 / Holger Schmidt

Існуе і іншая, не менш абгрунтаваная навуковая версія: бацькам Сафіі мог быць князь наўгародскі Уладзімір Усеваладавіч.

«Гэта аўтаматычна выключае яе як постаць аж кольвек звязаную з гісторыяй Беларусі», — адзначае Крыцук, спасылаючыся на працы Галена, Баўмгартэна, Пашуты і Катлярчука. Фрыцэ Ліндаль у сваім артыкуле 1978 года таксама ўлічвала абодва варыянты.

Чаму гісторыкі так востра рэагуюць

Спрэчка вакол артэфакта выкрыла больш глыбокую праблему: межы дапушчальнага ў публічнай гісторыі і адказнасць за стварэнне нацыянальных міфаў.

Гісторык Аляксандр Паршанкоў нагадвае, што гісторыя крыжа застаецца цьмянай, а дакладнае месца яго стварэння і імя ўладальніка не пацверджаныя.

«Мы назіраем спробу выдаць за «нацыянальную святыню беларусаў» тое, што ёй ніколі не было і не павінна быць, — піша Паршанкоў.

— Лагічны парадак дзеянняў павінен быць зусім іншым: спачатку — грунтоўнае навуковае даследаванне, потым — публікацыя вынікаў, іх адкрытае абмеркаванне ў прафесійнай супольнасці, і толькі пасля гэтага — папулярызацыя і гучныя заявы.

Фактычна, такія дзеянні зневажаюць прафесійных гісторыкаў і свядома ўводзяць у зман грамадскасць».

Яшчэ разчэй выказаўся археолаг і гісторык Мікола Плавінскі. Паводле яго слоў, падобныя міфы наносяць прамую шкоду нацыянальнай ідэнтычнасці, даючы падставы канкурэнтам і прапагандыстам ставіцца да ўсёй беларускай гісторыі як да «бздуры».

«Арганізатары падобных мерапрыемстваў спрабуюць знішчыць самыя падмуркі нацыянальнай свядомасці. І робяць гэта цалкам свядома, бо ім ужо больш за год пра гэта кажа вялікая колькасць «занудных» прафесійных гісторыкаў, — цытуе словы Плавінскага Крыцук. — Але выяўляецца яшчэ большая праблема.

У гэтых шкоднікаў ёсць досыць шырокі і маналітны фронт падтрымкі з журналістаў і інфлюенсараў, якія ўсяляк спрабуюць абяліць гэты канкрэтны і іншыя падобныя ўчынкі. Асабіста мне, каб даўно ўжо не было ўсё роўна, было б страшна».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Парада
    31.08.2026
    Хай бы гэтыя гарлапаны лепш Світоюсу за Пагоню давялі, а не займаліся гэтым псеўдааналітычным мастурбанствам.
  • 1
    31.08.2026
    Медыйная частка гэтай гісторыі, пры ўсёй крынжовасці, падобна, удалася - увагу атрымалася прыцягнуць даволі вялікую. На жаль, выбралі даволі сумнеўны аб'ект. Прывязка яго да Беларусі даволі гіпатэтычная, пераканаўчых доказаў няма. Таму казаць пра нейкую нацыянальную святыню дзіўна. Ды і неяк ганебна з такой ліпай да датчан ісці. Я б на іх месцы падумаў, што клаўнада нейкая.
  • Pish
    31.08.2026
    Respect Krycuku, ганьба Ablameike!

Цяпер чытаюць

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім14

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША ўжо плыве першы танкер з расійскім дызелем13

Украіна атакавала Гарадзец у Ніжагародскай вобласці. Там размешчаны дата-цэнтр Федэральнай падатковай службы Расіі1

Беларуска атрымала рэдкі ДНЖ у Польшчы. Яе адносіны правяралі нават у краме «Жабка»7

У Мінску адмянілі сустрэчу з лідарам духоўнага фонду, які параўноўваюць з сектай — а планавалі сабраць «Чыжоўка-Арэну»16

Рубіа нагадаў, што ва Узбекістане расійская мова не мае афіцыйнага статусу. Гэта выклікала бурную дыскусію10

Пад Ваўчанскам загінуў 40‑гадовы «Зубр» з Аршанскага раёна. Ваяваць за Расію ён пайшоў праз даўгі9

У сусветны пракат сёння выходзіць «Клара і Сонца». У галоўнай ролі — зорка «Уэнсдэй»1

У Беларусі плануюць запусціць вясковыя маршруткі па заяўках3

Гэтая кніга пра «традыцыйную жонку» стала адной з самых папулярных у 2026‑м і ўжо зацікавіла Галівуд7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім14

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць